Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надурылі з «Deep Purple»


Юрка Цароў быў у нашай клясе самым «багатым», ён меў сапраўдны «Machine Head». Усімі любімы альбом «Deep Purple» 1972 году Юрка прывёз з Вугоршчыны, дзе бацька служыў у «Паўднёвай групе войскаў».

Гісторыя вялікай вінілавай кружэлкі вартая была апавяданьня. Цярпліва адкладаючы кішанковыя, Юрка аднойчы зразумеў, што яму хопіць форынтаў, каб набыць дарагі альбом «Deep Purple». Савецкі школьнік накіраваўся ў вугорскае мястэчка і ў музычнай крамцы паказаў пальцам на вельмі вабную вокладку: пад вялікімі літарамі назвы нібы расплываюцца, цякуць твары музыкантаў.

Юрка ва ўзьнёслым настроі сьпяшаўся дахаты, каб пакласьці каштоўную кружэлку на чорны гумавы блін прайгравальніка. А затым — іголка плаўна апускаецца ў канаўку, каб трапіць на пачатак неверагоднай музыкі!

Мы шчыра спачувалі яму, калі ён даходзіў у аповедзе да гэтага месца. Замест «Deep Purple» у распакаванай паперы ляжала нешта іншае. Які падман! Які ўдар! Што рабіць? Вяртацца? Патрабаваць? Калі мовы нават ня ведаеш... Давялося крыўду трымаць у сабе, нічога ня зробіш. Нехта на ім зарабіў, «Machine Head» каштаваў даражэй за мясцовую музыку.

Падобным ашуканствам займаліся савецкія «фарцоўшчыкі». Кантрабандны «Deep Purple» ці нешта іншае прадавалі з-пад крыса. На вуліцы, у падворку. Па-хуткаму. Можна прачытаць сёньня не адну гісторыю, як за сорак рублёў (месячная стыпэндыя) падсоўвалі савецкія песьні.

Што да Юркі, ён зрабіў прагматычна: назьбіраў зноў на «Machine Head».

З такімі высілкамі здабыты альбом важыў у нашых вачах удвая больш. Але Юрка быў таварыскім чалавекам, ня скнарыстым. «Machine Head» пабываў у руках кожнага з нас, кожны дома змог атрымаць асалоду перш за ўсё, канечне, ад «Smoke on the Water». Яе маглі слухаць запар па некалькі разоў. Ясна, што школьны гурт таксама вельмі стараўся расьцягнуць у часе шлягер на пацеху публікі.


У пазьнейшыя часы маскоўская фірма «Мелодия» выпусьціла найлепшыя альбомы року, што раней былі недаступныя ў СССР. Мне найбольш хацелася менавіта «Machine Head». Але ён мне так і ня трапіўся. Усім хацелася яго слухаць.

Нейк у Варшаве ў вялікай кніжнай краме, дзе люблю бываць, мне трапіўся гэты альбом, таксама вінілавы, але зроблены ў зьменшаным фармаце — звонку такім, як раней выпускалі «сінглы», «сакарапяткі». «Smoke on the Water» таксама выходзіў некалі асобна. Купляць я ня стаў. У прайгравальніку некалі перагарэла дробная лямпачка. Мне сказалі — такія выкарыстоўваюцца ў «Жыгулях», так што шукаць бяз сэнсу, усё жыгулёўскае было дэфіцытам.

Калі шчыра: мне ня менш падабаліся таксама іншыя песьні знакамітага альбому. Перш за ўсё «Highway Star», якой ён распачынаецца, і якая музычна зроблена багата, разнастайна. Але калі сёньня зазіраю на YouTube, дык бачу: «Дым над вадою» — 45 мільёнаў праслухоўваньняў! А «Highway Star» толькі чатыры з паловай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG