Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Змаганьне зь імпартам прывядзе да пагаршэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Глод: Аляксандар Лукашэнка сваім указам працягнуў адтэрміноўку выліку падатку на даданую вартасьць на імпартныя тавары на 2017 год. Гэтую меру ўводзілі толькі на сёлетні год і назвалі яе часовай. Тады адтэрміноўка складала 90 дзён. Гэта значыць, прымаць увазны падатак да выліку можна было толькі праз тры месяцы пасьля яго выплаты. У істоце прадпрыемствы і бізнэсоўцы цягам 90 дзён крэдытавалі беларускі бюджэт.

Год таму, калі ўсё гэта пачыналася, многія экспэрты ацанілі захады ўлады як нетарыфнае абмежаваньне імпарту. Усе разумелі, што пасьля гэтага імпарт проста падаражае. Бо як можна паступаць інакш, калі 20% ад мытнага кошту тавару на тры месяцы фактычна замарожваліся ў бюджэце. Уявіце сабе: вы ўвозіце ў Беларусь тавару на мільён даляраў, пятая частка зь якіх застаецца ў бюджэце на цэлы квартал.

Аднак экспэрты заяўляюць, што гэтае паслабленьне для імпартэраў не мяняе дзяржаўную палітыку ў корані. То бок ідэя барацьбы з імпартам, адцягненьня грошай субʼектаў гаспадараньня захавалася яшчэ на год

Зразумела, што такія захады не маглі не хваляваць і прадпрыемствы, і бізнэсоўцаў. Яны зьвярталіся ва ўрад, тлумачылі, што гэта не спрыяе справе. Ва ўрадзе нібыта ўсё разумелі. Але ж хто адмовіцца ад магчымасьці цэлы квартал за дзякуй карыстацца чужымі грашыма?! Спрэчкі скончыліся тым, што часовыя захады працягнулі і на 2017 год. Такім чынам пацьвердзілася вядомая ісьціна — «Няма нічога больш пастаяннага за часовую меру». Адзіная палёгка ў тым, што час выліку ўвазнога падатку ў наступным годзе скароцяць з 90 да 60 дзён.

Аднак экспэрты заяўляюць, што гэтае паслабленьне для імпартэраў не мяняе дзяржаўную палітыку ў корані. То бок ідэя барацьбы з імпартам, адцягненьня грошай субʼектаў гаспадараньня захавалася яшчэ на год. Агульная сытуацыя мне зразумелая. Беларусь сёлета мае вялікі дэфіцыт свайго зьнешнегандлёвага балянсу. То бок мы прадаём іншым краінам меней тавараў, чым купляем там. Каб выйсьці на прафіцыт, то бок болей прадаваць чым купляць, ёсьць два асноўныя шляхі. Першы — наладзіць вытворчасьць якасных і танных тавараў, каб іх ахвотна куплялі замежнікі. Другі — скараціць закупы тавараў за мяжой. Пасьля працягненьня часу дзеяньня прэзыдэнцкага ўказу становіцца зразумелым, што ўлады абралі больш просты, другі варыянт.

Канечне, пры гэтым гучаць ужо добра вядомыя словы пра імпартазамяшчэньне, пра тое, што беларусы здольныя самі вырабляць рэчы сусьветнага роўню. Але ж гэтыя словы не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Летам 2014 году Міхаіл Мясьніковіч, які тады яшчэ быў прэм’ерам, заявіў, што імпартных тавараў павінна быць на беларускім рынку ня больш за 15 працэнтаў. І яго папярэднікі па кіраўніцтву ўрадам змагаліся зь імпартам. Аднак досыць беспасьпяхова. Некаторыя эканамісты, напрыклад, той жа Барыс Жаліба называюць гэта барацьбой зь ветракамі, лічаць гэту ідэю абсурднай і шкоднай для эканомікі. Хоць палітыка тут зразумелая — адміністратыўным шляхам вырашыць валютны дэфіцыт і за кошт скарачэньня імпарту збалянсаваць плацёжны і гандлёвы балянс.

А як вы лічыце, калегі, ці будзе нейкая карысьць ад працягненьня абмежаваньня на ўвоз імпарту ў Беларусь у наступным годзе?

Гурневіч: Калі б нашыя прадпрыемствы выраблялі сваю прадукцыю паводле найлепшых сусьветных узораў, то не было б прычыны змагацца з імпартам. Замежнае выклікае страх у дзяржавы па простай прычыне — прадукцыя там часта таньнейшая і лепшай якасьці.

Я часта перакрочваю польска-беларускую мяжу і бачу, што вязуць людзі. Гэта ня толькі тэлевізары, пральныя машыны і душавыя кабіны, гэта нават самая звычайная туалетная папера. Я нават аднойчы спытаўся, а чаму столькі паперы, няўжо ў Беларусі няма паперы? Мне адказалі: такой мяккай і каляровай няма. Калі б гэтая папера прадавалася ў беларускіх крамах за такі самы кошт, то каму б прыйшло ў галаву везьці яе зь Беластоку?

Канкураваць з заходнім імпартам мы ня зможам яшчэ вельмі доўга. Нашая эканоміка малаінавацыйная. Нашыя прадпрыемствы не інвэстуюць грошы ў дасьледаваньні

На жаль вельмі часта нашая прадукцыя саступае замежнай. Тут ёсьць абʼектыўныя фактары. Процьма гэтай прадукцыі, нібыта, з Францыі ці Нямеччыны, вырабленая ў Кітаі ці іншых краінах з таннай рабочай сілай. Нават калі б мы ўсталі на галаву, то таньней у нас вырабіць не атрымаецца. Усё гэта залівае наш рынак і ў выніку сваё ляжыць на паліцах. І гэта пры тым, што ў нас вялікая частка вытворчасьці датуецца дзяржавай. Раней, прынамсі, заўсёды можна было спадзявацца на Расею. Сёньня і ў расейцаў няма грошай. Таму трэба абараняць свой рынак такімі мэтадамі. Гэта прасьцей, чым павышаць якасьць уласнай. Зачыніць мяжу і абмежаваць выбар спажыўца — купляйце сваё. Канешне, нешта здабыць такімі мэтадамі можна. Але паралельна разьвіваецца чорны рынак. І я тут не кажу пра жанчын і мужчын, якія абвешваюцца сасіскамі ў цягніку Цярэспаль-Берасьце. Я маю на ўвазе значна буйнейшых гульцоў. Час ад часу мы чуем пра гучныя затрыманьні тавараў на мяжы.

Канкураваць з заходнім імпартам мы ня зможам яшчэ вельмі доўга. Нашая эканоміка малаінавацыйная. Нашыя прадпрыемствы не інвэстуюць грошы ў дасьледаваньні. Наша адміністратыўная сыстэма празьмерна бюракратычная і разбуханая. У выніку мы маем сытуацыю, што стол з фабрыкі «Пінскдрэў» каштуе ў разы даражэй, чым у Ікеі.

Цыганкоў: Імпарт — гэта неад’емная частка сёньняшняй адкрытай эканомікі. Многія эканамісты перакананыя, што спробы змаганьня з імпартам якраз вядуць да пагаршэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва. Паколькі дзяржава абкладае імпартныя тавары пратэкцыянісцкімі захадамі, абараняе сваё, імпартныя тавары становяцца даражэйшымі, і насельніцтва вымушанае купляць альбо даражэйшае імпартнае, альбо якое ёсьць сваё.

Трэба разумець, што міжнародная сыстэма падзелу працы прадугледжвае, што ніводная краіна не вырабляе ўсё, што трэба яе грамадзянам. Таму ў Беларусі трэба сьмела выбіраць свае моцныя бакі, сканцэнтравацца на іх, вырабляць тое, дзе ёсьць традыцыі, добрыя тэхналёгіі, якасьць, і не спрабаваць вырабляць усё без выключэньня. Толькі Паўночная Карэя спрабуе абысьціся зусім без імпарту. Цяпершні курс беларускага рубля на карысьць імпартэрам, бо ён дастаткова стабільны, вось ужо амаль год. Мы ведаем, што паслабленьне рубля звычайна ідзе на карысьць экспартэрам, бо беларуская прадукцыя прадаецца таньней, а ўмацаваньне — імпартэрам. Таму мы і бачым, што ўрад пачынае такімі адміністратыўнымі сродкамі змагацца з імпартам, бо ён становіцца больш выгодным.

Беларусь — адна зь нямногіх краін у сьвеце і адзіная ў нашым рэгіёне, якая дасюль не ўступіла ў СГА. Што яшчэ раз пацьвярджае жаданьне беларускага ўраду праводзіць і далей гэтую неэфэктыўную «абаронім сваё», пратэкцыянісцкую палітыку

Нават ЗША, вялікая тэхналягічна разьвітая краіна, якая б магла ўсё вырабляць, што ёй патрэбна, мае велічэзны імпарт. Канешне, у Амэрыцы пра гэта ідзе дыскусія, і падчас выбарчай кампаніі яна выражаецца, у свой час было вельмі папулярным відэа адной амэрыканкі, якая спрабавала знайсьці нешта амэрыканскае ў мясцовых амэрыканскіх крамах. Усё, што яна знаходзіла, было кітайскім. І амэрыканцы асабліва з гэтай нагоды ня плачуць — ну калі кітайцы могуць таньней гэта вырабіць, то трэба закупляць кітайскае. А нешта складанейшае, кампутарныя сыстэмы, авіяносцы, вырабляе сама Амэрыка. І Беларусі трэба з гэтым зьмірыцца. Але ўрад праводзіць пратэкцыянісцкую палітыку і яна вядзе да таго, што кожны беларускі тавар атрымліваецца даражэйшым за імпартны, бо ў яго ўкладзены ўвесь беларускі сацыялізм — усе сацыяльныя гарантыі дзяржавы, чыстыя дарогі, вялікія траты бюджэту, лядовыя палацы. І беларусы езьдзяць па туалетную паперу ў Польшчу.

Беларусь — адна зь нямногіх краін у сьвеце і адзіная ў нашым рэгіёне, якая дасюль не ўступіла ў СГА. Што яшчэ раз пацьвярджае жаданьне беларускага ўраду праводзіць і далей гэтую неэфэктыўную «абаронім сваё», пратэкцыянісцкую палітыку.

XS
SM
MD
LG