Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Інтарэсы сваёй краіны даўно сталі для расейцаў вышэй за маральныя нормы»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падтрымаў прапанову аб стварэньні законe аб расейскай нацыі. Пра гэта ён заявіў на пасяджэньні Рады па міжнацыянальных адносінах у Астрахані ў панядзелак. Паводле Пуціна, у такі закон можа вырасьці стратэгія па разьвіцьці нацыянальных адносін у Расеі.

Ён таксама падтрымаў прапанову ўдзельнікаў пасяджэньня правесьці год адзінства расейскай нацыі. Пуцін заявіў, што пакуль ня вырашанае пытаньне аб спэцыяльнай структуры, якая зоймецца нацыянальнымі пытаньнямі на фэдэральным узроўні.

«Прынцыповае пытаньне — каардынацыя органаў улады, якія рэалізуюць дзяржаўную нацыянальную палітыку. Іх толькі на фэдэральным узроўні больш за 10», — дадаў Пуцін.

Гэтая рэпліка паказвае ўзровень бюракратыі ў Расеі, калі над нейкім пытаньнем працуе 10 розных структур, кожная зь іх мае сваё фінансаваньне, і зацікаўленая ў тым, каб было больш перад імі пастаўлена задачаў.

Трошкі раней, за дзень да гэтага, прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што нацыянальная ідэя Расеі — гэта патрыятызм. «У нас няма ніякай і ня можа быць ніякай іншай ідэі, якая нас абʼядноўвае, акрамя патрыятызму», — сказаў Пуцін на сустрэчы з прадпрымальнікамі. Па словах Пуціна, ніякай іншай нацыянальнай ідэі прыдумляць ня трэба.

Расейская палітычная эліта даўно адхіліла са свайго палітычнага лексыкону агульначалавечыя каштоўнасьці... Інтарэсы сваёй краіны ў той форме, як яны ўспрымаюцца кіраўніцтвам, даўно сталі вышэй за нейкія маральныя нормы.

У прынцыпе, гэта лягічны працяг таго, што адбываецца апошнія гады ў Расеі і, я б сказаў, з Расеяй. Расейская палітычная эліта даўно адхіліла са свайго палітычнага лексыкону агульначалавечыя каштоўнасьці. Усьлед за палітычнай элітай, па гэтым шляху пайшла і большая колькасьць насельніцтва. Інтарэсы сваёй краіны ў той форме, як яны ўспрымаюцца кіраўніцтвам, даўно сталі вышэй за нейкія маральныя нормы.

Агульная ідэалёгія становіцца ці не галоўным чыньнікам узьяднаньня народу вакол кіраўніцтва. Людзі жартуюць наконт таго, што можа быць напісана ў гэтым законе, ці будзе там прапісаны бацька нацыі, ці можа закон пішацца для таго, каб прапісаць, хто ёсьць вораг народу. Але безумоўна, што ў лібэральнай інтэлігенцыі, людзей удумлівых, толькі самыя скептычныя чаканьні ад прыняцьця гэтага закону.

Гэта ня першы крок. У студзені 2016 году ўрад РФ зацьвердзіў праграму патрыятычнага выхаваньня грамадзян на 2016-2020 гады, у ліку задач якой — умацаваньне прэстыжу службы ва ўзброеных сілах і «разьвіцьцё ў падрастаючага пакаленьня пачуцьця гонару, глыбокай павагі і шанаваньня» да сьцяга, герба і гімну. Натуральна, што на гэтую праграму, як і на іншыя падобныя рэчы, выдаткоўваюцца даволі вялікія грошы.

Калісьці ў СССР гаварылі пра «гістарычную супольнасьць — савецкі народ». Зараз у Расеі спрабуюць стварыць супольнасьць — расейскі народ. Улады разумеюць, што гэта пакуль не заўсёды атрымліваецца, нацыянальныя супярэчнасьці падзяляюць Расею. Людзі маюць розныя погляды на разьвіцьцё Расеі, увогуле на жыцьцё. І таму гэтыя спробы стварыць новую гістарычную супольнасьць падмацоўваюцца праграмамі, законамі, масавым выдзяленьнем грошай. Але вынік можа быць такі самы, які быў у Савецкім Саюзе.

Гурневіч: Закон аб расейскай нацыі — гэта спроба Пуціна кампэнсаваць расейцам страты ад каляпсу іх эканомікі. Калі няма чаго асабліва прапанаваць у грашовым эквіваленце, павышэньня дабрабыту і камфорту, то пачынаецца апэляцыя да нацыі і патрыятызму. Расейскі клясык Салтыкоў-Шчадрын жартаваў на гэты конт: калі ў Расеі пачынаюць казаць пра патрыятызм, ведай: нешта недзе скралі.

Пуцін ня можа даць расейцам хлеба, але дае багата відовішчаў. І шмат каго ў Расеі, як сьведчаць лічбы, гэта задавальняе. Крэмль ведае свой народ і прапануе ім веліч, гонар за сваю нацыю замест эфэктыўнай дзяржавы

У Расеі апошнія некалькі гадоў толькі і кажуць пра патрыятызм і нацыю. Але зь іншага боку падтрымка Пуціна зашкальвае. І гэта заслуга менавіта патрыятычнай рыторыкі. Пуцін ня можа даць расейцам хлеба, але дае багата відовішчаў. І шмат каго ў Расеі, як сьведчаць лічбы, гэта задавальняе. Крэмль ведае свой народ і прапануе ім веліч, гонар за сваю нацыю замест эфэктыўнай дзяржавы. Калі паглядзець усе гэтыя вячэрнія ток-шоў па расейскіх каналах, дзе людзі пырскаюць сьлінай, то бачна чаго расейцам не хапала шмат гадоў і што даў ім Пуцін. Гэта пачуцьцё, што Расея па значэньні вяртаецца да ўзору СССР. Што яна шмат што вырашае ў сьвеце і што яе ўсе баяцца.

І гэты закон мае паспрыяць росту пачуцьця велічы за сваю краіну. Пуцін кажа пра адзінства нацыі. Гэтыя словы пра скрэпы і адзін народ выклікаюць пачуцьцё дэжавю з 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. І гэта, канешне, ня можа не палохаць.

Невядома, што з гэтага закону атрымаецца, але па-сутнасьці нейкі закон па разьвіцьцю нацыянальных адносін Расеі патрэбны сапраўды. Здаецца, фэдэрацыя, дзяржава дзесяткаў народаў. А паглядзіце зь якой непавагай там ставяцца да грамадзян Расеі іншых нацыянальнасьцяў. Зь якой зьнявагай у Расеі функцыянуюць тэрміны чуркі і чукчы. Колькі маленькіх народаў ужо растварыліся? Колькі стала ахвярай русыфікацыі? Расейцаў, я думаю, аб’ядноўвае імпэрскасьць і расейскай мова. І вось з другім у мяне зьвязаны пэўны непакой адносна новага закону. Крэмль можа ў гэтым законе абвясьціць расейскамоўных расейцамі і ўвесьці юрыдычны абавязак па іх абароне. Напрыклад ад прымусовай беларусізацыі ў Беларусі, як пішуць некаторыя расейскія СМІ. У гэтым сэнсе закон можа стаць для нас вельмі небясьпечным.

Глод: Я найперш зьвярнуў увагу на лічбы, якія прывёў у Астрахані Ўладзімер Пуцін. Амаль 80% грамадзян Расеі, заявіў ён, і адразу дадаў, я гэта адзначаю з задавальненьнем, лічаць адносіны паміж людзьмі розных нацыянальнасьцей добразычлівымі або нармальнымі. Да гэтага Пуцін не бяз гонару дадаў, што некалькі гадоў таму такіх было ўсяго 55%.

паліттэхнолягам расейскага кіраўніка спатрэбілася тэрмінова нешта новае, каб ізноў рэйтынг пайшоў уверх. Выглядае, што анансаваньне закону аб расейскай нацыі і зьяўляецца такім крокам

Чаму так важныя гэтыя лічбы? А таму, што ў Расеі цяпер ідзе велізарная кампанія па падвышэньню асабістага рэйтынгу расейскага прэзыдэнта. Ён пачаў імгненна расьці пасьля далучэньня Крыму. Аднак паступова рэйтынг даверу да Пуціна пачаў пакрыху зьніжацца. Чаму так здарылася, ужо тлумачыў Дзьмітры Гурневіч. Відовішчы ёсьць, а хлеба не хапае. Таму паліттэхнолягам расейскага кіраўніка спатрэбілася тэрмінова нешта новае, каб ізноў рэйтынг пайшоў уверх. Выглядае, што анансаваньне закону аб расейскай нацыі і зьяўляецца такім крокам.

У сваю чаргу новы крок гэта працяг ідэй «рускага сьвету». Менавіта на гэтых падзеях моцна вырас рэйтынг Пуціна. І цяпер ідуць спробы замацаваньня гэтай электаральнай падтрымкі. Гэта звычайны перадвыбарны прагматызм. Ня будзем забывацца, што 2016 год хутка скончыцца. За ім пачнецца 2017-ы. А тады можна меркаваць у расейскага прэзыдэнта будзе маса праблемаў. 2017 — гэта год настальгіі пэўнай часткі насельніцтва Расеі аб Савецкім Саюзе. Безумоўна будуць згадваньні пра тое, як добра савецкая дзяржава клапацілася пра простых людзей, якімі таннымі былі каўбаса і гарэлка. Зразумела, параўнаньні будуць не на карысьць цяперашняй расейскай улады. Карацей, наступны год абяцае стаць для Пуціна і ягоных паплечнікаў складаным.

А ўжо ў 2018 годзе ў Расеі пройдуць прэзыдэнцкія выбары. На іх Пуцін мусіць ня проста перамагаць, а перамагаць зь вялікім адрывам. А так можна толькі, калі ўлады здолеюць мабілізаваць усю нацыю, падкінуўшы ёй замест паляпшэньня эканамічных і сацыяльных умоваў жыцьця, нейкую надзвычайную ідэю. Такой ідэяй і можа стаць працяг «рускага сьвету» у выглядзе ідэі інстытуцыяналізацыі расейскай нацыі. А яна надзвычай папулярная ў нацыяналістаў.

Канечне, над ідэяй інстытуцыяналізацыі расейскай нацыі можна іранізаваць. Так зрабіў, напрыклад, учора па гарачых сьлядах падзеяў расейскі палітоляг Канстанцін Калачоў. «Нядаўна Якуцію прызналі радзімай якутаў. Расейскія патрыёты гэтаму вельмі пазайздросьцілі. Але што рэальна зьмянілася?» — іранізуе ён.

Так, тут таксама велізарная праблема — ці палепшыць нешта рэальна ў сфэры міжнацыянальных адносін заяўлены закон? Навукоўцы папярэджваюць, што калі новы закон будзе пра тое, што ўсім трэба сябраваць — гэта працаваць ня будзе. Закон павінен дакладна рэгуляваць праваадносіны расейскіх грамадзян і прадстаўнікоў розных этнічных груп — бяз гэтага ён застанецца дэкляратыўным. Аднак, я лічу, пра гэта паліттэхнолягі Пуціна зараз ня думаюць. Ім важней зьяднаць нацыю вакол яе правадыра. Менавіта на гэта і скіраваная новая ініцыятыва.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG