Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найміты з Расеі, якія ваююць у Сырыі, карыстаюцца ільготамі вайскоўцаў


Грамадзяне Расеі, якія ўдзельнічаюць у прыватных ваенных кампаніях у баявых дзеяньнях у Сырыі, карыстаюцца па вяртаньні ў Расею ільготамі, якія належаць вайскоўцам. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Лекар расейскага вайсковага шпіталя на ўмовах ананімнасьці распавёў Reuters, што параненых наймітаў вывозяць з Сырыі на вайсковых самалётах, а ў Расеі лечаць у вайсковых шпіталях. Па словах лекара, у яго хірургічным аддзяленьні лячыліся шэсьць ці сем параненых у Сырыі байцоў, якія пры гэтым не былі вайскоўцамі. У Маскве і Санкт-Пецярбургу ёсьць яшчэ як мінімум два шпіталі, дзе лечаць параненых у Сырыі наймітаў, заявіў ён.

Па дадзеных агенцтва, расейскія найміты прыбываюць у Сырыю на расейскіх вайсковых самалётах і караблях на расейскія базы. Іх дзеяньні цесна каардынуюцца з афіцыйнымі расейскімі ўзброенымі сіламі.

Reuters таксама паведаміла аб узнагароджаньні ордэнам Мужнасьці пасьмяротна Максіма Калганава і Сяргея Марозава, якія ваявалі ў Сырыі ў складзе прыватнай ваеннай кампаніі і загінулі ў лютым-сакавіку 2016 году. Пасьведчаньні да ордэнаў былі падпісаны прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным.

Максім Калганаў і Сяргей Марозаў, як піша Reuters, ваявалі ў Сырыі ў складзе так званай «групы Вагнэра» - прыватнай ваеннай кампаніі, арганізаванай чалавекам з пазыўным Вагнэр. Да гэтага яны пад яго кіраўніцтвам удзельнічалі ў баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны на баку сэпаратыстаў.

Як піша Reuters, Сяргей Марозаў быў памочнікам дэпутата Дзярждумы ад ЛДПР Міхаіла Дзегцярова (дэпутат пацьвердзіў агенцтву гэтую інфармацыю). Па словах аднаго загінулага, удзельніка баявых дзеяньняў ва Ўкраіне з пазыўным Капа, пасьля вяртаньня з Данбасу ён заняўся палітыкай, але быў расчараваны і вырашыў адправіцца з «групай Вагнэра» у Сырыю. У красавіку 2016 году аб гібелі ў Сырыі казака, якога называлі Сяргей Марозаў, распавёў атаман Таманскага аддзелу Кубанскага казацкага войска Іван Бязуглы. Па словах Бязуглага, Марозаў быў «добраахвотнікам па кантракце».

XS
SM
MD
LG