Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўраопт» у Горадні: размаўляем з вамі на адной мове


У краме «Эўраопт» на вуліцы Дубко ў Горадні

У краме «Эўраопт» на вуліцы Дубко ў Горадні

Рэпартаж з гарадзенскай крамы «Эўраопт», якая з моманту адкрыцьця ў чэрвені гэтага году абслугоўвае пакупнікоў на беларускай мове.

Як ні ў адной з гарадзенскіх крамаў, у гіпэрмаркеце «Эўраопт» на вуліцы Дубко большасьць рэклямных надпісаў беларускамоўныя, драбнейшым шрыфтам — на расейскай і ангельскай мовах.

Крама ў Горадні пачала працаваць у сярэдзіне чэрвеня, і ад пачатку яе існаваньня ўладальнікі заявілі, што абслугоўваньне пэрсаналам будзе весьціся на беларускай мове. Карэспандэнт Свабоды вырашыў спраўдзіць, ці захоўваюцца абяцаньні, дадзеныя амаль паўгода таму.

Адразу заўважаецца, што надпісы на паказальніках застаюцца на беларускай мове, побач драбнейшым шрыфтам — па-расейску і па-ангельску. Перад кожнай разьліковай касай надпіс па-беларуску: «Размаўляем з вамі на адной мове».

Стаю ў чарзе і чую, як маладая касірка гаворыць: «Вазьміце, калі ласка, рэшту. Дзякую...». Ад касы побач таксама даносіцца беларуская мова.

Дзьве маладыя дзяўчыны разьлічыліся і таксама падзякавалі прадавачцы па-беларуску. Цікаўлюся, ці заўсёды яны гавораць на роднай мове? Старэйшая, Аксана, адказвае:

— На жаль, не заўсёды, але тут маем такую прыемнасьць. Паколькі да нас зьвяртаюцца па-беларуску, і мы імкнёмся гаварыць на роднай мове. Ды і на працы ў нас часта цяпер даводзіцца чуць беларускую мову, бо пасажыры гавораць па-беларуску. Зрэшты, так і павінна быць, гэта добра, мы ж жывём у Беларусі!

Другая дзяўчына, Сьвятлана, кажа, што заўсёды прыемна чуць беларускую мову, і асабліва ў звычайнай краме, калі проста прыходзіш набываць харчы.

— Добра, што такая крама ёсьць у нас, хоць не забудзем сваёй роднай мовы. Трэба, каб увогуле так паўсюль размаўлялі. Мне гэта вельмі даспадобы, неяк нават па-іншаму сябе адчуваеш.

Маладая касірка на пытаньне, як ёй працуецца па-беларуску, спачатку бянтэжыцца, але ўсё ж адказвае:

— Ну мы ж жывём у Беларусі і павінны гаварыць на сваёй мове. Ды і зь людзьмі ніякай праблемы няма, многім падабаецца, часта нават людзі дзякуюць за мову — мне ад гэтага толькі прыемна.

Дзяўчына просіць прабачэньня і кажа, што ў яе да касы ўжо сабралася чарга і размаўляць болей яна ня можа.

А вось спадар Сяргей, які пачуў нашу размову, кажа, што знарок ходзіць цяпер толькі ў гэтую краму, бо болей нідзе так не абслугоўваюць.

— Я, па праўдзе, зьдзіўлены тым, што маладыя дзяўчаты так добра гавораць па-беларуску. Праўда, там, на залі, ня ўсе прадавачкі гавораць, а на касах то заўсёды чую нашу мову. Ведаеце, калі зойдзеш часам зранку набыць цыгарэты, то потым настрой прыўзьняты на цэлы дзень.

Спадар Валеры і ягоная жонка Кацярына таксама часта бываюць у гэтай краме. Валеры кажа, што яму таксама прыемна, што абслугоўваюць па-беларуску.

— Я, вядома, паўсюль не размаўляю на беларускай мове, хоць, у прынцыпе, магу гэта рабіць. А тут дзяўчаты гавораць, то я ўжо прызвычаіўся і таксама ім адказваю па-беларуску. Нават словы, якія, здавалася, ужо забыў, калі чую мову, то прыгадваю, і самому хочацца гаварыць. Каб так было ва ўсіх нашых крамах, установах, на працы, то свабодна б усе загаварылі па-беларуску, няма ніякіх праблемаў.

А вось старэйшая жанчына адыходзіць ад касы: ці добра, што ў краме абслугоўваюць па-беларуску, ці ўсё яна разумее?

— Вой, ды што вы, як гэта, каб я не разумела сваю мову? Я вырасла ў вёсцы і, пакуль не прыехала ў горад, увесь час жыла побач з нашай мовай. І добра, што маладыя людзі да яе вяртаюцца. Было б яшчэ лепей, каб цэны на харчы былі таньнейшыя...

У інфармацыйным цэнтры малады хлопец таксама даволі гучна абслугоўвае кліентаў па-беларуску. Нават калі людзі задаюць яму пытаньні па-расейску, усё роўна ніхто не зьдзіўляецца, што ён адказвае па-беларуску. Але ці падабаецца яму гаварыць так?

— Так, мне падабаецца, і людзям таксама падабаецца, часта за гэта даводзіцца чуць ад іх прыемныя словы. І ніякіх праблемаў з гэтым ніколі ў мяне не было. Усё добра і будзе добра, нават няма чаго сумнявацца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG