Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея ўсімі сіламі будзе старацца ўцягнуць Беларусь у супрацьстаяньне з НАТО»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Каліноўскі.

Каліноўскі: Шаноўныя калегі, спачатку цытата: «На заходніх межах... актыўна нарошчваюць свой наступальны патэнцыял, адкрываючы новыя базы і разьвіваючы вайсковую інфраструктуру. Не спыняюцца спробы навязваць сваю волю іншым краінам з дапамогай эканамічнага і палітычнага дыктату, а таксама вайсковай сілы. Вядзецца адкрытая інфармацыйная вайна. Міжнародныя мэханізмы, закліканыя вырашаць крызысныя сытуацыі, прабуксоўваюць».

Пагадзіцеся, гэтая цытата цалкам апісвае расейскую палітыку і практыку, яе агрэсіўныя паводзіны ва Ўкраіне, Сырыі, дэстабілізацыю па ўсім сьвеце.

Аднак належаць гэтыя словы расейскаму міністру абароны Сяргею Шайгу і абвінавачвае ён ва ўсім гэтым не сябе, а ЗША і іншыя краіны НАТО.

Гэта яшчэ адно сьведчаньне таго асаблівага сьвету, які стварылі ў сваіх галовах Пуцін і іншыя расейскія кіраўнікі, апраўдваючы свае агрэсіўныя паводзіны

На гэта можна было б адказаць расейскай прымаўкай — «з хворай галавы на здаровую». Гэта яшчэ адно сьведчаньне таго асаблівага сьвету, які стварылі ў сваіх галовах Пуцін і іншыя расейскія кіраўнікі, апраўдваючы свае агрэсіўныя паводзіны, анэксію Крыму, акупацыю часткі Данбасу, розныя гандлёвыя войны, блякаваньне працы Рады Бясьпекі ААН і г.д.

Але асаблівасьць яшчэ і ў тым, што сказаў гэта Сяргей Шайгу ўчора ў Менску на сумеснай калегіі міністэрстваў абароны так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, пры гэтым Шайгу пагражаў рабіць захады ў адказ абарончага характару, у тым ліку на «заходнім стратэгічным напрамку», у тым ліку анансаваў сумесныя вайсковыя вучэньні ў Беларусі пад назвай «Захад-2017».

Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў дыпляматычна заявіў пра «поўнае паразуменьне, супадзеньне пазыцыяў і адзінства думак па ўсіх пытаньнях, якія абмяркоўваліся» з расейскім бокам.

Расея актыўна хоча ўцягнуць Беларусь у сваё супрацьстаяньне з Украінай і з Захадам, з НАТО. Беларусь гэтымі днямі ўжо ўдзельнічае ў вайсковых вучэньнях Расеі і Сэрбіі пад назвай «Славянскае братэрства», у Беларусь вучыцца і вучыць беларускіх дэсантнікаў прыяжджаюць дэсантнікі, якія бралі ўдзел у анэксіі Крыму і акупацыі Данбасу. Расея была амаль што вырашыла за Беларусь пытаньне разьмяшчэньня ў Бабруйску яе авіябазы. Афіцыйнаму Менску з цяжкасьцю ўдалося адбіцца ад гэтай авіябазы.

І вось зноў прылятае ў Менск міністар Шайгу і зноў кажа пра супольных ворагаў гэтай саюзнай дзяржавы на Захадзе. Афіцыйнаму Менску, які толькі пачаў наладжваць кантакты з Захадам, гэта зусім ня трэба і апошнім часам ён ветліва адбіваецца ад такой навязьлівасьці. Але расейцы маюць козыры ў выглядзе таннай нафты і газу, розных малочных і мясных войнаў.

Тут можна пэўна сказаць, што ўсімі сіламі будзе старацца Расея ўцягнуць Беларусь у супрацьстаянне з НАТО.

Можна прыгадаць часы СССР, калі Ўсходння Эўропа супрацьстаяла блёку НАТО, але гэтая Варшаўская дамова, як і Савет эканамічнай узаемадапамогі, хутка развалілася, як толькі ў СССР скончыліся грошы, і былыя сацлягернікі паўступалі ў НАТО і ЭЗ. Тое ж самае цяпер — Расея прагне скалаціць нейкія копіі гэтых структураў, але час ужо сышоў, грошай для супрацьстаяньня з НАТО мала, бо ўцягваюць жа ў такое супрацьстаяньне краіны не задарма.

Аляксандар Лукашэнка ня раз казаў, што Расея павінна, калі хоча поўнай палітычнай падтрымкі Беларусі, узяць яе на эканамічны буксір, бо Беларусь можа трапіць пад вельмі жорсткія санкцыі, як было ў выпадку ціску Расеі на прызнаньне Менскам незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэціі. Гэта не па кішэні аказалася Расеі нават у самыя тлустыя гады, што ўжо казаць пра сёньня, калі нават сярод набліжаных да расейскіх уладаў структур пачынаюцца разборкі з-за браку грошай.

Але цяпер пакуль што ў іх менавіта такая палітыка пошуку ворагаў на Захадзе. Ці ўдасца Крамлю даціснуць Менск, каб далучыць да новай халоднай вайны з Захадам? Вашае меркаваньне, калегі?

Гурневіч: Беларусь ужо ўцягнутая ў такое супрацьстаяньне. Паміж Менскам і Масквой падпісаныя дамовы аб супрацы ў вайсковай галіне. У Беларусі ёсьць расейскія ваенныя абʼекты і расейскія вайскоўцы. У Беларусі няма мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй. Беларускае і расейскае войскі часта праводзяць сумесныя вучэньні. На ўзроўні заяваў Лукашэнка ня раз ужо пацьвярджаў ляяльнасьць да Расеі. Усё гэта сьведчыць аб тым, што Беларусь ужо ўцягнутая ў такое супрацьстаяньне. Яго пакуль асабліва нельга намацаць, бо няма адкрытага канфлікту паміж НАТО і Расеяй, апрача пагрозаў.

Але ёсьць вельмі трывожныя сыгналы з Расеі. Адбываецца сурʼёзная мілітарызацыя гэтай краіны. Сродкі зь бюджэту на ўзбраеньне ідуць фантастычныя. Зьвярніце ўвагу, як узбройваюць да зубоў Крым. Калі ўсё гэта перамяшаць з ашалелай рыторыкай у расейскіх СМІ і з вуснаў тамтэйшых палітыкаў, то сытуацыя выглядае ня вельмі цікава.

Беларусы па сваёй сутнасьці пацыфісты. Паміраць за Маскву мала каму хочацца. Але мы кажам пра рашэньне ўлады. А яна, мне падаецца, у сытуацыі такога гіпатэтычнага канфлікту ня будзе на баку НАТО

Беларусы па сваёй сутнасьці пацыфісты. Паміраць за Маскву мала каму хочацца. Але мы кажам пра рашэньне ўлады. А яна, мне падаецца, у сытуацыі такога гіпатэтычнага канфлікту ня будзе на баку НАТО. Для сёньняшняга кіраўніцтва Беларусі ў НАТО атабарыліся ворагі. Гэты заходні сьвет для іх чужы і нават ненавісны. І ня толькі для афіцыйнага Менску. Нашае грамадзтва шмат гадоў старанна апрацоўваюць. Маўляў, піндосы, гейропа, канец заходняй цывілізацыі. А колькі розных жартаў з НАТО. І жаўнеры там не сурʼёзныя, ім ёгурты трэба і чыстыя шкарпэткі, а мы, маўляў, у бой і голымі пойдзем.

Таму вернікам трэба маліцца, а атэістам трымаць кулакі за тое, каб такога канфлікту не было. Бо нашай краіне, традыцыйна, давядзецца заплаціць адну з найвышэйшых цэнаў у такім канфлікце.

Глод: Супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Расеяй у вайсковай сфэры вельмі эфэктыўнае, што і Аляксандар Лукашэнка, і Ўладзімер Пуцін называлі менавіта яго прыкладам для іншых галін так званай Саюзнай дзяржавы. Згадаю верасьнёўскае інтэрвію беларускага кіраўніка ТАСС, дзе ён казаў, што беларуская армія заклікана абараняць ня толькі сваю тэрыторыю, але і суседнюю Расею пры пагрозе з заходняга напрамку. Тады ж беларускі лідэр сказаў, што колькасьць беларускай арміі паступова скарачаецца да 55 тысяч чалавек. Аднак, як ён адзначыў, па вэрсіі НАТО, яна лічыцца самай сучаснай на постсавецкай прасторы. Лукашэнка дадаў, што аснову сумеснай вайсковай СПА Беларусі і Расеі складаюць менавіта беларускія вайскоўцы: «Мы са сваёй арміяй ня зможам супрацьстаяць сучасным пагрозам без Расеі. У той жа час Расея без Беларусі, бяз нашай ролі ў абароне, не абыдзецца на заходнім напрамку».

Беларуская пазыцыя на сёньняшні момант стала стрыманай і рацыянальнай. Узмацненьне ваеннай прысутнасьці НАТО каля нашых межаў, па словах міністра замежных спраў Уладзімера Макея, не разглядаецца як непасрэдная пагроза

Вайсковая сфэра сапраўды самая прасунутая ў адносінах Крамля і Чырвонага дому. Магчыма, у Беларусі мы з гэтым звыкліся і не заўжды ўсё заўважаем. Але вайсковыя сувязі Масквы і Менску выглядаюць сапраўды пагрозьлівымі для нашых суседзяў. Тут я магу спаслацца на літоўскага вайсковага экспэрта Аляксандраса Матоніса, які адзначае, што расейскія вайсковыя манэўры ўключалі ўдзел і беларускай арміі. Так, падчас манэўраў «Прарыў» распрацоўваўся сцэнар дэблякаваньня Калінінградзкай вобласьці праз Сувалкскі калідор, то бок распрацоўваліся варыянты дзеяньняў з боку як беларускай тэрыторыі, так і Калінінградзкай вобласьці Расеі.

Аднак апошнім часам сытуацыя зьмяняецца, пра што ўжо казаў Валер Каліноўскі. Беларуская пазыцыя на сёньняшні момант стала стрыманай і рацыянальнай. Узмацненьне ваеннай прысутнасьці НАТО каля нашых межаў, па словах міністра замежных спраў Уладзімера Макея, не разглядаецца як непасрэдная пагроза. Пра гэта ён казаў у Варшаве. Але адмовіцца ад мітычнай пагрозы з боку НАТО наагул ён ня мог. Таму і замест пагрозы зьявілася слова «выклік». А паміж двума паняцьцямі існуе істотная розьніца. І гэта, можна казаць, прынцыпова новыя паводзіны беларускага кіраўніцтва.

Тут беларускае кіраўніцтва трапляе ў сытуацыю, калі вельмі цяжка адначасова сядзець на двух крэслах і быць добрым для адных, і другіх. Зразумела, што зараз Лукашэнку абсалютна не з рукі падыгрываць імпэрскім амбіцыям Крамля. Але ж з другога боку, ёсьць саюзьніцкія абавязацельствы.

Але тут можа знайсьціся нечаканы выхад. З 2017 году Беларусь старшынюе ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Лукашэнка ўжо заявіў, што гэтую арганізацыю трэба істотна мадэрнізаваць. І ведаючы, вялікія здольнасьці беларускага кіраўніка сыйсьці з праблемы, я ня выключаю, што ён прыкладзе масу намаганьняў, каб перавесьці канфлікт Расея — НАТО, на ровень АДКБ — НАТО. А тут яму будзе прасьцей ухіліцца ад саюзьніцкіх перад Крамлём абавязкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG