Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы любяць сьмерць


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Калега спытаўся: чаму беларусы сьмерць любяць больш за жыцьцё?

А што такое жыцьцё? Гэты сьвет? Ён розны. Адзін сьвет быў «пры сталіншчыне», іншы «пры сацыялізме», цалкам іншы ён сёньня. Настолькі розны, што шмат хто проста ня змог адарваць сябе ад «свайго сьвету», каб перайсьці ў наступны. Сьвятлана Алексіевіч апісвае выпадкі самагубства звычайных савецкіх людзей, якія раптам апынуліся ў абсалютна незразумелым для сябе свеце, проста не змаглі ў ім жыць.

Той сьвет — сьмерць — заўсёды аднолькавы. Заўсёды зразумелы. Вось ты тут і вось цябе няма.

Мне запомніўся эпізод пра азэрбайджанскага мастака-дысыдэнта, які хавае ў сябе на паддашку армянскую дзяўчыну падчас разьні армян у Баку. Дысыдэнт кажа: «Усё жыццё я змагаўся з камуністамі. А цяпер у мяне сумневы: няхай бы намі кіравалі гэтыя старыя муміі, чаплялі адзін аднаму чарговыя Зоркі Герояў, а мы не ездзілі б за мяжу, не чыталі забароненыя кнігі і не елі піцу — ежу багоў. Але тая маленькая дзяўчынка… яна засталася б жывая, ніхто б яе не падстрэліў… Як птушачку… І ты не сядзела б на паддашку, як мыш…».

Там выразалі армянскую сям’ю, а маленькая дзяўчынка скочыла з вакна на дрэва. Было цёмна і пагромнікам давялося доўга страляць, усё не маглі ў яе патрапіць.

У новай кнізе Зьмітра Бартосіка, што выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды», падобных эпізодаў шмат — праз усё беларускае ХХ стагодзьдзе. Забойствы, рабункі, рабункі, забойствы — найчасьцей, як той казаў, без асаблівых прычын. І заўсёды застаецца адкрытым пытаньне — як такое магчымае? У гэтым сьвеце, які называецца жыцьцё?

А ён розны, гэты сьвет. Больш свой для маладзейшых і больш чужы для старэйшых. За што яго любіць? Любіць можна сваю краіну, прыроду, культуру, мову. А жыцьцё — яно не стамляецца зьдзіўляць нас бязьмежнасьцю чалавечага бясчынства. Мы чытаем пра мінулае, і з апаскай глядзім у будучыню. Мы не давяраем жыцьцю так, як давяраем сьмерці.

З мноства гісторый у кнізе Зьмітра Бартосіка просіцца выснова — усё ХХ стагодзьдзе ў Беларусі — гэта адна няспынная грамадзянская вайна, калі баяліся ня столькі прышлых узброеных людзей, а найперш сваіх, аднавяскоўцаў, суседзяў. Так было ў рэвалюцыю, у калектывізацыю, у Другую сусьветную і пасьля яе. Часам грамадзянская вайна хавалася за «мірнае неба над галавой», але была, заставалася, нікуды не зьнікала. Ці зьнікла яна сёньня?

Таму самае галоўнае тут — давер. Мы ідзем на Дзяды на могілкі, бо не чакаем ад мёртвых нічога з таго, чаго можам дачакацца ад жывых.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG