Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сатырычную карцінку з «Пушкіным» і «Цесаком» расейцу далі год калёніі


Фрагмэнт партрэту Аляксандра Пушкіна аўтарства Яўгенія Усьцінава

Дваццацігадовага жыхара маскоўскай акругі Зяленаград Яўгенія Корта прызналі вінаватым паводле крымінальнага артыкулу за распальваньне нянавісьці альбо варожасьці з-за публікацыі на яго старонцы «Вконтакте» сатырычнай карцінкі.

Зяленаградзкі раённы суд прысудзіў яго да году пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні, перадае расейскі тэлеканал «Дождь».

На карцінцы чалавек, падобны да расейскага нэанацыста Максіма Марцінкевіча па мянушцы Цясак, нападае на іншага чалавека, падобнага да знакамітага расейскага паэта Аляксандра Пушкіна, і зьневажае таго. Карцінку найхутчэй можна інтэрпрэтаваць, як іронію з расейскіх нацыстаў, якія не прызналі б Пушкіна за расейца празь ягоныя афрыканскія карані.

Паводле вэрсіі сьледзтва, апублікаваны малюнак «прыніжае групу асоб па прынцыпах нацыянальнасьці». У абвінаваўчым заключэньні гаворыцца, што на малюнку намаляваная «канфліктная сытуацыя» паміж людзьмі, падобнымі на Марцінкевіча і Пушкіна. Згодна з праведзенай у рамках расьсьледаваньня экспертызай, малюнак зьмяшчае «сукупнасьць псыхалягічных і лінгвістычных прыкмет прыніжэньня нярускіх».

Сам асуджаны казаў, што не публікаваў малюнак, а выпадкова захаваў яго ў альбоме на сваёй старонцы.

XS
SM
MD
LG