Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ня выступілі супраць рэзалюцыі ААН з асуджэньнем эмбарга Кубы


Упершыню за 25 гадоў ЗША ўстрымаліся падчас галасаваньня рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН з асуджэньнем амэрыканскага фінансавага эмбарга Кубы.

У сераду перад галасаваньнем пастаянная прадстаўніца ЗША ў ААН Саманта Паўэр заявіла, што палітыка ізаляцыі Кубы насамрэч ізалявала Злучаныя Штаты, у тым ліку ў ААН. «Па заканчэньні 55-ці зь лішнім гадоў, падчас якіх мы ішлі па шляху ізаляцыі, мы выбіраем шлях каапэрацыі», — падкрэсьліла Паўэр, дадаўшы, што гэта не азначае, што Вашынгтон згодны з усімі аспэктамі палітыкі і практыкі кубінскіх уладаў. «Мы глыбока заклапочаныя сур’ёзнымі парушэньнямі правоў чалавека з боку ўраду Кубы ў дачыненьні свайго ўласнага народу», — заявіла Паўэр.

Вашынгтон вырашыў устрымацца ад галасаваньня супраць сымбалічнай рэзалюцыі, трымаючыся стратэгіі аднаўленьня кантактаў з Кубай, распачатай прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам. Летась ЗША і Куба аднавілі дыпляматычныя стасункі, крыху пашырылі гандлёвыя зносіны і транспартныя сувязі. Аднак фінансавае эмбарга, згодна зь якім амэрыканскія кампаніі і грамадзяне ня маюць права траціць грошы на Кубе, застаецца ў сіле. Яно можа быць адменена толькі рашэньнем Кангрэсу, дзе сур’ёзнай падтрымкі ідэі адмовы ад эмбарга няма. Некалькі членаў Кангрэсу ў сераду рэзка крытыкавалі Белы дом за адмову абараніць у ААН закон Злучаных Штатаў.

Міністар замежных спраў Кубы Бруна Радрыгес вітаў рашэньне ЗША ўстрымацца пры галасаваньні рэзалюцыі з асуджэньнем эмбарга, заклікаўшы адмяніць тое, што ён назваў «блякадай» Кубы.

Рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН не зьяўляюцца абавязковымі для выкананьня, яны выконваюць чыста сымбалічную ролю. У апошнія гады ЗША заставаліся амаль у адзіноце, галасуючы супраць падобных рэзалюцыяў. Летась разам з ЗША супраць рэзалюцыі прагаласаваў толькі Ізраіль. Сёлета ён устрымаўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG