Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі бяз правілаў і бяз прынцыпаў


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Ці бачылі вы ў інтэрнэце відэа дзіцячых баёў бяз правілаў? Хлопчыкі пяці-сямі гадоў выходзяць у актагон і б’юцца – жорстка, па-даросламу. Накдаўны. Балявые. Удушныя.

Ня так даўно ў Грозным на свой дзень нараджэньня Рамзан Кадыраў арганізаваў першы дзіцячы турнір баёў бяз правіл. Удзельнічалі тры сыны Кадырава. Усе трое – пераможцы. Адзін зь іх заваліў хлопчыка-суперніка накаўтам.

Вакол шалеюць дарослыя чачэнцы з атачэньня Кадырава. Бароды да паса, камуфляж, двугаловыя арлы на пагонах.

Не магу ўявіць падобнага пры генэрале Дудаеве, бо той меў жыцьцёвыя прынцыпы і ваяваў па правілах.

Генэрацыя, што паднялася за час першай і другой расейска-чачэнскіх войнаў, гэткіх прынцыпаў ужо ня мае, ім стала можна ўсё, у тым ліку й забыць Дудаева й ягоныя прынцыпы.

Фёдар Емяльяненка – адзін з самых славутых расейскіх байцоў і прэзыдэнт Расейскага саюзу баёў бяз правіл, выказаўся з асуджэньнем турніра ў Грозным з удзелам дзяцей. Неўзабаве ў Маскве была зьбітая невядомымі й патрапіла ў шпіталь ягоная шаснаццацігадовая дачка. Так бы мовіць: бяз правілаў, дык бяз правілаў.

Геаграфія дзіцячых баёў бяз правілаў досыць шырокая. З рознай ступеньню жорсткасьці спаборніцтваў, і Вялікабрытанія, і ЗША, і іншыя цывілізаваныя краіны, ня кажучы пра больш праблемныя куткі зямное кулі. Бацькі не пярэчаць і нават ухваляюць, самі зараджаныя азартам дзіцячых двубояў. Сядзяць дарослыя гледачы ў клюбах, жуюць піцы-гамбургеры, п’юць віно.

Алімпійскія віды двубояў ня толькі вызначаюць, хто мацнейшы, спрытнейшы, разумнейшы, але і маюць на ўвазе пэўны рытуал, дзе годнасьць, справядлівасьць, добразычлівасьць запісаныя ў прынцыпы і ўзьведзеныя ў культ. Як бы не складаўся двубой, прынцыпы мусяць пераважаць над нэгатыўнай эмоцыяй, і калі нэгатыў выплёскваецца вонкі, гэта асуджаецца.

Цяжка ўявіць баксэра, які дабівае павержанага й непрытомнага суперніка. Ня толькі ў рынгу, але й па-за ім. Такая школа, такая традыцыя – бездапаможнага ня кратаць. Ня біць у сьпіну, па патыліцы – з таго ж кодэксу прынцыпаў, якога няма ў гэтых новапаўсталых спаборніцтвах.

Мяне бянтэжыць сама назва – «баі бяз правіл». Нават калі б’юцца дарослыя, гэтая назва чапляе за нешта ўсярэдзіне. Бяз правілаў – гэта значыць, можна ўсё. І ня толькі ў актагоне, але й па за ім. Такі мэсыдж.

Калі дарослыя, збольшага маюць сваю галаву на плячох, пра хлопчыкаў пяці–сямі гадоў такога ня скажаш.

То бок з самага маленства дзецей ня толькі падвяргаюць фізычнай небясьпецы, але і ўбіваюць у іхнія галовы паняткі, якія руйнуюць у іхных вачох цывілізаваныя дачыненьні між людзьмі.

Гадуюцца дзеткі–бультэр'ерчыкі. Мэта – загрызьці суперніка. Да сьмерці.

Папулярнасьць гэтае дзеі, як адзін з адбітакаў новай эпохі чалавечых узаемінаў. Эпохі бяз правілаў. Дзе паступова відазьмяняецца чалавечая матрыца. Калыска цывілізаванай супольнасьці – старажытная Элада, саступае ўнутры чалавека пад націскам новых барбараў.

Армэнія. Дзіцячы турнір па баях бяз правілаў. Адзін хлопчык бяжыць вакол актагона са сьцягам Армэніі.

Пачынаецца бой, хлопчык са сьцягам перамагае, прыдушваючы суперніка да непрытомнасьці.

Чакаючы выраку судзьдзі, хлопчык–пераможца бярэ імправізаваную рыдлёўку, выкопвае імправізаваную магілу, нібыта кідае туды хлопчыка суперніка. Закопвае, танчыць, трамбуючы імправізаваную магілу і наносіць заключны ўдар па ўжо закапаным суперніку.

Шчыра кажучы, больш дадаць няма чаго.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG