Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці памірыцца Менск з Вашынгтонам на фоне антыамэрыканізму Масквы


Зьнешнія ўмовы для Менску ў справе паляпшэньня адносінаў з ЗША — на фоне паводзінаў Масквы — спрыяльныя. Але ці не «зараўнуе» Масква ў пэўны момант і ці не накіне Менску сваю ідэалёгію агрэсіўнага антыамэрыканізму?

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Сяргей Навумчык.

Навумчык: У гэты дзень 54 гады таму, у 1962 годзе, Мікіта Хрушчоў разьвярнуў караблі, якія везьлі на Кубу ядзерную зброю. Ён быў вымушаны зрабіць гэта ў выніку гранічнага градусу напружанасьці у адносінах СССР і ЗША і фактычна прасоўваньня сьвету на мяжу ядзернай вайны. Калі сёньня кажуць, што цяперашнія адносіны паміж Масквой і Вашынгтонам знаходзяцца на ўзроўні часоў «халоднай вайны» — мне прыгадваецца менавіта той пэрыяд, а, скажам, не часы Брэжнева, калі сапраўды пачалася так званая «разрадка», а сам Брэжнеў меў прыязныя адносіны з Ніксанам ды цалаваўся з Картарам. Супрацьстаяньне камуністычнай ідэалёгіі з капіталізмам заставалася, у савецкай прэсе не стрымліваліся наконт «натаўскіх ястрабаў» — але такой хвалі агрэсіўнага антыамэрыканізму, якая цяпер льецца з расейскіх СМІ — на маёй памяці — я кажу пра 70-гады — пачатак 80-ых — не было. Вядома, калі не лічыць «год Андропава», які вызначыўся рэзкім ахалоджваньнем адносінаў СССР з ЗША.

Такім чынам, сёньня адносіны Масквы і Вашынгтону сапраўды на найніжэйшым узроўні за апошнія дзесяцігодзьдзі. І тут варта паразважаць: як на гэтым фоне будуць разьвівацца ўзаемадачыненьні Менску і Вашынгтону?

Здавалася б — Менск можа выгадна адрозьнівацца ў вачах Белага Дому — Беларусь не ўлазіць у сырыйскі канфлікт, яна не акупавала Крым, не разьвязала вайну ва Ўкраіне і гэтак далей.

Але калі мы паглядзім у адносна нядаўнюю гісторыю, дык пабачым, што афіцыйны Менск ня надта выкарыстоўваў зьнешні спрыяльны фон.

Лукашэнка імкнуўся акумуляваць антызаходнія настроі па ўсёй прасторы былога СССР.

У пачатку 90-ых гадоў, калі паміж Масквой і Вашынгтонам быў «мядовы месяц», калі Ельцын і Клінтан сябравалі (прыгадаем «друг Біл» і «друг Барыс»), калі Крэмль дэкляраваў па-сутнасьці інтэграцыю з Захадам, успрыманьне прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека, калі Вашынгтон даваў Маскве шматмільярдныя крэдыты — у той час Менск меў цудоўную магчымасьць разьвіваць адносіны з Вашынгтонам, не раздражняючы Маскву, у вернасьці якой Лукашэнка кляўся. Але Лукашэнка імкнуўся акумуляваць антызаходнія настроі па ўсёй прасторы былога СССР, выступіць у ролі барацьбіта з Захадам, зьбіральніка «рускіх земляў» ды каталізатара «славянскай еднасьці» — і адносіны з ЗША былі , як выглядае, наўмысна сапсаваныя і ўрэшце апусьціліся да ўзаемнага адкліканьня амбасадараў.

Цяпер зьнешнія умовы для Менску — на фоне паводзінаў Масквы —цудоўныя. І трэба прызнаць, што ў апошнія пару гадоў зьнешнепалітычнаму ведамству Беларусі сапраўды ўдалося значна палепшыць адносіны з Вашынгтонам — ці, ва ўсякім разе, зьняць некаторыя непрыемныя пытаньні.

І ўсё ж — фігуральна кажучы, ці не «зараўнуе» Масква ў пэўны момант і ці не накіне Менску сваю ідэалёгію агрэсіўнага антыамэрыканізму?

Пасьля вываду з Беларусі ядзернай зброі ў сярэдзіне 90-ых у ЗША ў Беларусі няма жыцьцёва важных інтарэсаў.

Але тут праблема ня ў тым, пабаіцца Лукашэнка Пуціна ці не пабаіцца. Рэч у тым, што пасьля вываду з Беларусі ядзернай зброі ў сярэдзіне 90-ых у ЗША ў Беларусі няма жыцьцёва важных інтарэсаў, зьвязаных, напрыклад, з пытаньнямі бясьпекі. І адносіны ЗША да Беларусі базуюцца, у асноўным, на стаўленьні самога Менску да базавых нормаў дэмакратыі і правоў чалавека. А вось з гэтым якраз вялікія праблемы.

Каліноўскі: Дазвольце згадаць маю гутарку з былым міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. Ужо ў часы Лукашэнкі, калі спадар Мартынаў вярнуўся з пасады амбасадара Беларусі ў Вашынгтоне і стаў намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі, я рабіў зь ім інтэрвію на тэму амэрыкана-беларускіх дачыненьняў. У канцы гутаркі Мартынаў папрасіў мяне выключыць дыктафон і пераказаў свой дыялёг у Дзярждэпартамэнце. Ён тады спытаў: скажыце, чаму ЗША робяць падвойныя стандарты, чаму вы не ставіцеся да Беларусі гэтак жа, як ставіцеся да цэнтральнаазіяцкіх краін? На што чыноўнік нібыта яму адказаў: таму што вы эўрапейцы.

Тут трэба сказаць, што Вашынгтон мае пасьлядоўную пазыцыю, вымагае ад беларускіх уладаў выкананьня тых стандартаў, якія павінныя выконваць эўрапейцы. Менску ж для таго, каб палепшыць адносіны з Вашынгтонам, трэба найперш зрабіць крокі ў правільным кірунку, якіх вымагае сёньня Вашынгтон. Тут афіцыйны Менск ня можа дыктаваць свае ўмовы. Але можа прыстасоўвацца да сытуацыі. Калісьці пад ціскам Менску краіну пакінула амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт і большая частка дыпляматаў амбасады ЗША ў Менску. А вось вярнуць назад іх ня так лёгка, хоць Лукашэнка ўжо гатовы да гэтага.

Сутнасьць прэтэнзіяў ЗША да ўладаў Беларусі нязьменная і зразумелая — маюць быць вольныя выбары, падзел уладаў, ня можа быць палітвязьняў.

Сёньня сапраўды ў ЗША больш клопатаў зь іншай дыктатурай, больш небясьпечнай — з Расеяй Пуціна.

Сёньня сапраўды ў ЗША больш клопатаў зь іншай дыктатурай, больш небясьпечнай — з Расеяй Пуціна, якая вядзе войны ў Сырыі і ва Ўкраіне і нават пагражае ядзернай зброяй. І Беларусь, якая застаецца фармальным саюзьнікам Расеі, імкнецца неяк дыстанцыявацца ад яе агрэсіўных паводзін і папярэдзіць яе агрэсію на свой адрас, таму і спрабуе наладзіць кантакты з Захадам.

Захад, ЗША ў тым ліку, ідзе на такія кантакты зь Менскам.

Пытаньне выбараў у парадку дня ўжо нібыта не стаіць, палітвязьняў — таксама, тут Лукашэнка пайшоў на саступкі, і сытуацыю псуе толькі справа Эдуарда Пальчыса, якому заўтра могуць даць рэальны тэрмін.

Сёньня ў адносінах Менску і Вашынгтону на першы плян выйшла пытаньне перамоваў з МВФ і наданьне Беларусі стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 3 млрд. даляраў. ЗША — асноўны донар у МВФ і іх слова тут вырашальнае.

Глод: Чаму Беларусь імкнецца палепшыць дачыненьні са Злучанымі Штатамі? Тут ёсьць некалькі фактараў. Па-першае, ЗША ёсьць ЗША. Заўважце, Аляксандар Лукашэнка даволі рэзка гаворыць пра розныя заходнія краіны, замежных палітыкаў. Згадаць толькі ягонае выказваньне пра Барозу, Вэстэрвэле ды іншых! Але ня памятаю, каб Лукашэнка хоць калісьці зьняважліва адазваўся аб ЗША цалкам альбо пра кагосьці з уплывовых амэрыканскіх палітыкаў.

Адчуваньне такое, што кіраўнік дзяржавы разумее, што Штаты — гэта моцная багатая краіна, а такіх паважае нават Лукашэнка. Другое — грошы. Яны вельмі патрэбныя. Спадзяваньняў на наўпроставыя крэдыты са Злучаных Штатаў пакуль няма, але Беларусь хоча, каб ЗША канчаткова зьнялі санкцыі, а самае галоўнае — гэта 3,5 мільярды крэдыту ад МВФ. Вядома, што штаб-кватэра гэтага фонду месьціцца ў Злучаных Штатах Амерыкі, і ад пазыцыі Вашынгтону шмат што залежыць. Вось чаму так уважліва ставіцца Менск да Вашынгтону.

Важнасьць Амерыкі для Беларусі непараўнальна большая, чым Беларусі для ЗША.

Так, шэраг праблемаў за апошні час здолелі зьняць. Не таму, што гэта Менск так кардынальна зьмяніў сваё стаўленьне да ЗША. ЗША таксама ідуць насустрач Беларусі. Тут і пазыцыя Беларусі па Украіне, і тое, што выбары прайшлі крыху лепш, чым папярэднія, Беларусь ня ўлазіць у Сырыю, карацей, у міжнародных пытаньнях знаходзіцца на дыстанцыі ад Расеі і ў Вашынтоне ня могуць гэтага не заўважыць і не ацаніць. Але самае галоўнае, чаму ініцыятывы на паляпшэньне ідуць зь Меснку, а не з Вашынгтона — важнасьць Амерыкі для Беларусі непараўнальна большая, чым Беларусі для ЗША.

Валер згадаў, што Беларусь — гэта частка Эўропы. Я таксама чуў падобныя выказваньні ад амэрыканскіх чыноўнікаў. Калісьці мы размаўлялі пра сытуацыю ў Беларусі і Азэрбайджане, і мне было наўпрост сказана, усё ж Азэрбайджан гэта Азэрбайджан, а Беларусь — гэта натуральная Эўропа, было сказана так. А калі так — то і стаўленьне да краіны, якая лічыцца натуральна эўрапейскай, у ЗША сваё. Гэта выкананьне правоў чалавека, усіх дэмакратычных нормаў, закону.

Калі згадваць апошні прыезд у Менск прадстаўніцы Дзярждэпартамэнту Брыджыт Брыкс, яна некалькі разоў на сустрэчы з журналістамі падкрэсьлівала, што ва ўсім, што тычыцца дэмакратыі і правоў чалавека, ЗША ні на крок не адступілі ад гэтых пазыцый, і яны будуць патрабаваць гэтага ад Менску.

Менску трэба мець добрыя стасункі з Вашынгтонам, і ён нават сьпяшаецца зрабіць гэта, улічваючы фактар, што адносіны паміж ЗША і Расеяй пагоршыліся, і на гэтым фоне Беларусь можна правесьці сваю добрую гульню. Невыпадкова Лукашэнка заявіў пра тое, што ўжо вось-вось будзе амбасада. Болей за тое, я чуў, што вядомая ўжо і кандыдатура беларускага амбасадара — гэта цяперашні намесьнік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў. У свой час ён быў дарадцам Лукашэнкі па міжнародных пытаньнях, і той нават падкрэсьліць можа, што гэта асабіста ягоны чалавек. Як адрэагуюць на гэта амэрыканцы? Я ўпэўнены ў адным: пэўныя нюансы могуць быць. Могуць нават зьняць санкцыі. Але тое, што ЗША не адыдуць ад ад прынцыповых пытаньняў, дакладна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG