Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэнляндыя патрабуе ад ЗША забраць з выспы падземную вайсковую базу


Урад Грэнляндыі заклікаў ЗША і Данію забраць зь яе тэрыторыі 30 старых амэрыканскіх аб’ектаў, якія засталіся на высьпе ў спадчыну ад «халоднай вайны».

Грэнляндзкія ўлады кажуць, што страчваюць цярпеньне ў сувязі з радыеактыўнымі і хімічнымі адкідамі, якія амэрыканцы пакінулі на высьпе.

Грэнляндыя мае шырокую аўтаномію ў складзе Даніі і лічыць, што Капэнгаген адказвае за кінутыя на яе тэрыторыі амэрыканскія вайсковыя аб’екты.

«Пакуль невядома, якія наступствы для навакольнага асяродзьдзя і здароўя нясуць пакінутыя ў іх адкіды», — гаворыцца ў заяве грэнляндзкага ўраду.

У жніўні было апублікаванае навуковае дасьледаваньне, паводле якога, глябальнае пацяпленьне можа ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі выкінуць радыеактыўныя адкіды на паверхню. Цяпер яны знаходзяцца глыбока пад лёдам у пабудаванай у 1959 годзе базе Camp Century.

Camp Century — гэта падземны горад у рамках пляну Project Iceworm. Ён меўся быць адной з частак цэлай сеткі такіх баз, якія б сілкаваліся дзякуючы пераноснаму атамнаму рэактару. Аднак штомесяц зь яго даводзілася прыбіраць 120 тонаў сьнегу і лёду ў тунэлях, і ў 1966 годзе вайскоўцы пакінулі базу.

Паводле навукоўцаў, ліквідацыя базы можа быць надзвычай дарагой ініцыятывай. Грэнляндцам раілі пачакаць, пакуль раставаньне лёду ня дасягне кропкі, блізкай да зьяўленьня на паверхні адкідаў у выглядзе таксычных хімічных рэчываў, паліва і сьцёкавых вод. Апошнія гады выспа імкліва пазбаўляецца ад сьнежнага покрыва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG