Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі зьбіраюць подпісы за расьсьледаваньне катаваньняў асуджанага за масавыя акцыі


Ільдар Дадзін у паліцэйскім аўтазаку пасьля аднаго з затрыманьняў у 2014 годзе.

Ільдар Дадзін у паліцэйскім аўтазаку пасьля аднаго з затрыманьняў у 2014 годзе.

У сацсетках пачаўся збор подпісаў за тэрміновае расьсьледаваньне катаваньняў Ільдара Дадзіна ў турме. Сярод патрабаваньняў — адстаўка начальніка калёніі ВК-7 горада Сегежы Сяргея Касіева на час расьсьледаваньня абставінаў зьбіцьця Дадзіна.

Аўтары пэтыцыі патрабуюць захаваць у якасьці рэчыўных доказаў ўсе відэазапісы ў гэтай калёніі. Гэта неабходна, каб выключыць магчымасьць выдаленьня відэазапісаў падазраванымі ў катаваньнях, лічаць ініцыятары пэтыцыі.

Таксама прапануецца накіраваць місію журналістаў з «Новай газэты», «Радыё Свабода», «Граниру.орг», «Каспараў.орг», «Медуза», «Медиазона», The Insider, The New Times, mustoi.ru, іншых.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, каля будынка УФСВП у Маскве ў аўторак увечары сабраліся каля 30 чалавек з патрабаваньнем адправіць у адстаўку начальніка калёніі, у якой зьмяшчаецца Ільдар Дадзін. Жонка актывіста Анастасія Зотава паведаміла, што баіцца за жыцьцё мужа. Яна зьвярнулася ў пракуратуру і да ўпаўнаважанага па правах чалавека Тацяны Маскальковай. Зотава мае намер дамагацца пераводу мужа ў іншую папраўчую ўстанову.

— Учора да Ільдара ў калёнію езьдзіў адвакат з Масквы Аляксей Ліпцэр, — распавяла Анастасія Зотава Радыё Свабода. — Ільдар сказаў, што на яго аказваецца ціск, аж да прамых пагроз забойствам. Як я зразумела са словаў адваката, 10 верасьня Ільдара даставілі ў калёнію ВК-7 і адразу ж адправілі ў штрафны ізалятар. Гэта, наколькі я разумею, распаўсюджаны мэтад, калі ўсіх ізноў прыбылых пад рознымі падставамі адпраўляюць у ШІЗА проста «для парадку», каб яны зразумелі, куды патрапілі. Але з Ільдарам адбылася яшчэ такая сытуацыя: у яго забралі ўсе асабістыя рэчы, у тым ліку нават туалетную паперу, і гэта можна назваць зьдзекам у прамым сэнсе слова. Ільдар абвясьціў галадоўку, паколькі яго без усялякіх прычын адправілі ў штрафны ізалятар, яшчэ забралі ўсе рэчы і проста стварылі невыносныя ўмовы. На наступны дзень, са слоў Ільдара, да яго прыйшоў начальнік калёніі Сяргей Касіеў разам зь іншымі супрацоўнікамі, і яны пачалі яго зьбіваць. У гэты дзень зьбівалі некалькі разоў, рабілі гэта адначасова 10-12 чалавек. На наступны дзень яму спачатку скавалі кайданкамі рукі і падвесілі так, што ногі не краналіся падлогі, суставы выварочваліся, і трымалі так паўгадзіны. Пагражалі згвалціць, калі ён ня спыніць галадоўку. А потым прывялі ў кабінэт да начальніка, і начальнік сказаў: «Калі я загадаю і ты ня будзеш паводзіць сябе паслухмяна, мы будзем цябе біць яшчэ мацней. І калі ты каму-небудзь паскардзісься, мы цябе забʼём і закапаем за плотам».

Ільдар перадаў праз адваката, што ён у любым выпадку хоча, каб гэтая інфармацыя дайшла да грамадзкасьці, ён не баіцца сьмерці, ён гатовы пайсьці на такі крок, проста таму што падобныя катаваньні адбываюцца ня толькі зь ім, гэта адбываецца з усімі астатнімі заняволенымі. Ён кажа, што ён бачыў, як іх катавалі, чуў, як яны крычалі, і ён проста хоча абараніць ня толькі сябе, але і іх. Ён перадаў гэта толькі праз адваката, таму што ён яму давярае. Ільдар кажа, што пісаў мне лісты, у якіх нейкім эзопавай мовай спрабаваў гэта ўсё паведаміць, але ніводзін зь лістоў да мяне не дайшоў. Акрамя таго, да яго заходзіла мясцовы адвакат, але паколькі ён яе ня ведаў і ня вельмі давяраў, нічога ёй не сказаў. І цяпер, уласна, адбылося тое, за што яго абяцалі забіць, — ён паскардзіўся, ён аддаў гэтую інфармацыю галоснасьці, і я цяпер вельмі баюся, што нешта здарыцца. Таму я ня ведаю, што рабіць, я проста спрабую напісаць звароты паўсюль, куды толькі можна. Таму што пагрозы забойствам — гэта мне нават не магло прыйсьці ў галаву, у страшным сьне не магло прысьніцца, што ў калёніях будзе такое, «мы цябе забʼём і пад плотам закапаем». Я вельмі баюся за яго жыцьцё! Я, напэўна, буду прасіць перавесьці яго ў іншую калёнію, таму што ня ведаю, што з гэтым рабіць. Я хачу, каб мой муж застаўся жывы! Яго сьмерць — гэта самае страшнае для мяне, што можа здарыцца наогул у жыцьці, — сказала жонка вязьня.

Ільдар Дадзін стаў першым грамадзянінам Расеі, асуджаным па новым законе, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за неаднаразовыя парушэньні правілаў правядзеньня грамадзкіх мерапрыемстваў, напрыклад мітынгаў і пікетаў. У 2015 годзе Басманны суд Масквы прысудзіў яго да трох гадоў пазбаўленьня волі. Вясной 2016 года Масгарсуд зьмякчыў прысуд да двух з паловай гадоў. У цяперашні час Дадзін адбывае пакараньне ў папраўчай калоніі № 7 у Сегежы, у паўночна-заходняй Карэліі.

Кіраўніцтва Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў па Карэліі пацьвердзіла, што «ўжыла сілу і спэцыяльныя сродкі» да актывіста Ільдара Дадзіна, асуджанага за неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваных пікетах.

Супрацоўнікі ФСВП сьцьвярджаюць, што Дадзін ў грубай форме адмовіўся выходзіць з камэры, прымаць паставу для ператрусу, стаў хапаць іх за форменную вопратку. Пра гэта паведамляе расейская «Новая газэта».

XS
SM
MD
LG