Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранская амбасада абвінаваціла абаронцаў Мэхрдада Джамшыдыяна ў заблытваньні справы


Мэхрдад Джамшыдыян

Мэхрдад Джамшыдыян

Амбасада Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі пракамэнтавала сытуацыю вакол іранскага ўцекача Мэхрдада Джамшыдыяна, які прыняў хрысьціянства.

У лісьце з амбасады, які атрымаў сустаршыня БХД Павал Севярынец, гаворыцца, што Мэхрдада Джамшыдыяна вышукваюць судовыя органы Ірана па абвінавачаньні ў падвойным забойстве. Ён пакінуў Іран «да пачатку справы, дагэтуль не прысутнічаў на ніводным судовым пасяджэньні для таго, каб адхіляць абвінавачаньні».

«У гэтым выпадку будзе дарэчы, калі групы, якія абараняюць Джамшыдыяна, зробяць захады, каб даказаць невінаватасьць абвінавачанага ў судзе ці задаволіць пазоўнікаў, замест таго каб заблытаць справу, прыбягаючы да неправавых дзеяньняў і палітычных манэўраў», — пішуць з амбасады Ірана.

Праваабаронцы ў Беларусі лічаць, што Мэхрдад Джамшыдыян абвінавачаны ў крымінальным злачынстве беспадстаўна.

«Мэхрдад ня можа паехаць у Іран і выступіць у судзе, бо яму пагражае расправа. Даказваць невінаватасьць чалавека трэба, калі яму прадʼяўленыя абгрунтаваныя абвінавачаньні. Такіх абвінавачаньняў не прадстаўлена. Нават сёньняшнія ўлады ня маюць ніякіх падставаў для высылкі Джамшыдыяна ў Іран. Калі на тэрыторыі Ірана зьдзейсьнілі забойствы, у якіх абвінавачваюць Мэхрдада, ён быў у Беларусі — пра што яшчэ можна гаварыць? Тое, што Мэхрдад стаў хрысьціянінам, у Іране добра вядома, і мы думаем, што менавіта гэта ёсьць прычынай для расправы зь ім», — цытуе прэс-служба БХД Паўла Севярынца.

На прэс-канфэрэнцыі ў Менску 26 верасьня Павал Севярынец і праваабаронцы Алесь Міхалевіч і Раман Кісьляк заявілі, што Мэхрдад рызыкуе трапіць пад перасьлед па рэлігійных і палітычных матывах, бо перайшоў з ісламу ў хрысьціянства і неабгрунтавана абвінавачваецца ў Іране ў забойстве маці і брата.

Паводле ўдзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі, іранцу Джамшыдыяну дапамагаюць з гуманных меркаваньняў, а таксама таму, што ў яго беларуская сямʼя — жонка-беларуска і дзеці.

У верасьні Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу Мэхрдада Джамшыдыяна на адмову ў прытулку, вынесеную аддзелам грамадзянства і міграцыі менскай міліцыі. Гэтае рашэньне зноў запусьціла мэханізм выдачы Мэхрдада Джамшыдыяна ў Іран, які ўпершыню прыйшоў у рух яшчэ ў 2013 годзе.

XS
SM
MD
LG