Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская амбіцыя, карупцыя і мітатворчасьць


Вокладка альбому «Мітатворчасьць» Кацярыны Ваданосавай

Вокладка альбому «Мітатворчасьць» Кацярыны Ваданосавай

Добры вечар! Як паведамляе наша кіеўская карэспандэнтка, у расьсьледаваньні забойства журналіста Паўла Шарамета ўжо прынята 97 судовых рашэньняў, але ніякай істотнай інфармацыі аб посьпехах сьледчых няма. Ад сьмерці журналіста мінула ўжо тры з паловай месяцы. Нагадаем, што сьледзтва ў справе забойства журналіста Георгія Гангадзе выйшла на сьлед выканаўцаў толькі праз 10 гадоў пасьля самога злачынства.

НЯМА ЭКАНАМІЧНЫХ РЭФОРМАЎ, АЛЕ ЁСЬЦЬ ФОРУМЫ. «Перад намі стаіць амбітная мэта дапамагчы Беларусі ў правядзеньні рэформаў. Мы павінны садзейнічаць трансфармацыі беларускай эканомікі» – сказала кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын падчас гэтак званага Кастрычніцкага эканамічнага форуму ў Менску. Гэта ўжо чацьвёрты такі форум, які ставіць такую амбітную (і пакуль недасяжную) мэту.

ЯКІ ФУТБОЛ, ТАКАЯ І КАРУПЦЫЯ? Судзяць былога дырэктара дэпартамэнту судзейства і інспэктаваньня Беларускай фэдэрацыі футболу Андрэя Жукава. Паводле сьледзтва, ён атрымліваў па 100-200 даляраў хабару за прызначэньне «правільных» судзьдзяў на гульні Першай лігі, Вышэйшай лігі і Кубку Беларусі. Жукаву пагражае ад трох да пяці гадоў абмежаваньня волі або да сямі гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

МУЗЫЧНАЯ МІТАТВОРЧАСЬЦЬ. Маладая музыка Кацярына Ваданосава выдала на Soundcloud альбом «Мітатворчасьць». «Я расказала гісторыю, якую сама хацела б пачуць; я стварыла ўласную міталёгію, што арганічна ўпісваецца ў сьветаўспрыманьне беларусаў і, як ні дзіўна, здольная гарманічна існаваць у нашай паўсядзённай рэчаіснасьці» – сказала Кацярына.

ЯК НЕ ПАДДАЦЦА СТАРАСЬЦІ? «Праўшам трэба імкнуцца рабіць справы левай рукой, некаторыя побытавыя справы рабіць з заплюшчанымі вачыма, і проста імкнуцца штодзень запамінаць нешта новае» – раяць спэцыялісты ў сфэры геранталёгіі Андрэй Ільніцкі і Кірыл Прашчаеў у нашай новай рубрыцы «На здароўе!».

АМЭРЫКАНСКІЯ БЕЛАРУСЫ ПРА ДОНАЛЬДА ТРАМПА І ГІЛАРЫ КЛІНТАН. У нашым відэаматэрыяле маладыя беларускія эмігранты ў ЗША выказваюць сваё стаўленьне да кандыдата ў прэзыдэнты ад рэспубліканцаў і кандыдаткі ад дэмакратаў.

Падпісацца праз электронную пошту.

XS
SM
MD
LG