«На першым этапе, этапе да выбараў, мы павінны атрымаць кантроль над мяжой з боку ўзброенай місіі АБСЭ. Гэта запісана ў Менску, я на гэтым заўсёды настойваў. Кантроль з боку ўзброенай місіі АБСЭ спыніць інфільтрацыю расейскіх войскаў, расейскага ўзбраеньня, расейскай амуніцыі. Узброеная місія АБСЭ на пастаяннай аснове павінна стаць на мяжу і перакрыць пастаўкі», — сказаў Пятро Парашэнка ў інтэрвію ўкраінскім каналам.
«На другі дзень пасьля выбараў мы павінны забясьпечыць узяцьце пад кантроль украінскімі вайскоўцамі мяжы. Гэта ўжо цяпер у Менску, і гэта павінна быць у „дарожнай мапе“ з дакладнай датай і з дакладнай адказнасьцю», — дадаў прэзыдэнт.
19 кастрычніка ў Бэрліне адбылася сустрэча ў «нармандзкім фармаце» лідэраў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі.
Бакі, сярод іншага, дамовіліся пра неабходнасьць стварыць «дарожную мапу» выкананьня менскіх дамоўленасьцяў.
Паводле Кіева, галоўнай мэтай павінна быць дамагчыся ад Расеі выкананьня яе абавязаньняў па ўсіх менскіх пагадненьнях, уключаючы графіку і адказнасьць за выкананьне. Кіеў таксама настойвае на тым, што палітычныя пытаньні немагчыма вырашаць да вырашэньня пытаньняў бясьпекі.
Масква ж заяўляе, што патрабуе ад Украіны хуткага прагрэсу ў палітычных аспэктах менскіх пагадненьняў, такіх як мясцовыя выбары на гэтай тэрыторыі і «амністыі» баевікоў, яшчэ да вырашэньня пытаньняў бясьпекі і гуманітарных — такіх як вывад з акупаваных тэрыторый расейскіх войскаў і ўзбраеньня, раззбраеньне незаконных узброеных фармаваньняў, вызваленьне ўсіх закладнікаў і асобаў, што незаконна ўтрымліваліся, або перадачы непадкантрольнага цяпер Кіеву ўчастку расейска-ўкраінскай мяжы пад кантроль АБСЭ.
Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што бязьвізавы рэжым паміж Украінай і Эўразьвязам пачне дзейнічаць да 24 лістапада, калі адбудзецца саміт Украіна — ЭЗ. Ён паведаміў пра дамоўленасьць падрыхтаваць усе дакумэнты да гэтага часу.
Падчас саміту ў Бэрліне Парашэнка заявіў, што Расея паставіла на некантраляваныя ўкраінскімі ўладамі тэрыторыі Данбасу ўжо больш бранятэхнікі і артылерыі, чым існуе на ўзбраеньні нямецкай арміі — Бундэсвэра. Словы Парашэнкі цытуюць украінскія інфармацыйныя агенцтвы.
Парашэнка заявіў, што на міжнародных перамовах не крычыць і на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна на сустрэчы ў Бэрліне не крычаў, але папрасіў спыніць абстрэлы на Данбасе.
«З просьбай перастаць страляць я сапраўды зьвярнуўся да Пуціна», — заявіў Парашэнка. Ён падкрэсьліў, што сустрэча ў «нармандзкім фармаце» ў Бэрліне адбылася больш чым праз год пасьля папярэдняй сустрэчы ў Парыжы, і правядзеньне саміту было вельмі важным.
Парашэнка заявіў, што ўвядзеньне паліцэйскай місіі АБСЭ на непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данбасу зьяўляецца абавязковай умовай для арганізацыі выбараў у гэтым рэгіёне.
Яшчэ адна ўмова, якую Кіеў вылучае для арганізацыі выбарчага працэсу, гэта забесьпячэньне кантролю ўкраінскімі вайскоўцамі мяжы з Расеяй у Данбасе «на другі дзень пасьля выбараў», што агаворваецца ў менскіх дамоўленасьцях.
Парашэнка адзначыў, што цяпер удзельнікі «нармандзкай чацьвёркі» працуюць над «дарожнай мапай» выкананьня менскіх пагадненьняў па Данбасе.