Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Калі ня будзе прынята неабходных мер, абвал цалкам рэальны», — у Менску імкліва расьце запазычанасьць па крэдытах


Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Пратэрмінаваная запазычанасьць па крэдытах і пазыках арганізацыяў Менску на 1 верасьня 2016 году склала 349,4 млн дэнамінаваных рублёў. У параўнаньні з 1 студзеня 2016 году гэты паказчык павялічыўся ў 2,1 раза, з 1 жніўня — на 23,6%, паведамляе Белстат.

Экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію Свабодзе сказаў, што рост крэдытаў, якія не абслугоўваюцца, — гэта істотная пагроза для стабільнасьці банкаўскага сэктару Беларусі.

«Безумоўна, усё гэта як сьнежны камяк нарастае для банкаўскай сыстэмы з моманту пачатку крызісу. Справа ў тым, што крэдыты выдадзеныя перш за ўсё за кошт дэпазытаў, а ня банкаўскага капіталу, за кошт прыцягнутых рэсурсаў, зьнешніх і ўнутраных. Сёньня паўстае пагроза для ліквіднасьці банкаў. Гэта сурʼёзная праблема. Яна яшчэ пад пэўным кантролем, ёсьць пэўныя рэзэрвы ў банках на выпадак неплацяжоў. Але пагроза нарастае. Гэта ўсё зьвязана з эканомікай, з тым, што падае экспарт, расьце стратнасьць рэальнага сэктару. Улады падтрымліваюць статус-кво, ня робяць нейкіх прарыўных крокаў, каб ажывіць эканоміку», — кажа ён.

Багданкевіч не прагназуе абвалу банкаўскага сэктару ў бліжэйшы год, але далей сытуацыя можа стаць некантраляванай. «Калі ня будзе прынята неабходных мер, на працягу некалькіх гадоў такі абвал цалкам рэальны. Я маю на ўвазе, калі ўлады будуць працягваць адмаўляць наяўнасьць крызісу і не прымаць жорсткіх мер», — сказаў экс-кіраўнік Нацбанку.

XS
SM
MD
LG