Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі шэф-кухар зьвольнены за жарт пра «Матаролу» і хаваецца


Былы шэф-кухар пецярбурскага гастрапабу C1tizen Рыгор Пашукевіч быў звольнены і цяпер вымушаны хавацца, баючыся за сваё жыцьцё і жыцьцё членаў сваёй сямʼі праз шматлікія пагрозы.

Прычына — разьмешчаны Пашукевічам ў сацсетках камэнтар з нагоды забойства аднаго з камандзіраў фарміраваньняў данецкіх сэпаратыстаў Арсеня Паўлава па мянушцы Матарола.

17 кастрычніка, на наступны дзень пасьля гібелі Паўлава-Матаролы ў выніку выбуху, Рыгор Пашукевіч апублікаваў у «Фэйсбуку» досыць грубы камэнтар гэтага забойства — у выглядзе верша, у якім сам Арсень Паўлаў прадстаўлены мыйшчыкам машын, а яго жонка — дзяўчынай лёгкіх паводзінаў. Сёньня сам Пашукевіч ацэньвае гэты камэнтар як неабачлівы і «дурны».

Адным зь першых на гэты камэнтар у «Твітэры» адгукнуўся ваенны карэспандэнт газэты «Комсомольская правда» Дьмітрый Сьцешын, які паведаміў аб месцы працы Рыгора Пашукевіча, які зьяўляўся шэф-поварам гастрапабу С1tizen, разьмешчанага ў цэнтры Пецярбургу.

Пасьля гэтага на Рыгора і гастрапаб абрынуўся шквал пагроз, у выніку чаго кіраўніцтва гэтай установы было вымушана на наступны дзень, 18 кастрычніка, зьмясьціць паведамленьне аб тым, што Рыгор Пашукевіч звольнены.

— Спачатку ўсё было досыць камічна, сказаў Пашукевіч Радыё Свабода. — Пачалася сварка. І аўтар паста, да якога я зрабіў камэнтар, папрасіў мяне гэты камэнтар выдаліць і папрасіць прабачэньня. У мяне зь ім была асабістая перапіска. Ён абгрунтаваў сваю пазыцыю. Там не было ніякай грубасьці. Ён проста папрасіў мяне прыбраць мой камэнтар таму, што забіты быў яго сябрам. Я зусім слушна гэта прыбраў. Пасьля гэтага Дзьмітрый Сьцешын, які працуе ў «Комсомольской правде», апублікаваў у сябе ў Твітары запіс пра мяне. І там ужо пайшлі пагрозы. Зьявіліся размовы аб тым, што трэба «адарваць азадак ад канапы і стукнуць мяне нажом у печань», што «трэба зрабіць так, каб я больш ня жыў». Потым у ВК прыйшло асабістае паведамленьне пра тое, што ў сераду за мной прыедуць. Гэта было 17 і 18 кастрычніка. Пачуліся тры тэлефонныя званкі, дзе людзі, натуральна, выказваліся ў алегарычнай форме, без выкарыстаньня прамых пагроз — ніхто не казаў, што «прыедзем і забʼем». Але пагрозы былі зусім ясныя. Пасьля гэтага, асьцерагаючыся за сваё жыцьцё і жыцьцё сваёй сямʼі, я схаваўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG