Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэлаўін не пагражае нашым традыцыям. Ім пагражае нашая абыякавасьць да іх»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Гурневіч: Напярэдадні Гэлаіўна і Дзядоў Павал Севярынец пачаў дыскусію пра нэгатыўны ўплыў гэтага старажытнага сьвята на беларусаў. Большасьць аргумэнтаў былі рэлігійнага характару. За Севярынцам выказваліся і іншыя. Эпітэты там былі і вастрэйшыя. Папулярнае ў сьвеце сьвята нават называлі сатанінскім.

Ксёндз Уладзімір Русак на сайце catholic.by напісаў: «Чаму Гэлаўін? Чаму не ўрачыстасьць Усіх Сьвятых? Таму, што сьвятыя невясёлыя, сумныя і... Ці Яну Боска, Філіпу Нэры не хапала гумару? Ці Жане Д’Арк, Ігнату Ляёлю бракавала ў жыцьці драйву? Ці Францішак, Ян Павал ІІ былі людзьмі без эмоцыяў і ня ўмелі захапляцца? Ня варта зьмяняць маскарадныя строі пачвараў на строі сьвятых. Варта зьмяняць свой унутраны сьвет.»

Я лічу, што Гэлаўін не пагражае нашым традыцыям. Ён не выцясьняе Дзяды і павагу да нашых памерлых. Насамрэч, адно не пярэчыць другому, пры ўмове, што адно і другое робіцца з галавой. Галоўнае — ня кідацца ў крайнасьці.

На штогадовую акцыю «Дзяды» ў Курапаты прыходзіць ня так шмат людзей, як раней, не праз тое, што людзі аддаюць перавагу Гэлаўіну. Прычыны тут іншыя. Зьмяняюцца адносіны ў грамадзтве. Людзі выяжджаюць зь вёсак у гарады, зь Беларусі — у іншыя краіны. Губляюцца сувязі паміж пакаленьнямі. Усё гэта ня мае пакуль нейкіх драматычных маштабаў, але сытуацыя значна зьмянілася за пару дзесяцігодзьдзяў. Адыходзіць старое пакаленьне нашых бабуль і дзядуляў, народжаных у першай палове мінулага стагодзьдзя. Для іх Дзяды, магілы сваякоў — гэта было сьвятое. Яны перадалі гэта сваім дзецям, але ўжо і ў іх гэтая прывязанасьць да каранёў меншая.

Яшчэ адзін фактар — стаўленьне дзяржавы. Калі б Дзень Вэтэрана ў ЗША не ўшаноўваўся на дзяржаўным узроўні, то цікавасьць да гэтай тэмы была б у разы меншая ў Амэрыцы, чым цяпер. Тое самае зь Дзядамі. Калі б шэсьце ў Курапаты было дзяржаўнай цырымоніяй, то і ранг бы вышэйшы. І справа ня ў тым, што дзяржаўныя ўстановы павінны гэта арганізоўваць. Хапіла б спрыяньня, знаку, што для нас усіх гэта важна.

Нашым традыцыям пагражае ня столькі чужая традыцыя, колькі нашая абыякавасьць да ўласных. У ідэале ўсё можна сумяшчаць

Нашым традыцыям пагражае ня столькі чужая традыцыя, колькі нашая абыякавасьць да ўласных. У ідэале ўсё можна сумяшчаць. Павінен быць дзень для весялосьці, сьмеху, а павінен быць і час для роздуму і смутку аб нашых памерлых.

Цыганкоў: Наконт дыскусіі пра артыкул Паўла Севярынца. Як заўсёды, у сацыяльных было ня вельмі прыемна чытаць гэтую дыскусію, паколькі на яго накінуліся, нібыта ён хоча забраць у людзей апошні подых свабоды. Але ён проста прапанаваў сваё стаўленьне да гэтага сьвята, сказаўшы, што яно яму не падабаецца і ня трэба яго ў Беларусі адзначаць, пры гэтым не замахваючыся на асабістыя свабоды.

Я б тут сказаў, што накінуцца на Севярынца было лёгка, бо гэта лёгкая мішэнь. У той жа дзень па тэлевізіі я бачыў выказваньне беларускіх праваслаўных і каталіцкіх сьвятароў, якія таксама выступалі супраць Гэлаўіна. Фактычна, гэта ёсьць афіцыйная пазыцыя і праваслаўнай, і каталіцкай царквы ў Беларусі. Так што калі ўжо так зацята крытыкаваць, то можна павярнуць свае крытычныя стрэлы на кіраўнікоў цэркваў, якія выказваюць такія ж самыя думкі.

У сучасным спажывецкім грамадзтве жаданьне павесяліцца пераважвае ўсе астатнія. На сёньня Гэлаўін зьяўляецца відавочнай праявай мас-культуры

Канешне, гэта вясёлае сьвята, і людзям хочацца нэгатыўна рэагаваць, калі нехта памкнецца іх гэтага сьвята пазбавіць. Ім хочацца весяліцца, і мала хто сапраўды задумваецца над паходжаньнем сьвята, над філязофскімі ці рэлігійнымі яго падставамі. У сучасным спажывецкім грамадзтве жаданьне павесяліцца пераважвае ўсе астатнія. На сёньня Гэлаўін зьяўляецца відавочнай праявай мас-культуры. Ён стаў такім дзякуючы тэлебачаньню, шматлікім фільмам, таму, як гэтае сьвята само адзначаецца. Ён не нясе глыбіннага нэгатыўнага сэнсу, як абвінавачваюць, антырэлігійнага — гэта проста адна з чарговых праяў мас-культуры, і дзіўна, што яно выклікае дыскусіі. Гэта тое самае, як змагацца, напрыклад, за забарону Джасьціна Бібэра. Вось напісаў бы Севярынец: давайце ня будзем слухаць Джасьціна Бібэра! І ўсе б на яго накінуліся, што ты нас пазбаўляеш свабоды выбару. Прыблізнае тое самае з Гэлаўінам.

Але я падтрымаю думку пра стаўленьне дзяржавы. Калісьці і Дзяды былі дзяржаўным сьвятам у першыя гады незалежнасьці, пакуль Аляксандар Лукашэнка не адмяніў гэта пасьля рэфэрэндуму і новым законе аб дзяржаўных сьвятах. Было ўведзена 7-га лістапада, а Дзяды былі адмененыя. Я дакладна памятаю, калі Дзяды былі дзяржаўным сьвятам, выходным, людзі зусім не каталіцкага, а праваслаўнага веравызнаньня хадзілі на могілкі, паколькі ўсталёўвалася такая традыцыя, што і на Радаўніцу, і на Дзяды трэба хадзіць на могілкі, тым больш калі дзяржава робіць гэта выходным. Безумоўна, дзяржава фарміруе нацыянальныя сымбалі і нават нацыянальныя традыцыі ў пэўным сэнсе. Ня толькі яны падтрымліваюцца ў народзе праз пакаленьні, а праз закон і праз СМІ фарміруе дзяржава. Людзі бачаць такое стаўленьне ад дзяржавы, адсюль натуральна, што ўсё менш людзей прыходзіць на штогадовае сьвяткаваньне Дзядоў, і няма пэўнай пашаны да сьвята.

Глод: Я хацеў бы акцэнтаваць увагу на тым, што ў свой час, калі Беларусь абвясьціла сябе самастойнай дзяржавай, было некалькі год, калі гэтае сьвята адзначалася дзяржаўным. Сапраўды, тады было вельмі шмат людзей на могілках, людзі мелі вольны час, магчымасьць паехаць кудысьці ў вёску ці прыйсьці ў горадзе сям’ёй на могілкі. Гэта была магчымасьць выразіць памяць пра тых, хто памёр, блізкіх і родных. Гэта было не вясёлае, але сьвята, і сапраўды гэта было сьвята і людзей, і дзяржавы. Вось калі б гэта ўсё захавалася, я думаю, не паўставала б пытаньне, якое сьвята нам патрэбнае сёньня і чаму магчымы Гэлаўін, а немагчымыя Дзяды, альбо наадварот, і чаму яны супярэчаць адно аднаму ці не.

Кожны павінен мець права выказаць сваё стаўленьне да таго ці іншага сьвята, і за гэта яго нельга абражаць. Свабода выбару павінная быць, і чалавек павінен ёй карыстацца

Кожны павінен мець права выказаць сваё стаўленьне да таго ці іншага сьвята, і за гэта яго нельга абражаць. Свабода выбару павінная быць, і чалавек павінен ёй карыстацца.

Я глядзеў у газэце «Вячэрні Магілёў», як сьвятар выказаў 10 прычын, чаму трэба пагарджаць Гэлаўінам. Вось адзін, трэці пункт: «надзяваць гарбуз замест галавы — прывілей людзей без галавы». Ну людзям хочацца ж павесяліцца, моладзь, ну выцягнулі яны гэты гарбуз, ім было сьмешна, яны рабілі для сябе здымкі, ну і сказаць, што гэта людзі без галавы, гэта зусім занадта, бо дзеці, магчыма, і добра вучацца, і пасьпяхова займаюцца нейкімі практычнымі справамі, наогул гэта нармальная звычайная моладзь, якая сьвяткуе так, як і павінная была сьвяткаваць.

Таму для мяне няма тут ніякіх праблемаў, я лічы так: адно не павінна пярэчыць другому. Лічыш, што табе падабаецца Гэлаўін — ідзі на Гэлаўін, тваё месца на могілках адзначыць памяць — ідзі на могілкі. І не патрэбна думаць, што нешта адно выцесьніць другое. Вельмі моцна мяняецца сьвет, і гэта нельга не ўлічваць. Але тое, што сёньня карыстаецца большай папулярнасьцю, празь некалькі дзесяткаў гадоў можа вярнуцца да ранейшага. Прагназаваць далей я не бяруся, галоўнае, што адно не пярэчыць другому.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG