Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б у Беларусі адбыўся ленінапад, то беларусы праз 5 хвілін забыліся б пра гэтых ленінаў»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Гурневіч: Да гадавіны кастрычніцкай рэвалюцыі — каля МТЗ паставяць помнік Леніну. З просьбай да кіраўніцтва заводу нібыта зьвярнуліся вэтэраны і камуністы. Раней помнік знаходзіўся ва ўнутраным двары завода, яго рэстаўруюць і вось 7-га лістапада павінныя ўсталяваць у сквэры побач з МТЗ, там, дзе ён стаяў у савецкія гады.

Натуральна, кіраўніцтва заводу спасылаецца на жаданьне рабочых, было праведзенае нават нейкае ўнутранае галасаваньне, вынікі яго не называюцца. Я паглядзеў, праўда, на сайце ўнутранага выданьня МТЗ «Беларусь МТЗ обозрение», там ёсьць здымкі гэтых людзей, якія нібыта прасілі, і гэта канешне людзі пачынаючы ад сярэдняга ўзросту і старэйшыя. Ёсьць, праўда, два маладыя хлопцы, якія сказалі: «Наш завод імя Леніна. Помнік выклікае толькі станоўчыя эмоцыі, і няхай стаіць тут яшчэ шмат гадоў». Хоць па здымку я сумняваюся, што яны скажуць, хто гэта такі. На жаль, гэта вынік невуцтва. Не скажу канкрэтна пра гэтых хлопцаў, але мы слаба ведаем нашу гісторыю. Таму и атрымліваюцца такія казусы — што да гэтай пары яшчэ стаяць помнікі Леніну, не толькі каля МТЗ — помнік Леніну стаіць і на амаль галоўнай плошчы краіны. У свой час не быў праведзены татальны ленінапад, як гэта было ва Украіне — а толькі такім чынам, я лічу, можна зьмяніць сытуацыю. Калі расьцягваць гэта на 25 гадоў, абвяшчаць нейкую праграму, што народ яшчэ не гатовы, як любіць кіраўніцтва краіны казаць, то гэта ніколі не зьнікне. Дастаткова было б проста прачытаць, чым гэтыя людзі былі «заслужаныя», каб валасы дыбарам усталі, чаму мы яшчэ ходзім па гэтых вуліцах. У Менску кожная трэцяя вуліца названая ў гонар нейкіх катаў альбо людзей, якія заўсёды адкрыта выказваліся супраць беларускай незалежнасьці, той жа самы Мясьнікоў, чыйго імя вуліца знаходзіцца ў цэнтры Менску.

людзі мала разумеюць значэньне гэтых датаў і гістарычных фактаў. Гэта ў пэўным сэньсе стакгольмскі сындром, альбо посткаляніяльны.

Чаму гэта не выклікае агіду ў людзей? Праз невуцтва. Людзі не ведаюць такіх фактаў, таму што ўсе савецкія гады кармілі інфармацыяй нібыта пра тое, што гэта нейкія героі Беларусі, якія змагаліся з панамі, з буржуазіяй, за народнае шчасьце. І людзі сёньня такім жа патасам і адказваюць. Гэта пацьвярджае той тэзіс, што людзі мала разумеюць значэньне гэтых датаў і гістарычных фактаў. Гэта ў пэўным сэньсе стакгольмскі сындром, альбо посткаляніяльны. У нас жа афіцыйна ўсё пачалося з 1917-га году, і вось 7 лістапада, думаю, будзе чарговая заява Аляксандра Лукашэнкі, дзе мы пачуем пра значэньне гэтай рэвалюцыі, хоць у іншых заявах ён і ягоныя людзі кажуць пра тое, што рэвалюцыя гэта страшна, кажучы, напрыклад, пра ўкраінскую рэвалюцыю. Але чамусьці вось гэтая, кастрычніцкая, нармальная. Большасьці ўвогуле «па барабане», альбо «да лямпачкі», гэтыя камуністычныя назвы. Яны не задумваюцца над такім пытаньнем, што таксама кепска. Бо знаходзячыся ў публічнай прасторы людзі асвойваюцца з гэтымі назвамі, у нейкім сэнсе яны свае. Але я перакананы, што калі іх не стане, зўтра-пасьлязаўтра, ніхто не будзе выходзіць масава ў абарону гэтых помнікаў і назваў вуліц. Наш народ такі, што ён забудзецца пра гэта праз 5 хвілін ці дзён. І будзе жыць на новых. Калі яму патлумачыць, што гэта не наша гісторыя — ён тое самае будзе казаць ужо пра сапраўдную гісторыю, што яе трэба шанаваць.

Цыганкоў: У значнай ступені гэта безумоўна фарміруецца запытамі дзяржавы. Пры тым, што мы жывем у інфармацыйную эру, для большасьці сьветапогляд і нават падыход да гістарычных падзей фарміруецца ў сувязі з тым, як гэта прадстаўлена ў ідэалёгіі дзяржавы і стаўленьнем уладаў.

У Беларусі савецкая спадчына намнога больш трывалая — гэта паказваюць усе сацыялягічныя апытаньні. Адпаведна можна назваць такое стаўленьне большасьці беларусаў — ад нэўтральнага да нэўтральна-пазытыўнаг

Пагаджуся зь Дзьмітрыем, што калі здымуць усіх Ленінаў, акрамя актывістаў камуністычнай партыі, і тое апазыцыйнай, бо праўладная камуністычная партыя ніколі не будзе пратэставаць супраць таго, што робіць улада, ніхто не выйдзе на пратэст. Быцьцё вызначае сьвядомасьць, і гэта ня тое, што для большасьці людзей зьяўляецца прынцыповым і лёсавызначальным. Ну стаіць дык стаіць, не будзе стаяць дык не будзе. Але чаму гэта не выклікае агіды — гэта зьвязана і з беларускім нацыянальным характарам, даволі спакойным да такіх нематэрыяльных рэчаў, і са стаўленьнем да таго, што дзяржава гэта падтрымлівае. Мы — адна зь нямногіх краінаў, дзе 7-га лістапада зьяўляецца дзяржаўным сьвятам. Засталіся вуліцы, помнікі, у падручніках па гісторыі захоўваецца ў цэлым станоўчае стаўленьне як да Кастрычніцкага перавароту, які называюць рэвалюцыяй, гэтак і да савецкага пэрыяду ў гісторыі. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова падкрэсьліваў пераемнасьць цяперашняй Беларусі ад савецкай. Ленін і Сталін — гэта сымбалі нашага народу, сказаў калісьці Лукашэнка. Гэта дастаткова красамоўна адлюстроўвае ягонае стаўленьне да гэтай тэмы.

Нават ва Ўкраіне, дзе ўлада пэрыядычна мяняецца, але стаўленьне да савецкіх каштоўнасьцяў зусім іншае, толькі літаральна год таму разьвіталіся зь Ленінам. Толькі ў гэтым годзе былі зьнесеныя апошнія помнікі Леніну, а ўсе гэтыя 20 гадоў у грамадзтве была вострая дыскусія на гэты конт.

У Беларусі савецкая спадчына намнога больш трывалая — гэта паказваюць усе сацыялягічныя апытаньні. Адпаведна можна назваць такое стаўленьне большасьці беларусаў — ад нэўтральнага да нэўтральна-пазытыўнага.

Глод: Мне, як чалавеку, які пражыў шмат гадоў у СССР, адказаць на Вашае пытаньне, Дзьмітрый, проста: таму, што Беларусь дагэтуль застаецца ў значнай ступені савецкай краінай. Як нехта трапна сказаў: «Вера беларусаў — савецкая, бог беларускі — Ленін».

І сапраўды ленініяна сем дзесяцігодзьдзяў была абавязковым атрыбутам камуністычнай ідэалёгіі. Некаторыя лічаць, што яна зьнікла як зьява ў выніку распаду СССР. Аднак не паўсюдна. У Беларусі яна застаецца, і на вуліцах, і ў музэях, а самае галоўнае — у галовах значнай колькасьці насельніцтва. І чым бліжэй да 2017 году — стагодзьдзя з дня так званай Вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі, тым больш чуваць пра тое, як добра жылося пры савецкай уладзе простым людзям. Маўляў, пра іх увесь час клапацілася савецкая ўлада. А цяпер такога няма. Нават нягледзячы на ўсе заявы Лукашэнкі, што цяперашняя Беларусь будуе сацыяльную дзяржаву. Так што карані шчымлівай настальгіі па «савецкай утопіі» застаюцца.

Беларусь дагэтуль застаецца ў значнай ступені савецкай краінай. Як нехта трапна сказаў: «Вера беларусаў — савецкая, бог беларускі — Ленін».

Мы дагэтуль жывём у савецкім антуражы. Мабыць, толькі цяпер гэта крыху больш завуалявана. Людзі па-ранейшаму размаўляюць на руска-савецкай мове. Пасяджэньні і нарады нагадваюць савецкія часы. Карацей, усё гэта ня толькі перайшло ў спадчыну, яно шануецца і набывае новыя формы. Найперш у выглядзе Усебеларускіх народных сходаў, якія праходзяць у поўнай адпаведнасьці з колішнімі зьездамі КПСС. Усё «аднагалосна» і пад «бурныя аплядысмэнты». А гэта азначае, што сучасны беларускі мэханізм працуе, як савецкі партыйны мэханізм. Вось такая ў нас спадчына.

Памятаеце, калегі, знакамітую фразу Лукашэнкі «беларусы — рускія са знакам якасьці». Найперш таму, што расейцы здрадзілі вялікаму савецкаму праекту, падпалі пад уладу прагных і бессардэчных алігархаў. А Беларусь захавала сьветлыя савецкія ідэалы.

Гэта асабліва выразна бачна, на нацыянальных сымбалях. Уведзены Лукашэнкам чырвона-зялёны сьцяг у маральна-псыхалягічным пляне дагэтуль трымае Беларусь у Савецкім Саюзе. А бел-чырвона-белы сьцяг, герб «Пагоня» — гэта сымбаль самастойнай незалежнай Беларусі. Той сувэрэннай Беларусі, якая непатрэбная Маскве.

Цыганкоў: Сьцяг і герб — гэта сымбалі не толькі незалежнасьці, а менавіта сымбаль усяго, што стаіць за гэтым сьцягам. Калі людзі глядзяць на Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг, яны успрымаюць Беларусь як пераемніцу вялікай гісторыі, ад Полацкага княства, ад ВКЛ да Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. А калі глядзяць на сучасны, то успрымаецца толькі адна асацыяцыя — з савецкім мінулым. І гэта ўзьдзейнічае на падсьвядомасьць кожны дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG