Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «здаровы лад жыцьця» руйнуе жыцьці


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Запытайцеся ў выпадковага беларуса, якім ён бачыць ідэальнага гараджаніна, і ён апіша маладога мужчыну з уласным бізнэсам, трыма дзецьмі, вялізным сабакам, дабрачыннай дзейнасьцю, актыўнай палітычнай пазыцыяй і абанэмэнтам у басэйн. Паўсядзённасьць ператвараецца ў няспынную гонку за няісным ідэалам, і асаблівае месца ў гэтым ідэальным вобразе займае вобраз цела.

Цела павінна адпавядаць жорсткім патрабаваньням, якія ня так і часта маюць наўпроставую сувязь са здароўем. Эстэтычныя «нормы» зьмяняюцца хутка, але кожны раз са зьнікненьнем старога ідэалу у грамадзтва нібыта зьнікае і памяць, — новы ідэал прапагандуюць зь неверагоднай катэгарычнасьцю і безапэляцыйнасьцю. Людзі, якія ня ўпісваюцца ў новыя каноны, абвяшчаюцца ворагамі самім сабе.

Агульная тэндэнцыя, якая назіраецца «ў шырокіх масах», — гэта няспынныя прэтэнзіі да ўласнага цела і навязьлівае жаданьне «падагнаць» яго пад ідэал.

Адзін з цэнтральных масавых нэўрозаў апошніх гадоў — так званы здаровы лад жыцьця, які ўключае ў сябе два базавыя пастуляты: менш ежы і больш спорту. Перш за ўсё гэта тычыцца жанчын, — нам так часта кажуць, што мы мусім упрыгожваць навакольле. Паказчыкамі пасьпяховасьці пры гэтым зьяўляюцца не фізычная моц, выносьлівасьць ці каардынацыя рухаў, а як можна меншая колькасьць кіляграмаў на вагах і сантымэтраў на таліі. Безумоўна, ёсьць нямала людзей, якія клапоцяцца менавіта пра ўласнае здароўе, але агульная тэндэнцыя, якая назіраецца «ў шырокіх масах», — гэта няспынныя прэтэнзіі да ўласнага цела і навязьлівае жаданьне «падагнаць» яго пад ідэал.

Наіўна было б думаць, што людзі пачалі масава ненавідзець уласныя целы па вялікім супадзеньні. Супадзеньня няма, а ёсьць прага найбольшага прыбытку з выкарыстаньнем масавай культуры. Чым горшымі мы лічым уласныя целы, тым большай колькасьцю сродкаў гатовыя выпраўляць іх. З часам моцна мяняецца зьмест паняцьця «неабходны мінімум камфортнага жыцьця», — тое, што раней лічылася рэдкай забавай, сёньня стала ня проста папулярнай, але нібыта неабходнай для ўсіх прыладай. Кампанія-лідэр па продажы фітнэс-трэкераў выставіла на сусьветны рынак 4,8 мільёна прыладаў толькі за першы квартал 2016 году.

Здароўе тут — пабочны эфэкт пасьпяховых маркетынгавых кампаній. У найлепшым выпадку.

Проста бізнэс, нічога асабістага. Ідэя аб тым, што кожны дзень чалавеку трэба выпіваць 8 шклянак вады, стварыла вялізны попыт на звычайную ваду ў плястыкавых бутэльках. Масавая зацыкленасьць на хударлявасьці дазваляе пасьпяхова існаваць Гербалайфу (аб’ём штогадовага абароту каля 4 мільярдаў даляраў) і іншым падобным кампаніям. Здароўе тут — пабочны эфэкт пасьпяховых маркетынгавых кампаній. У найлепшым выпадку.

Але захапленьне нібыта здаровым ладам жыцьця можа мець і зусім нездаровыя наступствы. Напрыклад, большасьць папулярных дыет можа моцна нашкодзіць целу — парушыць абмен рэчываў, прывесьці да недахопу пэўных мікраэлемэнтаў у арганізьме, пагоршыць стан скуры і валасоў, парушыць працу унутраных органаў. Як бы парадаксальна гэта ні гучала, але тое, што так часта падаецца пад маркай «здаровы лад жыцьця», можа досыць хутка зруйнаваць гэтае самае жыцьцё.

Але найлепшае, што можна зрабіць для свайго цела — гэта любіць яго.

Незалежна ад прынятых у той ці іншы пэрыяд канонаў прыгажосьці, чалавечы арганізм застаецца надзвычай складанай структурай, якая патрабуе клопату. Стандарты і нормы ўвесь час пераглядаюцца нават афіцыйнай мэдыцынай, ня кажучы ўжо пра індустрыі моды і спорту. Але найлепшае, што можна зрабіць для свайго цела — гэта любіць яго. І любая хвароба — ці то скаліёз, ці пагаршэньне зроку, ці атлусьценьне — не павінна станавіцца нагодай для ганьбы, а мусіць толькі падштурхоўваць да большага клопату.

Я заклікаю называць рэчы сваімі імёнамі і не падмяняць клопат грэблівым стаўленьнем. Першыя людзі, якія вучаць нас стаўленьню да ўласнага цела, — гэта бацькі. Нашыя савецкія і постсавецкія бацькі, якіх з дзяцінства вучылі, што калектыўнае важней за асабістае. Нашыя мілыя і клапатлівыя бацькі, якія часта проста ня ўмеюць ісьці супраць плыні і вельмі баяцца аказацца не такімі, як усе. Таму яны з аднаго боку ўвесь час спрабуюць накарміць дзяцей, а зь іншага — няспынна параўноўваюць іх з суседзкімі Машамі і Васямі (і уласныя дзеці, на жаль, часта прайграюць).

Насамрэч няма нічога кепскага ні ў асабіста падабраных фізычных практыкаваньнях, ні ў індывідуальных правілах харчаваньня. Пытаньне ў матыве: чаго я хачу найперш — быць здаровай і ўпэўненай у сабе, ці падабацца навакольным?

Шмат каго з нас вучылі, што эгаізм — гэта кепска, і што клапаціцца трэба перш за ўсё пра іншых. Але ў самалётах дарослым рэкамэндуюць у выпадку надзвычайнай сытуацыі спачатку насунуць сваю кіслародную маску і толькі пасьля гэтага клапаціцца пра дзяцей. Каб ратаваць іншых, патрэбныя сапраўдныя сілы. І звонку іх ніхто ніколі не дасьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG