Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікетоўцы перад судом, нэанацысты ў лесе, кантрабандысты на мяжы


Аўтамабільная чарга перад прапускным пунктам «Брузгі»

Аўтамабільная чарга перад прапускным пунктам «Брузгі»

Добры вечар! Чатыры дні цягнецца закрыты суд над Эдуардам Пальчысам, якога абвінавачваюць у экстрэмізьме ў інтэрнэце. Цяжка даводзіцца міліцыянтам, якія склалі каля 40 пратаколаў на пікетоўцаў, якія стаяць пад сьценамі Менскага гарадзкога суду. Цяжка і пікетоўцам. У Паўла Севярынца надарваўся голас. «Нас рэжым вымушае. Так бы мы сядзелі на судзе. Але ён закрыты» – тлумачыць нязручную ўсім сытуацыю Зьміцер Дашкевіч.

ДА КАГО СТРАЛЯЦЬМУЦЬ? Баевікі атраду расейскіх нацыяналістаў «Русіч» выклалі ў сваёй суполцы «УКантакце» фота невядомых байцоў зь беларускім дзяржаўным сьцягам з паведамленьнем: «На мінулым тыдні інструктары ДШВБ „Русіч” правялі камэрцыйную трэніроўку па тактыцы і агнявой падрыхтоўцы для нашых сяброў зь Беларусі». «Мы не гатовыя да сучасная вайны» – сказаў нядаўна Лукашэнка. «Русіч» дапамагае падрыхтавацца?

РАЗМОВЫ Ў ЧАРЗЕ НА ПОЛЬШЧУ. «Калі ня хочаш ісьці красьці, то садзіся ў машыну і вязі паліва і цыгарэты ў Польшчу» – сказаў нам адзін суразмоўнік у чарзе машын перад прапускным пунктам «Брузгі». «Працаваў на будоўлі — заробак 180 рублёў. За гэтыя грошы немагчыма пражыць, а працаваць трэба цэлы дзень, прычым на холадзе і пад дажджом. Дык навошта такая праца?» – адзначыў другі, адказваючы на пытаньне, чаму стаў езьдзіць у Польшчу. «Мы нават дзяцей не змаглі б у школу адправіць, каб ня гэтая Польшча» – дадала суразмоўніца.

«ЗА ВЯЛІКІЯ ГРОШЫ». Уладзімір Ганчарык, колішні прафсаюзны кіраўнік і адзіны прэзыдэнцкі кандыдат ад апазыцыі ў 2001 годзе, сказаў нашай калезе Ганьне Соўсь, што абнародаваныя ім дакумэнты аб датычнасьці атачэньня Лукашэнкі да зьніклых былі прададзеныя «за вялікія грошы» людзьмі, якія зьехалі з краіны.

БЕЛАРУСЬ ЯК ДЗІЦЯЧЫ САДОК. Нашаму рэдакцыйнаму калегу Ігару Карняю выпала пабываць у Туркмэністане і паглядзець тамтэйшае дзяржаўнае тэлебачаньне. «Рэжым Лукашэнкі – дзіцячы садок у параўнаньні з дыктатурай Бердымухамедава» – піша ў сваім блогу наш уражаны калега.

Падпісацца праз электронную пошту.

XS
SM
MD
LG