Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарам дому ў Магілёве ананімна паведамілі: суседзі — апазыцыянэры. Тыя ўдзячныя за рэкляму


Магілёўцы Ігар і Алена Барысавы даведаліся, што іхным суседзям раскідалі ў паштовыя скрынкі паперкі з тэкстам: «Увага! У нашым доме жывуць апазыцыйныя сілы». У сувязі з тым, што Барысавы — сябры партыі БСДП (Грамада), суседзям раілі «быць асьцярожнымі і пільнымі». Барысавы знайшлі такое «папярэджаньне» і ў сваёй скрыні.

Як расказалі Барысавы Свабодзе, яны зьвязваюць раскідваньне ўлётак хутчэй не з палітычнай дзейнасьцю:

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

«Мяне пэрыядычна з розных бакоў спрабуюць выстаўляць у нявыгадным сьвятле: то кліп здымуць, то артыкул напішуць, а тут чарговая пісулька, — кажа Ігар Барысаў. — Але ў нас асабістых канфліктаў зь людзьмі няма, ёсьць канфлікты з абслуговымі арганізацыямі. Мая жонка — кіраўніца таварыства ўласьнікаў і пастаянна змагаецца за тое, каб дом выглядаў прыстойна. Напэўна, гэта камусьці не падабаецца, хоць, магчыма, камусьці недаспадобы і мая палітычная дзейнасьць».

Алена Барысава
Алена Барысава

«Літаральна ў першай палове ўчорашняга дня я зьвязвалася з генпадраднай арганізацыяй, якой чарговы раз (а гэта цягнецца два гады) нагадала, каб яны зьліквідавалі недахопы ў пэрыяд гарантыйнага тэрміну, — дзеліцца Алена Барысава. — Я ім паведаміла, што заўтра да мяне прыяжджаюць з газэты „Рэспубліка“, што я буду даваць інтэрвію са спасылкай на заканадаўства пра тое, што яны ня могуць выканаць сваіх абавязаньняў. І вось у другой палове дня зьявілася такая паперка».

Барысавы кажуць, што не афішуюць сваёй палітычнай дзейнасьці сярод суседзяў. Спадарыня Алена кажа, што і на сходах таварыства ўласьнікаў не прапагандуе сваіх поглядаў. Некаторыя людзі, паводле яе, нэгатыўна ставяцца да апазыцыі і лічаць апазыцыянэраў «майданшчыкамі», але іншыя ўспрымаюць дзейнасьць у партыі пазытыўна, ведаюць пра ўдзел у абароне правоў людзей.

Ігар і Алена кажуць, што паперкі іх зьдзівілі, але не напужалі, хутчэй насьмяшылі.

«Гэта паказвае ў нявыгадным сьвятле толькі тых, хто гэта напісаў, сьведчыць пра іх нізкі інтэлект, забітасьць, — дадае Ігар. — А тое, што яны нас так расьпіярылі, то дзякуй за рэкляму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG