Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падштурхнуць Беларусь да рэформаў здольны хіба што поўны каляпс яе эканомікі»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Каліноўскі.

Глод: Сёньня і заўтра ў Менску адбываецца чацьвёрты Кастрычніцкі эканамічны форум. Сёлета тэма для дыскусіяў — «Рэформы для інклюзіўнага росту». Магчыма, ня кожны, хто зараз нас слухае, ведае, што такое «інклюзіўны». У нашым кантэксьце інклюзіўны рост — гэта рост, які закранае ўсе слаі насельніцтва, а ня толькі багатую яго вярхушку. Карацей, размова ідзе пра тыя рэформы, якія спрыяюць падвышэньню дабрабыту ўсіх.

Арганізатары Кастрычніцкага форуму заяўляюць, што эканоміка Беларусі мае патрэбу ў рэформах. Бязь іх у краіну ня прыйдуць сурʼёзныя інвэстыцыі — ні зьнешнія, ні ўнутраныя. Без рэформаў эканоміка пагрузьне ў стагнацыі, таму што прынцыпы «ручнога кіраваньня» страцілі сваю эфэктыўнасьць. У канчатковым выніку адсутнасьць рэформаў нясе пагрозу чалавечаму патэнцыялу — найважнейшаму фактару ўстойлівага разьвіцьця краіны.

На форуме выступяць больш за 30 прафэсіяналаў — вядомых замежных эканамістаў, прадстаўнікоў міжнародных фінансавых арганізацыяў, беларускіх чыноўнікаў, адказных за распрацоўку і правядзеньне рэформаў, а таксама беларускай акадэмічнай супольнасьці і бізнэсу. У дыскусіі возьмуць удзел намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў, першы намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі, амбасадар Беларусі ў Кітаі, а раней памочнік Лукашэнкі Кірыл Руды.

Тэмы для абмеркаваньня — пэрспэктывы разьвіцьця эканомік краін рэгіёну і Беларусі; рэформа сэктару дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі; наступствы рэформы сэктару дзяржаўных прадпрыемстваў для беларускага рынку працы і захады па іх пераадоленьні; наступствы рэформы сэктару дзяржаўных прадпрыемстваў для беларускага фінансавага рынку.

сытуацыю ў Беларусі экспэрты ацэньваюць без асаблівага аптымізму. Гэта зафіксавана і ў іх прагнозах. Так, у цэлым па рэгіёне прагназуемы рост Валавога Ўнутранага Прадукту дасягне 1,3% сёлета і 2,1% у наступным годзе

Так супала, што ўчора Міжнародны валютны фонд надрукаваў справаздачу па пытаньнях рэгіянальнай эканомікі. Яна закранае Цэнтральную, Усходняю і Паўднёва-Ўсходняю Эўропу. Экспэрты канстатуюць, што цыклічнае аднаўленьне набліжаецца да завяршэньня ў бальшыні краін гэтага рэгіёну. Калі падсумаваць коратка высновы спэцыялістаў, то яны адзначаюць эканамічны рост за межамі СНД. А вось сытуацыю ў Беларусі экспэрты ацэньваюць без асаблівага аптымізму. Гэта зафіксавана і ў іх прагнозах. Так, у цэлым па рэгіёне прагназуемы рост Валавога Ўнутранага Прадукту дасягне 1,3% сёлета і 2,1% у наступным годзе. Для Беларусі прагноз куды горшы — мінус 3% сёлета і мінус 0,5% у наступным годзе.

Як бачыце, калегі, прагноз зусім не суцяшальны. Незалежныя эканамісты гавораць, што ўрэшце рэшт беларуская эканоміка дайшла да пэўнай мяжы. Сярод стратных амаль усе былыя флягманы: машынабудаваньне, станкабудаваньне, трактарабудаваньне і гэтак далей. Гэта ўсё баляст эканомікі. Краіна фактычна выжывае толькі таму, што перакрывае гэтыя страты за кошт перапрацоўкі сырой нафты і продажу калійных угнаеньняў.

Нават ва ўладных структурах апошнім часам можна пачуць, што тая мадэль разьвіцьця, якая базавалася на замежных крэдытах і іх праяданьні, павінна быць скончаная. Патрэбны пераход на сапраўдную рынкавую эканоміку. А для гэтага неабходны рэформы.

Аднак Аляксандар Лукашэнка фактычна забараніў казаць пра правядзеньне рэформаў. Таму маё пытаньне да вас, калегі: як вы думаеце, ці пагаршэньне сытуацыі нарэшце прымусіць і яго пагадзіцца на рэфармаваньне эканомікі?

Гурневіч: Штогод у Беларусі адбываецца па некалькі прадстаўнічых сустрэч экспэртаў, дзе гаворыцца пра важнасьць рэформаў. Больш за тое, з высокіх трыбун такія словы часта кажуць чыноўнікі. Але ўжо шмат гадоў за гэтымі словамі не ідуць ніякія практычныя крокі.

Усё, што ўлада да гэтай пары называе рэформамі, насамрэч імі не было. Павышэньне пэнсійнага ўзросту, насуперак таму, што кажуць улады, гэта ніякая не рэформа. Дэнамінацыя — таксама не рэформа. Улады сапраўдных рэформаў баяцца, бо ў кароткатэрміновай пэрспэктыве іх наступствам стане зьмяншэньне папулярнасьці ўлады. Рэформы заўсёды зьвязаныя з пэўным крызысным пэрыядам пакуль зьмены не пачнуць працаваць на эканоміку. А ў беларускай эканамічнай сыстэме, дзе дзяржава зьяўляецца манапалістам практычна ўсяго, гэтыя наступствы будуць яшчэ больш драматычнымі.

Пагаманіць пра рэформы стала для ўладай сьвятой справай. Узгадайце колькі шумных заяваў рабіў былы дарадца Лукашэнкі Кірыл Руды. Гэта ж не старшыня райвыканкама. А які эфэкт ад ягоных словаў?

Пагаманіць пра рэформы стала для ўладай сьвятой справай. Узгадайце колькі шумных заяваў рабіў былы дарадца Лукашэнкі Кірыл Руды. Гэта ж не старшыня райвыканкама. А які эфэкт ад ягоных словаў? Ніякі. Гаварыць — не мяшкі варочаць, як кажа адна прымаўка. Але ня хочацца крытыкаваць арганізатараў форуму. Бо каб рэформы некалі пачаліся, патрэбна для гэтага падрыхтаваць глебу, гэтая тэма павінна быць прадметам дыскусіі. Рэформам замінае адсутнасьць палітычнага рашэньня, а форум можа быць карысны чыноўнікам і экспэртам лепш падрыхтавацца да гэтага пытаньня ў выпадку прыняцьця рашэньня пра рэформы. А на гэта можа паўплываць не форум, а ціск сытуацыі, дно ў эканоміцы, крыж на неэфэктыўнасьці сыстэмы. Альбо ціск Міжнароднага валютнага фонду, які ўмовай выдзяленьня крэдыту Беларусі называе правядзеньне рэформаў. Вось гэта можа стаць штуршком, а не Кастрычніцкі эканамічны форум. А сустрэча гэта ў ідэале павінна была б шырока асьвятляцца ў СМІ, каб як мага больш беларусаў пачулі аргумэнты на карысьць рэформаў і пра тое, што чакае краіну, калі ўлады адмовяцца іх праводзіць.

Каліноўскі: Сапраўды, традыцыйны Кастрычніцкі эканамічны форум у Менску зноў будзе абмяркоўваць патрэбу рэформаў у Беларусі, і як бы Лукашэнка не казаў свайму электарату, што нічога мяняць ня хоча, мяняць даводзіцца, той жа пэнсійны ўзрост падвысілі, тарыфы на ЖКГ, мяняюцца ўмовы для рэгістрацыі фірм. Гэта так бы мовіць касмэтычныя зьмены. Карэнных рэформаў няма.

А трэба прызнаць, што эканамічная палітыка Лукашэнкі, заснаваная на паразітаваньні на расейскіх танных сыравінных рэсурсах і расейскім жа рынку для збыту беларускай прадукцыі, сябе вычарпала. Ня будзе для Беларусі таннай сыравіны, нафты і газу, пра што кажуць вынікі нафтагазавай вайны, не сьціхаюць таксама гандлёвыя войны, вось у Расеі зноў выказалі прэтэнзіі да беларускага малака. Скарачаецца расейскі рынак для беларускіх тавараў.

Эканамічныя рэформы Беларусі патрэбныя, каб разьняволіць эканоміку, прыцягнуць інвэстыцыі, перайсьці на сучасны вытворчы ўзровень, ажывіць гандаль. І пра гэта зноў будуць гаварыць на Кастрычніцкім форуме цягам двух дзён эканамісты з розных краін, у тым ліку высокапастаўленыя чыноўнікі з ураду і Мінэканомікі Беларусі.

Але агулам мяркую, што падштурхнуць Беларусь да рэформаў, здаецца, зможа толькі поўны каляпс яе эканомікі, а ніяк не Кастрычніцкі форум

Але агулам мяркую, што падштурхнуць Беларусь да рэформаў, здаецца, зможа толькі поўны каляпс яе эканомікі, а ніяк не Кастрычніцкі форум. Такі форум праводзіцца ўжо чацьвёрты ці пяты раз, там прыкладна адны і тыя ж удзельнікі і тэмы для дыскусіі — усе размаўляюць пра насьпеласьць і неабходнасць эканамічных рэформ, прыватызацыі, пра стагнацыю дзяржаўнага сэктару эканомікі, але ўлады традыцыйна ня чуюць удзельнікаў форуму. За дастаткова сьмелы выступ на гэтым форуме Лукашэнка неяк нават крытыкаваў тагачаснага кіраўніка апарату Саўміна, а сёньня першага намесьніка міністра эканомікі Аляксандра Забароўскага, выступ якога зноў анансаваны на Кастрычніцкім форуме.

Тут трэба разумець, што ня толькі Лукашэнка, але і шматлікія іншыя чыноўнікі і нават дзяржаўныя эканамісты выступаюць супраць рэформаў, а супрацьстаіць ім невялікая купка ўладных рэфарматараў, якія як раз і ўдзельнічаюць у форуме і якіх заўсёды адсоўваюць ад прыняцьця рэальных рашэньняў у краіне. Добра, што форум дае магчымасьць выказаць альтэрнатыўны пункт погляду на эканамічную палітыку, але на гэтым яго значэньне і сканчваецца.

XS
SM
MD
LG