Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея заяўляе пра немагчымасьць працягваць перамовы па Сырыі


Бой у заходнім прымесьці гораду Алепа 30 кастрычніка.

Бой у заходнім прымесьці гораду Алепа 30 кастрычніка.

Расея ня бачыць у агляднай будучыні магчымасьцяў, каб аднавіць перамовы пра ўрэгуляваньне ў Сырыі, і ускладае адказнасьць за гэта на заходнія краіны.

Расея ня бачыць у агляднай будучыні магчымасьцяў, каб аднавіць перамовы пра ўрэгуляваньне ў Сырыі, і ускладае адказнасьць за гэта на заходнія краіны. Пра гэта заявіў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу ў аўторак, 1 лістапада.

Паводле Шайгу, Захаду не ўдаецца ўтрымаць радыкальных ісламістаў у Сырыі ад нападаў, асабліва ў Алепа, дзе ахвярамі становяцца мірныя жыхары. Гэта адбываецца на фоне часовага спыненьня Масквой і Дамаскам авіярэйдаў на горад, заявіў Шайгу.

Расея і Сырыя прыпынілі бамбардзіроўкі Алепа 18 кастрычніка. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на днях папярэдзіў, што працягласьць гэтай паўзы будзе залежаць ад паводзінаў сырыйскіх паўстанцкіх груп і іх прыхільнікаў на Захадзе, піша «Нямецкая хваля».

Агенцтва Reuters вылучае словы Шайгу аб тым, што паўстанцы, якія падтрымліваюцца Захадам, атакуюць цывільныя аб’екты і мірнае насельніцтва, нягледзячы на абвешчаную Расеяй і Дамаскам паўзу ў нанясеньні авіяўдараў. Агенцтва прыводзіць словы Дзьмітрыя Пяскова, прэс-сакратара прэзыдэнта Расіі, пра тое, што да гэтага часу выконвалася паўза, якая, аднак, можа быць перапынена, калі паўстанцы ня спыняць ваенных дзеяньняў.

Узброеная сырыйская апазыцыя на мінулым тыдні пачала наступ на пазыцыі ўрадавых войскаў у заходняй частцы Алепа. Ўрадавыя войскі ўжо больш за месяц спрабуюць заняць ўсходнія раёны гораду.

ААН у аўторак заявіла, што ў Алепа ўсе бакі канфлікту, верагодна, робяць ваенныя злачынствы, наносячы ўдары па цывільных аб’ектах.

Расея, якая падтрымлівае кіраўніка Сырыі Башара Асада, другі год праводзіць ваенную апэрацыю ў Сырыі. Дзеяньні Масквы садзейнічалі ўмацаваньню пазыцый сырыйскага рэжыму. Гэта прывяло палітыку Расіі ў супярэчнасьць з палітыкай Вашынгтона і саюзьнікаў ЗША, якія імкнуцца адхіліць Асада ад улады, піша Reuters.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG