Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі рэалістычная ідэя «інтэграцыі інтэграцыяў»?


Удзельнічаюць ​Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: У чацьвер 27 кастрычніка ў Менску адбылося паседжаньне кіраўнікоў урадаў Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС). Абмяркоўвалі новы мытны кодэкс ЭАЭС. Прыняць дакумэнт не ўдалося, бо ўзьнікла шмат рознагалосьсяў з прычыны існаваньня ў краінах-чальцах свабодных эканамічных зонаў. Такія зоны з ільготным мытным рэжымам разбураюць саму ідэю аб адзінай мытнай прасторы ў межах ЭАЭС.

Дарэчы, у Беларусі існуе шмат такіх тэрыторыяў. Акрамя таго, што ў кожнай вобласьці існуюць свабодныя эканамічныя зоны, таксама можна ўзгадаць, што льготны мытны рэжым мае Парк высокіх тэхналёгій пад кіраўніцтвам Валерыя Цапкалы, кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» і інш.

У зьвязку з паседжаньнем кіраўнікоў урадаў ЭАЭС у Менску ўчора адбыліся дзьве канфэрэнцыі. На адной зь іх выступаў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей, на другой — намесьнік міністра Яўген Шастакоў. Асноўнай ідэяй іхных выступаў стала ідэя разьвіцьця супрацы паміж эканамічнымі аб’яднаньнямі на эўразійскім кантынэнце, найперш паміж ЭАЭС і ЭЗ. Гэтая ідэя атрымала назву «інтэграцыя інтэграцыяў».

Ідэя добрая. Адзіны яе недахоп — яна маларэалістычная. І рэч тут у самым суб’екце гэтага працэсу. Маю на ўвазе ЭАЭС.

З функцыянаваньнем гэтага саюзу ёсьць сур’ёзныя праблемы. У аснову пры яго стварэньні пакладзены ня столькі эканамічныя, колькі геапалітычныя прычыны. Прычым Расея штучна фарсавала яго фармаваньне — з тых жа геапалітычных прычынаў.

Прастора, у межах якой свабодна рухаліся б капіталы, тавары, працоўная сіла, так і ня створаная.

У выніку не пасьпелі толкам стварыць мытны саюз (бачыце, дыскусіі аб яго функцыянаваньні яшчэ працягваліся ўчора ў Менску), як абвясьцілі аб стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы. Такая прастора, у межах якой свабодна рухаліся б капіталы, тавары, працоўная сіла, так і ня створаная. Існуе маса абмежаваньняў з боку кожнай краіны — удзельніцы саюзу.

А з 2015 году абвясьцілі пра стварэньне Эканамічнага саюзу. Зразумела, ніякага эканамічнага саюзу не існуе. Бо ў такім саюзе павінна існаваць адзіная макраэканамічная палітыка, трэба ўзгадняць шмат парамэтраў: аб’ём дэфіцыту бюджэту, узровень інфляцыі, аб’ём датацыяў нацыянальным вытворцам і шмат чаго яшчэ. Але аўтарытарныя рэжымы, якія існуюць амаль ва ўсіх краінах — чальцах ЭАЭС, ня хочуць дзяліцца ўладай, адмаўляцца ад уласнай макраэканамічнай палітыкі.

Да таго ж з пачатку 2015 году ўпалі сусьветныя цэны на нафту. Усьлед за гэтым адбылася дэвальвацыя валют у краінах — чальцах ЭАЭС. У выніку ўзаемны гандаль унутры ЭАЭС падае другі год запар.

Таму спачатку трэба было б разабрацца з інтэграцыяй унутры ЭАЭС, перш чым заклікаць да інтэграцыі зь іншымі эканамічнымі аб’яднаньнямі.

Глод: Абмеркаваньне гэтай тэмы я пачну з учорашняга асабістага ўражаньня ад другога фінансава-банкаўскага форуму дзяржаваў — удзельніц СНД, які праходзіць у Менску. Выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў заявіў, што найбольшая інтэграцыя на постсавецкай прасторы дасягнутая ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі. Пасьля чаго перадаў слова Грыгорыю Рапоту: маўляў, ён зараз падзеліцца досьведам. Аднак хутка высьветлілася, што станоўчага досьведу ня так і шмат. А вось адмоўнага хапае. Так, паводле Рапоты, задача сфармаваць адзіную прамысловую палітыку Беларусі і Расеі была пастаўленая яшчэ ў 1999 годзе. А прыступілі да яе толькі ў сьнежні 2015-га. Але ж дагэтуль, прызнаецца Рапота, у прамыслоўцаў Расеі няма стаўленьня да беларускай прадукцыі як да сваёй уласнай. Гэтаксама, дарэчы, як і наадварот.

Шчыра прызнаўся дзяржаўны сакратар, што няма разуменьня і ў галоўным — як рухацца далей? Не ў прамысловасьці, а наагул ува ўсёй саюзнай дзяржаве.

То бок, бачыце, у «самых прасунутых» мноства праблемаў. Яшчэ болей іх у Эўразійскім эканамічным саюзе. Таму перш чым гаварыць пра «інтэграцыю інтэграцыяў», трэба, на добры толк, вырашыць свае пытаньні. Інакш сытуацыя выглядае даволі сьмешнай і нагадвае мне брэжнеўскае «эканоміка павінна быць эканомнай». Што з такога заклінаньня атрымалася, мы добра ведаем.

Аб’ектыўных перадумоваў для рэалізацыі мары пра «інтэграцыю інтэграцыяў», на мой погляд, не праглядаецца.

Аб’ектыўных перадумоваў для рэалізацыі мары пра «інтэграцыю інтэграцыяў», на мой погляд, не праглядаецца. А прыгожыя словы, нягледзячы на іх паўтарэньне, толькі павісаюць у паветры. Скажам, каторы ўжо раз беларускае кіраўніцтва заяўляе, што важным кірункам сумеснай працы ў кантэксьце ЭАЭС зьяўляецца садзейнічаньне разьвіцьцю ўзаемавыгаднай раўнапраўнай супрацы паміж гэтай структурай і Эўразьвязам. Пры гэтым асаблівы акцэнт робіцца на тое, што для Беларусі гэта вельмі важна, бо яна знаходзіцца на сутыку двух найбуйнейшых інтэграцыйных аб’яднаньняў кантынэнту, і праблематыка збліжэньня дзьвюх інтэграцыйных плятформаў у Эўропе — гэта яе натуральны інтарэс.

Ня буду сьцьвярджаць, што ў Эўразьвязе ўсё ідэальна. Але ж там ступень інтэграцыі нашмат вышэйшая. І як гэта сумясьціць, мне незразумела.

Аднак беларускія ўлады ідуць яшчэ далей. Мінулай восеньню Аляксандар Лукашэнка, выступаючы ў агульнай дыскусіі на 70-й сэсіі Генасамблеі ААН, прапанаваў увасобіць ідэю «інтэграцыі інтэграцыяў» у сусьветнай эканоміцы дзеля супрацьстаяньня глябальным эканамічным пагрозам. Прыгожа? Так. Але ж прыгожыя лёзунгі павісаюць у паветры дзеля шэрагу як часовых, так і сыстэмных прычынаў. Скажам, прабуксоўка самой эўразійскай інтэграцыі, застой у эканоміках яе дзяржаваў-удзельніц.

У такіх умовах захаваньне надзеяў на магчымае збліжэньне ЭАЭС і ЭЗ уяўляецца даволі-такі наіўным. Нават калі разважаць з чыста эканамічнага гледзішча. І ўжо пагатоў яно зьяўляецца цалкам немагчымым, калі адзін з патэнцыйных удзельнікаў «інтэграцыі інтэграцыяў» — Эўразьвяз — увёў супраць Расеі, ядра ЭАЭС, вельмі сур’ёзныя эканамічныя і палітычныя санкцыі.

Цыганкоў: Калі кажуць пра «інтэграцыю інтэграцыяў», то гэта не наіўнасьць, а проста пэўны палітычны намер прапаноўваць прыгожыя ідэі, нават загадзя ведаючы, што яны маларэалістычныя. У кожным разе, палітыку ад гэтага горш ня будзе, бо калі ідэя праваліцца — маўляў, ня я ў гэтым вінаваты, а калі будуць крокі для яе ажыцьцяўленьня — то вось я гэта прапанаваў. Але вельмі малаверагодна, што крокі для ажыцьцяўленьня гэтай ідэі могуць быць зробленыя.

Дадам палітычны аспэкт. Усё ж краіны, якія ўваходзяць у структуры Эўразійскага і Эўрапейскага саюзаў, настолькі розныя, што наўрад ці можна ўявіць, каб такія краіны маглі інтэгравацца нават эканамічна.

Больш за тое, узгадаю дробязь, якую мы тут ня ўзгадвалі: Беларусь ня можа дагэтуль нават уступіць у СГА — Сусьветную гандлёвую арганізацыю, у якую ўваходзяць краіны, якія ствараюць 90% сусьветнага ВУП. Пра якую эканамічную «інтэграцыю інтэграцыяў» прапаноўвае гаварыць кіраўнік гэтай краіны?

Лукашэнка адкрытым тэкстам пагражае Маскве перадумаць, яшчэ раз падумаць пра свой удзел у гэтай структуры.

З самой эўразійскай інтэграцыяй цяпер вельмі вялікія праблемы. Аляксандар Лукашэнка адкрытым тэкстам пагражае Маскве перадумаць, яшчэ раз падумаць пра свой удзел у гэтай структуры, бо прызнана было і Лукашэнкам, і Кабяковым, што яна Беларусі на сёньня нічога не дала, адны праблемы. Калі ўжо Беларусі гэтая інтэграцыя нічога ня можа даць, то што яна можа даць Эўразьвязу?

Увогуле гэта такая схема, калі краіны бяднейшыя, зь ніжэйшым ВУП і менш разьвітымі эканамічнымі адносінамі і тэхналёгіямі, хочуць інтэгравацца з краінамі больш багатымі і разьвітымі. Ці ёсьць шанцы ў такой інтэграцыі? Чарговы раз адказ: не.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG