Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭН-цэнтар у адзін дзень выдасьць тры літаратурныя прэміі: імя Адамовіча, Багушэвіча і Шэрмана


А 19-й гадзіне 25 кастрычніка ў менскім Прэс-клюбе (вул. Веры Харужай, 3-601) пройдуць цырымоніі ўзнагароджаньня пераможцаў прэміяў імя Карласа Шэрмана (за найлепшы пераклад літаратурнага твору на беларускую мову), імя Алеся Адамовіча (за найлепшы публіцыстычны твор, прысьвечаны актуальным праблемам сучаснасьці) і імя Францішка Багушэвіча (за выдатную гістарычную прозу, што спрыяе абуджэньню гістарычнай сьвядомасьці чытачоў).

Прэмія Шэрмана новая, яе стварылі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтар і міжнародны дабрачынны фонд «Вяртаньне». Пераможца атрымае ад «Вяртаньня» чэк на суму, эквівалентную 2000 даляраў. У журы прэміі ўвайшлі Лявон Баршчэўскі, Зьміцер Колас, Уладзімер Папковіч, Андрэй Хадановіч і Юля Цімафеева.

Як расказала Свабодзе каардынатарка Тацяна Нядбай, прэмію дадуць за найлепшую мастацкую кнігу, перакладзеную на беларускую мову і выдадзеную ў 2015 годзе ў друкаваным ці электронным выглядзе. Прэмія можа выдавацца ня толькі беларусам, а тэарэтычна і грамадзянам іншых краінаў, якія пераклалі кнігі на беларускую.

У доўгім сьпісе намінантаў было 15 кніг, перакладзеных з 6 моваў 23 перакладчыкамі. У шорт-ліст трапілі тры прэтэндэнты:

Павал Касьцюкевіч зь перакладам з ангельскай мовы кнігі Дугласа Адамса «Аўтаспынам па галяктыцы» (выдавецтва «Логвінаў»);

Францішак Корзун зь перакладам з ангельскай кнігі Клайва Стэйплза Льюіса «Лісты Круцяля» (выдавецтва «Галіяфы»);

Якуб Лапатка зь перакладам зь фінскай мовы кнігі «Калевала» (выдавец Зьміцер Колас).

Прэмія Адамовіча была заснаваная ў студзені 1995 году, праз год пасьля сьмерці пісьменьніка, грамадзкага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра Алеся Адамовіча. Ляўрэатамі прэміі былі Павел Шарамет, Сяргей Дубавец, Валянцін Акудовіч, Ганна Соўсь, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Някляеў, Алесь Бяляцкі, Сяргей Шупа ды іншыя.

Прэмія Багушэвіча была заснаваная ў 1994 годзе. Ляўрэаты мінулых гадоў — Аляксандар Лукашук, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Катлярчук, Вольга Бабкова, Людміла Рублеўская, Дзьмітры Матвейчык, Анатоль Трафімчык і іншыя.

Намінанты на гэтыя прэміі пакуль не абвешчаныя.

Тры прэміі ўручаюцца ў адзін дзень выпадкова, кажа Нядбай: прэмію Шэрмана выдаюць у дзень народзінаў Карласа Шэрмана, а дзьве іншыя прэміі прызначылі пасьля таго, як выбралі пераможцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG