Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крамлёўскі вірус: Як Расея ўплывае на іншыя краіны


Ці можна скрасьці цэлую краіну, ці нават групу краін? Цалкам, калі ўмела апрацаваць тамтэйшую грамадзкую думку, падкупіць або запалохаць вядучых палітыкаў, ператварыць буйных бізнэсмэнаў у агентаў уплыву чужой дзяржавы, выкарыстоўваючы пры гэтым цэлую шкалу інструмэнтаў — ад банальнай карупцыі да тонкага піяру.

Пытаньне аб тым, з дапамогай якіх «траянскіх коней» Крэмль спрабуе «скрасьці» некаторыя краіны Ўсходняй Эўропы, некалькі гадоў вывучалі экспэрты амэрыканскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў у супрацоўніцтве з калегамі з Цэнтру па вывучэньні дэмакратыі (Сафія). Іх высновы ўвайшлі ў нядаўна апублікаванае дасьледаваньне пад назвай The Kremlin Playbook («Крамлёўскі сцэнар» ці «Крамлёўскі плян»). Гаворка ідзе пра, магчыма, найбольш поўны аналіз цяперашняй стратэгіі Масквы ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне ў апошнія гады.

У Баўгарыі расейскі падрадчык цяпер замарожанага праекту будаўніцтва новага рэактара атамнай электрастанцыі «Белене» павысіў цану з 4 да 6,3 мільярда эўра — пад сумнеўнай падставай росту выдаткаў, выкліканага інфляцыяй. Зьявіліся дадзеныя аб тым, што Расея фінансава «ўзнагароджвае» [зьвязаныя з праектам] дружалюбныя мясцовыя структуры.

У Сэрбіі Расея, паводле наяўных дадзеных, абапіралася на Душана Баятовіча, члена парламэнту і намесьніка старшыні прарасейскай Сэрбскай сацыялістычнай партыі, дырэктара кампаніі «Србиягаз», у якасьці гаранта пагадненьня аб рэалізацыі праекту «Паўднёвы паток».

Атамны праект «Пакш-2» у Вугоршчыне ацэньваецца ў велізарную суму 12,5 мільярдаў эўра, што адпавядае 12% гадавога ВУП Вугоршчыны. Ён практычна цалкам фінансуецца за кошт нададзеага Расеяй крэдыту з фіксаванай працэнтнай стаўкай. Няясна, якім чынам расейскі бок атрымаў гэты кантракт. Зьдзелка заключалася ў абстаноўцы поўнай сакрэтнасьці. Парлямэнт Вугоршчыны ўхваліў закон, які перакладае большую частку інфармацыі аб «Пакш-2» у рэжым прыватнасьці на тэрмін да 30 гадоў.

У Латвіі ў красавіку 2015 года сем’і двух буйных мясцовых бізнэсменаў, Андрыса Шкеле і Айнарса Шлесэрса (адпаведна экс-прэм’ер і былы міністар транспарту), аказаліся датычныя да стратэгічнай зьдзелкі, забясьпечыўшы даччынаму прадпрыемству RZD Logistics, кампаніі, якая ўваходзіць у холдынг «Расейскія чыгункі» (у той момант яе ўзначальваў Уладзімір Якунін), 50% акцый Ліепайскай нафтатранспартнай кампаніі.

Абапіраючыся на падобныя прыклады, аўтары The Kremlin Playbook прыходзяць да высновы аб тым, што Масква рэалізуе на ўсходзе Эўропы стратэгію, якую экспэрты апісваюць як «заганнае кола». Агульная схема — хоць у розных краінах яна выглядае неаднолькава — прыкладна такая: «Расейскі ўплыў паступова ахоплівае стратэгічныя сэктары эканомікі (энэргетычны, фінансавы, мэдыя-рынак, інфраструктуру)... Тыя інстытуты, якія закліканы змагацца з карупцыяй і манапалізмам, аказваюцца скампрамэтаванымі і няздольнымі дзейнічаць. Узьнікае „інфікаваная“ дэмакратыя, што дазваляе Крамлю пашыраць палітычны ўплыў. У выпадку, калі „інфікаваная“ дэмакратыя спрабуе супраціўляцца, урад краіны прыводзіцца да падзеньня за кошт дэманстрацыі публіцы шматлікага карупцыйнага кампрамату. Для Крамля такая сытуацыя можа быць часовым палітычным паразай, але яна валодае і перавагай: давер грамадзтва да інстытутаў дэмакратыі і палітычных партый мэйнстрыму размываецца».

Якая канчатковая мэта ўсіх гэтых маніпуляцый? На думку аўтараў дакладу, расейскія ўлады імкнуцца «прапанаваць сваю альтэрнатыўную нелібэральную мадэль˜ „кіраванай“ дэмакратыі..., падарваць стабільнасьць НАТО і Эўразьвязу. Як толькі гэтая мэта будзе дасягнута, можна будзе перайсьці да выбудоўваньня новай архітэктуры бясьпекі ў Эўропе».

Цалкам матэрыял Яраслава Шымава чытаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG