Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар «альтэрнатыўнага» помніка Івану Жахліваму: «Людзі, гатовыя забіваць і гвалтаваць, ужо ёсьць»


На мінулым тыдні ў горадзе Канску Краснаярскага краю Расеі мясцовы мастак паставіў альтэрнатыўны помнік расейскаму цару Івану Жахліваму ў выглядзе скрываўленага кала, які тырчыць зь зямлі.

​Аўтар помніка Ўладзіслаў Гульцяеў даў інтэрвію Радыё Свабода:

— Як вам прыйшла ў галаву ідэя такога помніка?

— Калі шчыра, ідэя крадзеная. У пабліку «Лентач», на якім я прачытаў навіну пра ўсталяваньне помніка ў Арле, быў такі камэнтар аўтара — чаму ня кол? Мне падалося, што кол сапраўды паўней адлюстроўваў усю сутнасьць той эпохі. Я вырашыў увасобіць яе ў жыцьцё. Мой помнік зьявіўся як антытэза помніку ў Арле. Як справядліва заўважыў адзін з камэнтатараў, разам яны складаюць паўнейшую карціну таго царства. Проста мяне палохае тое, што наш народ, вялікі, магутны, добры, — гатовы дараваць усё, нават мэтанакіраваны тэрор супраць самога сябе. Мне здаецца, гэта недапушчальна. Людзі, якія паставілі помнік у Арле, ня вынесьлі ніякіх урокаў з гісторыі. Хоць ня так даўно ў нас былі сталінскія рэпрэсіі. Наш народ неаднаразова падвяргаўся пэўнай чыстцы, што з боку сваіх, што з боку іншых. Вельмі многія хацелі нас зьнішчыць. І ставіць такім людзям помнікі — гэта ня вельмі правільна.

— Вы лічыце, што і Іван Жахлівы, і Іосіф Сталін хацелі зьнішчыць Расею?

— Я лічу Сталіна вінаватым ва ўсіх тых 6 мільёнах ахвяраў, якія былі прынесеныя на алтар нашай перамогі. Ён абезгаловіў войска. Нават паводле ўспамінаў нямецкіх генэралаў, яго рэпрэсіі ў арміі 1937-1938 гадоў былі адной з прычын, якая заахвоціла Нямеччыну напасьці на СССР. А таксама бяздарна праведзеная зімовая вайна ў Фінляндыі, калі наша велізарная армія проста спынілася перад невялікай, але эфэктыўнай арміяй Фінляндыі і даказала сваю слабасьць. Даказала, што на чале нашай дзяржавы стаіць параноік, неадэкватны чалавек, і немцы вырашылі напасьці, хоць асаблівых прычын для гэтага ў іх не было.

— Відаць, што вы гатовыя доўга і падрабязна казаць пра сталінскую эпоху. А што вы ведаеце пра часы Івана Жахлівага?

— Пра эпоху Жахлівага я таксама ведаю даволі шмат. Яго ўладу нават у гістарычных колах прынята падзяляць на два пэрыяды. Да таго пэрыяду, калі ён быў малады і кіраваў сумесна з абранай Радай, якраз і адносяцца асноўныя зьнешнепалітычныя посьпехі, накшталт заняцьця Казані або Астрахані. Потым ён вырашыў стаць самаўладным, выпусьціў ўсіх сваіх дэманаў на волю, пазьнішчаў ваяводаў, зь якімі браў Астрахань і Казань. Кола блізкіх баяраў пазьнішчаў разам з сем’ямі і чэлядзьдзю, прычым найбольш зьверскімі спосабамі. А потым пачаўся разгул апрычніны.

Я думаю, што ўсім гэта знаёма па школьнай гісторыі. Усе ведаюць, як гэтая апрычніна скончылася, што таксама вельмі паказальна і перасякаецца са сталінскімі рэпрэсіямі. Калі татары чарговы раз прыйшлі ваяваць у Маскву, цар склікаў, як звычайна, апалчэньне. Калі зь земшчыны, альтэрнатывы апрычніны, было сабрана пяць палкоў, то з усёй апрычніны быў сабраны адзін полк. Гэта значыць каты адмовіліся ваяваць за той народ, які яны рабавалі. Гэта паслужыла пачаткам канца апрычніны, ва ўсякім разе, як назвы. Я думаю, што падобны факт вельмі шмат кажа пра асобу Грознага і пра сытуацыю таго часу. Мэта маёй акцыі — нагадаць людзям пра тое, што катам ня варта давяраць і ставіць ім помнікі, таму што ўсё гэта прыводзіць да вельмі сумных наступстваў. Канчатковым вынікам кіраваньня Івана Жахлівага стаў Смутны час, пра які ў нас таксама ня любяць згадваць, але які нанес велічэзны ўдар па краіне, зь вялікімі ахвярамі і цяжкім становішчам.

— Вы сказалі, што тэрор Жахлівага і тэрор Сталіна працягваецца і цяпер, што вас палохае тое, што народ гатовы яго трываць. Вы праводзіце нейкія паралелі паміж тымі часамі і цяперашнімі?

У нас цяпер улада такая, што я баюся, ёй ня цяжка будзе запэцкаць рукі ў крыві, калі што.

— Вы ведаеце, так. Таму што тое, што цяпер адбываецца... Дапусьцім, калі мінулая Дума ўсе забараняла, то цяперашняя Дума будзе падымаць падаткі. Відавочна, што гэта прывядзе да сацыяльнай напружанасьці. А ў нас цяпер улада такая, што я баюся, ёй ня цяжка будзе запэцкаць рукі ў крыві, калі што. Але я спадзяюся, ва ўсякім разе аб гэтым я малю Бога, каб гэтага не адбылося. Улічваючы вопыт расейскай гісторыі, у тым ліку нядаўні, накшталт сталінскіх рэпрэсій, гэта верагодна. І гэта вельмі сумна. Ды што там пра Сталіна казаць, калі нават цяпер ёсьць рэальная верагоднасьць таго, што вы загінеце ад бутэлькі, якую вам заснулі ў паліцэйскім участку, выбіваючы прызнаньне. Гэта першыя званочкі. Як вядома, дрэнныя справы таксама не адразу пачынаюцца, а паволі. Людзі, гатовыя забіваць і гвалтаваць, ужо ёсьць.

Акцыя Ўладзіслава Гульцяева ў Краснаярску

Акцыя Ўладзіслава Гульцяева ў Краснаярску

Помнік Жахліваму ў выглядзе кала — ня першая мастацкая акцыя Ўладзіслава Гульцяева. Раней ён, напрыклад, надзяваў рэсьпіратары на помнікі вядомым людзям у Краснаярску на знак пратэсту супраць забруджваньня навакольнага асяродзьдзя. Паводле словаў актывіста, пакуль ніхто не запатрабаваў ад яго прыбраць помнік-кол, аднак у яго профілі ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте», дапускае ён, ужо «пакапаліся спэцслужбы» — адразу пасьля таго, як Гульцяеў апублікаваў фатаграфіі свайго помніка, зь ягонага акаўнта у гэтай сацыяльнай сетцы кудысьці зьніклі ўсе асабістыя паведамленьні.

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў распавёў, што калісьці з журналістам Ігарам Герменчуком яны зьбіраліся выдаць кнігу «Антыгероі Беларусі». І Іван Жахлівы быў бы сярод галоўных герояў гэтай кнігі, кажа спадар Арлоў:

У Полацку было выразана ўсё іншавернае насельніцтва.

«Толькі адзін прыклад: у 1563 годзе войска Івана Жахлівага захапіла часам інфлянцкай вайны Полацак. Там было выразана ўсё іншавернае насельніцтва: габрэі і каталікі. І тысячы праваслаўных палачан пагналі па зімовых дарогах у маскоўскую няволю.

Пра гэта нашы тагачасныя гісторыкі Вялікага Княства пісалі. Аляксандар Гваньіні, аўтар „Хронікі Эўрапейскай Сарматыі“, у прыватнасьці пісаў, што маскоўскі цар вывез з Полацку 50 тысяч нявольнікаў. А Мацей Стрыйкоўскі, наш вялікі гісторык, як яго называлі „Гамэр“ Вялікага Княства, дадае, што гэтых нявольнікаў гналі на ўсход не па-хрысьціянску, а як „юдэяў да Бабілёну“. І мала каму з гэтых палоньнікаў лёсіла вярнуцца.

Паданьне, дарэчы, кажа, што ў Полацку, калі трэба было замацаваць грамату пячаткай, цар Іван Жахлівы выганяў усіх прэч, каб ня бачылі, як зь ягоных рук капае кроў. Дарэчы, пасьля тых падзей інфлянцкай вайны Полацак, які ў 1563 годзе, да захопу маскоўскімі акупантамі, быў самым багатым горадам Вялікага Княства Літоўскага і пераўзыходзіў саму сталічную Вільню, надоўга заняпаў і ўжо ніколі ня змог вярнуць сабе такой значнасьці, якую меў раней.

Усё астатняе чытайце ў маіх кніжках „Таямніцы Полацкай гісторыі“, „Краіна Беларусь“, „10 вякоў беларускай гісторыі“, якую мы напісалі ў суаўтарстве з Генадзем Сагановічам».

***

У сярэдзіне кастрычніка ў Арле адкрылі помнік Івану Жахліваму. Раней у некалькіх гарадах Расеі актывісты самавольна ўсталявалі бюсты Іосіфа Сталіна.

У ліпені сёлета губэрнатар Арлоўскай вобласьці Расеі Вадзім Патомскі заявіў, што расейскі цар Іван Жахлівы не забіваў свайго сына — сын нібыта захварэў і памёр, калі «яны ехалі з Масквы ў Пецярбург».

Расейскі партал istoki.tv апублікаваў відэазапіс выступу губэрнатара, які заявіў: «Іван Жахлівы аднойчы сказаў: „Я вінаваты ў сьмерці свайго сына, таму што своечасова не аддаў яго лекарам“. Калі яны ехалі па дарозе і ён захварэў, яны ехалі з Масквы ў Пецярбург».

Расейскі цар Іван Жахлівы памёр за 119 гадоў да заснаваньня ў 1703 годзе Пецярбургу.

У свой час падобную заяву зрабіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, сказаўшы, што «Скарына жыў у Піцеры». Пры гэтым асьветнік і першадрукар Францішак Скарына памёр каля 1551 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG