Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 19 кастрычніка: гадавіна ўтварэньня аргкамітэту БНФ


Дзень утварэньня БНФ: Васіль Быкаў адхіляе ад мікрафону супрацоўніка ЦК КПБ Расьціслава Бузука. У цэнтры - Міхась Дубянецкі. 19 кастрычніка 1988 г.

Дзень утварэньня БНФ: Васіль Быкаў адхіляе ад мікрафону супрацоўніка ЦК КПБ Расьціслава Бузука. У цэнтры - Міхась Дубянецкі. 19 кастрычніка 1988 г.

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша

Бэрлін — Пятро Парашэнка, Ангела Мэркель, Франсуа Алянд і Ўладзімір Пуцін праводзяць сустрэчу ў «нармандзкім фармаце».

Менск — паказ дакумэнтальнага фільма «Барыс Забораў, мастак». Нацыянальны гістарычны музэй (вул. Маркса, 12). Пачатак а 18-ай.

У гісторыі

1453 — капітуляцыя ангельцаў у Бардо; канец Стогадовай вайны.

1813 — разгром арміі Напалеона ў «Бітве народаў» каля Ляйпцыгу, што прывяло да вызваленьня Нямеччыны і Галяндыі.

1831 — Расейскі ўрад прыняў Закон пра аднадворцаў. Паводле яго, у катэгорыю аднадворцаў пераводзілася беларуская дробная шляхта, якая складала каля 10 адсоткаў насельніцтва краю. У краіне было фактычна ліквідаванае сваё, беларускае дваранства — як сацыяльная сіла. Закон быў помстай расейскай адміністрацыі за паўстаньне 1831 году. Дробных дваран пазбавілі зямельнае ўласнасьці і саслоўных адзнакаў. Такім чынам быў радыкальна зьменены сацыяльны партрэт Беларусі — краіна пазбаўлялася сваёй эліты. Яшчэ праз трыццаць гадоў, пасьля чарговага паўстаньня, аднадворцы будуць прыроўненыя да сялянаў.

1859 — у Беларусі ўведзена ў эксплюатацыю першая тэлеграфная лінія Менск — Бабруйск. У 1896 г. у Менску пабудавана тэлефонная станцыя на 100 нумароў. У пачатку ХХ стагодзьдзя тэлефонныя станцыі мелі ўжо 16 беларускіх гарадоў, працавала каля 400 прадпрыемстваў пошты і тэлеграфа.

1933 — Нямеччына выходзіць зь Лігі нацый.

1988 — створаны аргкамітэт БНФ «Адраджэньне». Пасяджэньне, на якое сабраліся заснавальнікі Таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі», адбывалася ў Чырвоным касьцёле — тагачасным Доме кіно ў Менску. Ідэя стварыць аргкамітэт Фронту на ўзор народных франтоў у краінах Балтыі выклікала ў залі працяглую авацыю. З таго часу Беларускі Народны Фронт стаў галоўнай сілаю дэмакратычных пераменаў у краіне ў 80-х — 90-х гадах.

У гэты дзень нарадзіліся

Сяргей Палуян. Кніга вершаў у прозе «Хрыстос уваскрэс»

Сяргей Палуян. Кніга вершаў у прозе «Хрыстос уваскрэс»

1890 — Сяргей Палуян, беларускі пісьменьнік, літаратуразнаўца. Яму прысьвечаныя паэма «Курган» і верш Янкі Купалы «Памяці С.Палуяна», першы і апошні прыжыцьцёвы зборнік твораў «Вянок» Максіма Багдановіча.

1899 — Мігель Анхель Астурыяс, гватэмальскі пісьменьнік, нобэлеўскі ляўрэат. Як і многія іншыя нобэлеўскія ляўрэаты, Астурыяс мусіў уцячы ад дыктатуры ў сябе на радзіме ў эміграцыю і жыў у Эўропе. Быў у яго і адтыдыктатарскі раман, які называўся «Сэньёр Прэзыдэнт».

У гэты дзень памерлі

1745 — Джанатан Сьвіфт, англа-ірляндзкі пісьменьнік-сатырык, публіцыст, паэт і грамадзкі дзеяч.

1937 — Язэп Каранеўскі, дзяржаўны дзеяч, пэдагог, публіцыст, другі рэктар БДУ, правадзейны сябра Інбелкульту, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

1984 — спэцслужбамі ПНР быў забіты Ежы Папялушка, каталіцкі сьвятар. Лічыўся адным з духоўных пастыраў арганізацыі «Салідарнасьць». Публічна крытыкаваў камуністычную ўладу, адкрыта выступаў у абарону правоў чалавека і захаваньня ідэалаў «Салідарнасьці». Служыў літургіі за Бацькаўшчыну ў парафіі Сьв. Станіслава Косткі ў Варшаве падчас ваеннага становішча.

Цытата

«Мы павінны скласьці велічны мартыралёг нашых страт і нашых пакутнікаў. Гэта ляжа кутнім каменем у падмурку нацыянальнай сьвядомасьці, стане важным элемэнтам гістарычнай памяці, і гарантам. Гарантам будучыні народу, які праз генацыд, кроў і зьнявагу з упартасьцю асуджанага ірвецца да сонца, дабра і справядлівасьці».

З выступу Васіля Быкава 19 кастрычніка 1988 г. на ўстаноўчым пасяджэньні таварыства «Мартыралёг Беларусі» і аргкамітэту БНФ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG