Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З пазыцыі люмпэна пераходнае кіраўніцтва ўсё робіць правільна», — як адбываецца зьмена ўлады ва Ўзбэкістане


Юрыст, экспэрт у справе прадухіленьня канфліктаў Шухрат Ганіеў

Юрыст, экспэрт у справе прадухіленьня канфліктаў Шухрат Ганіеў

«Для ўзбэкаў пахаваньне — той момант, калі ты мусіш адразу прыехаць і аддаць даніну павагі. Гэтага чамусьці не зрабіў Назарбаеў, гэтага не зрабіў Лукашэнка», — узбэцкі экспэрт у справе прадухіленьня канфліктаў Шухрат Ганіеў пра спадчыну памерлага Іслама Карымава і віды на будучыню.

Узбэкістан — акурат пасярэдзіне пераходнага пэрыяду паміж аўтарытарным мінулым і спадзевам на больш лібэральную будучыню. Паўтара месяца таму ў Самаркандзе пахавалі нязьменнага ад 1989 году кіраўніка краіны Іслама Карымава, праз такі ж адрэзак часу грамадзяне прагаласуюць за новага прэзыдэнта. Экспэрты з высокай верагоднасьцю прагназуюць абраньне на найвышэйшую пасаду былога старшыні ўраду Шаўката Мірзіёева, якога лічаць прыхільнікам палітыкі «жорсткай рукі». Ці той гэта варыянт, які прынясе 30-мільённаму народу чаканыя правы і свабоды?

Магіла Карымава ў Самаркандзе

Магіла Карымава ў Самаркандзе

Карымаў, які ўшанаваў ахвяраў рэпрэсіяў насуперак Лукашэнку

Шухрат Ганіеў жыве і працуе ў Бухары, але грамадзкая нагрузка вымагае рэгулярных выездаў у сталіцу ды іншыя рэгіёны. З дыплямаваным юрыстам, экспэртам у справе прадухіленьня канфліктаў сустракаемся на тэрыторыі пампэзнага музэю-мэмарыялу памяці ахвяраў рэпрэсіяў узбэцкага народу. Комплекс раскінуўся ў цэнтры Ташкента і ахоплівае пэрыяд ад сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя і да атрыманьня незалежнасьці на пачатку 1990-х. Адкрыўся ён у 2002 годзе, і дата адкрыцьця, 31 жніўня, лічыцца Днём памяці ахвяраў рэпрэсіяў.

Будынак музэю памяці ахвяраў рэпрэсіяў

Будынак музэю памяці ахвяраў рэпрэсіяў

Прэзыдэнт Узбэкістану Іслам Карымаў не прэтэндаваў на тое, каб лічыцца дэмакратам, і таму само існаваньне такога месца падалося нечаканым. Аднак, кажа Ганіеў, татальная дэсавэтызацыя па-ўзбэцку цалкам адпавядае палітыцы, якую Карымаў акрэсьліў ужо на пачатку сваёй кадэнцыі:

«Хоць я не прыхільнік ягоных ініцыятыў, крытыкаваў і буду крытыкаваць тое, што ён рабіў няправільна, але ў адным ён меў рацыю. Магчыма, нават ня ў сілу таго, што гэта была нейкая абʼектыўная неабходнасьць, пакланеньне перад гістарычнымі фактамі ці асэнсаваньне маштабу трагедыі для нашага народу, а дзеля таго, каб народ хутчэй адышоў ад савецкага мінулага. Трэба было проста вырваць людзей са стану гома-саветыкуса і пачаць ідэнтыфікацыю нацыі — незалежнай, сувэрэннай, якая доўгія гады нібыта змагалася, ішла да незалежнасьці.

І вось героі перамагаюць, мы абвяшчаем сувэрэнітэт. Уся гісторыя павінна была працаваць на гэта. Прапагандысцкая машына наладжана такім чынам, што каб гэтых рэпрэсіяў нават не існавала, трэба было іх прыдумаць. Каб паказаць: цёмнае мінулае, зь якога мы выскачылі, атрымала працяг у сьветлай будучыні пад кіраўніцтвам мудрага „стырнавога“. Маўляў, дзякуючы нашаму лідэру краіна вялікімі рыўкамі ідзе наперад».

Фрагмэнт ташкенцкага мэмарыялу

Фрагмэнт ташкенцкага мэмарыялу

У сваю чаргу, мой суразмоўца дзівіцца, што ахвяры рэпрэсіўнай сыстэмы дагэтуль на дзяржаўным узроўні не ўшанаваныя ў Беларусі, дзе толькі за савецкім часам абвясьцілі ворагамі народу і зьнішчылі сотні тысяч чалавек. Пры гэтым выказвае меркаваньне: замарожанасьць беларускай сыстэмы — у шанаваньні савецкага мінулага найвышэйшым кіраўніцтвам краіны, а гэта зусім іншая гісторыя, калі параўноўваць з Узбэкістанам. Аляксандар Лукашэнка, уласна кажучы, гэтага і не абвяргае, называючы развал СССР «катастрофай плянэтарнага маштабу».

Народны смутак па Карымаву ў дзяржаўнай прэсе

Народны смутак па Карымаву ў дзяржаўнай прэсе

Дарэчы, празь месяц пасьля пахаваньня Іслама Карымава прэзыдэнт Беларусі наведаўся на яго магілу ў Самаркандзе, пасьля чаго сустрэўся з удавой — Тацянай. Узбэцкія газэты зьмясьцілі здымкі на першых палосах, але, як лічыць Шухрат Ганіеў, палітычных дывідэндаў Лукашэнка атрымаў няшмат:

Мэмарыяльная дошка ў музэйным комплексе

Мэмарыяльная дошка ў музэйным комплексе

«Гэта трэба было зрабіць. Іншая рэч, чаму Лукашэнка так доўга цягнуў з гэтым візытам? Ведаеце, ва ўсходняй цырыманіяльнай статуснасьці існуюць некаторыя рэчы, якія трэба рабіць своечасова. Для ўзбэкаў, незалежна ад пасады і сацыяльнага стану, пахаваньне — якраз той момант, калі ты мусіш прыехаць і аддаць даніну павагі адразу. Гэтага чамусьці не зрабіў Назарбаеў, гэтага не зрабіў Лукашэнка. Пуцін праз паўзу, але зьявіўся. Вядома, лепей позна, чым ніколі...


Сёньня і ўнутры краіны, і ў іншых дзяржавах найперш чакаюць ад Узбэкістану адкрытасьці. Пасьля 25-гадовай самаізаляцыі і арыентаваньня на двухбаковыя дамоўленасьці насьпелі новыя формы супрацоўніцтва. Ці паўплывае гэта на ўваходжаньне Ўзбэкістану ў тыя ці іншыя кааліцыі і блёкі на эўразійскай прасторы? Ня ведаю, забягаць наперад ня буду. Калі ўсё будзе падтрымлівацца толькі двухбаковым узроўнем — з Таджыкістанам ці Кіргізстанам — гэтага замала. А вось зьяўленьне ў пераліку Беларусі — ужо нядрэнна, плюс для нас усіх».

Лукашэнка і ўдава Карымава на першай паласе парлямэнцка-ўрадавага выданьня «Народное слово»

Лукашэнка і ўдава Карымава на першай паласе парлямэнцка-ўрадавага выданьня «Народное слово»

Мірзіёеў, які разблякаваў дарогі і запусьціў казахскую бульбу

Аналітыкаў цікавіць, ці захавае лінію Карымава на дыстанцыяваньне ад спадчыны Масквы часовае кіраўніцтва, якое мае ўсе шанцы пасьля выбараў замацавацца ва ўладзе? Шухрат Ганіеў лічыць, што наўрад ці ўзбэкі перастануць езьдзіць у Расею, але тая «інтэграцыя» абмяжоўваецца выключна зарабляньнем грошай:

Мячэт у Самаркандзе. Магіла Карымава — справа ад мінарэта

Мячэт у Самаркандзе. Магіла Карымава — справа ад мінарэта

«Наколькі я разумею, тыя людзі, на плечы якіх нечакана зваліўся транзыт улады (як звычайна гэта бывае ва ўмовах аднаасобнага кіраваньня), па ўсім відаць, мяняць ранейшую палітыку ня будуць. Я маю на ўвазе пазыцыю адыходу ад савецкага мінулага, адрыву чалавечай сьвядомасьці ад дыктату Масквы. Тыя людзі, якія памятаюць нейкія станоўчыя моманты з савецкага пэрыяду — людзі майго ўзросту і старэйшыя — паступова сыходзяць з актыўнай палітычнай арбіты. А моладзь, якая ідзе ім на зьмену, вырасла на навязанай зьверху ідэалёгіі дрэннага, якая асацыюецца з СССР.

Іншая справа, што падмена ідэалёгіі, усе гэтыя прапагандысцкія кульбіты, па сутнасьці, не мяняюць эканоміку. Вядома, можна расказаць народу крывавую гісторыю, год-два ці нават дзесяцігодзьдзе карміць казкамі — як здорава, што мы нарэшце свабодныя. Але чалавеку трэба ня толькі слухаць, але жыць у рэальным сьвеце, яму трэба разьвівацца. І гэта павінны ўлічваць тыя, хто сёньня заняў кіраўнічыя пасады».

Выказваньні Карымава ў адміністрацыйных будынках

Выказваньні Карымава ў адміністрацыйных будынках

Як кажа суразмоўца, пасьпяхова пераадолеўшы ідэалягічны адрыў ад Масквы, у эканамічным пляне Ўзбэкістан ня надта мае чым пахваліцца. Адсюль і такое мноства ўзбэкаў, якія выяжджаюць з краіны на заработкі:

«Праблемы на паверхні: працоўныя месцы, узровень прыбыткаў, мізэрныя заробкі. Бюджэтнікі, бывае, месяцамі не атрымліваюць наяўных грошай, сродкі пераводзяцца на плястыкавыя безнаяўныя карткі — тут нюанс у тым, што атаварыцца ў крамах пры такіх разьліках будзе на 10% даражэй, чым гатоўкай дзе-небудзь на рынку. Гэта маржа банкаў, якую яны забіраюць у сілу безнаяўнай ліквіднасьці. Безумоўна, гэта ўсё пакідае свой адбітак, які ўжо ня сьпішаш на зьніклы „савок“. Сёньня сытуацыя такая, што большая частка людзей у рэгіёнах Узбэкістану практычна адрываецца ад сыстэмы сацыяльнага забесьпячэньня дзяржавы. Сямʼя жыве на сродкі, якія прысылае сын, дачка ці сам гаспадар з Расеі, Казахстану ці далёкага замежжа, як ЗША, Паўднёвая Карэя і г.д. Іх бачаньне сьвету ўжо зусім іншае».

Дэсавэтызацыя: замест помніка Леніну — глёбус Узбэкістану

Дэсавэтызацыя: замест помніка Леніну — глёбус Узбэкістану

Паводле Шухрата Ганіева, грашовыя пераводы ўзбэкаў на радзіму дасягаюць 4 мільярдаў даляраў штогод, а гэта палова ВУП Узбэкістану. Аднак запусьціць сродкі ў эканамічны абарот не ўдаецца. Гэтыя немалыя сумы збольшага праядаюцца:

«Здавалася б, усё ж 27-ы год нашай незалежнасьці. Тыя людзі, якія ў розныя гады выехалі за мяжу, маглі б распарадзіцца заробленым капіталам больш разумна. Частка прывезеных грошай магла б накіроўвацца на разьвіцьцё ўласнага бізнэсу, што дазволіла б падымаць у тым ліку ўласных дзяцей. Але так не адбываецца.

Для мяне як аналітыка гэта сьведчаньне, што ўмовы для прыватнага бізнэсу пакідаюць жадаць лепшага. Таму свабодныя грошы, якія ў асноўнай масе прыяжджаюць з Расеі, не інтэгруюцца ў эканамічную сыстэму, у банкі, не інвэстуюцца ў разьвіцьцё вытворчасьці, прыватнага бізнэсу. Яны проста складваюцца ў панчоху ці ідуць на будоўлю дома, вясельле дзяцей ці набыцьцё чарговай статуснай машыны. А грошы скончыліся — зноў у Расею. Грошы канкрэтна праядаюцца. Гэта сумны факт, бо пры ўводзе сродкаў ад мігрантаў у суме 3,5–4 мільярды даляраў штогод, што складае фактычна 50% ВУП Узбэкістану, краіна магла б існаваць і пасьпяхова разьвівацца нават без інвэстыцыйных датацыяў. Вядома, каб падышлі з розумам і ў эканамічнай схеме стварылі б нішы, куды людзі маглі б грошы ўкладаць. Таму спадзяюся, што новы рэжым будзе мець на ўвазе: нельга пакідаць такі вялізны кавалак інвэстыцыяў, якія ўсьляпую прападаюць».

Заклікі прыйсьці на прэзыдэнцкія выбары 4 сьнежня

Заклікі прыйсьці на прэзыдэнцкія выбары 4 сьнежня

Гутаркі з гандлярамі, таксістамі ды іншымі мясцовымі людзьмі паказваюць, што захады пераходных уладаў на чале з экс-прэмʼерам Мірзіёевым збольшага ўхваляюцца. Кіроўцы задаволеныя, што можна нарэшце праехаць па дарогах, якія яшчэ нядаўна былі капітальна перагароджаныя па ўсім маршруце картэжу Карымава. Хатнія гаспадыні радуюцца, што адчыненыя межы для казахстанскай і кіргіскай бульбы, якая ўдвая таньнейшая за мясцовую. Цікаўлюся ў Шухрата Ганіева: ці гэта проста перадвыбарчы папулізм?

Чарга па танную казахстанскую бульбу на рынку ў Ташкенце

Чарга па танную казахстанскую бульбу на рынку ў Ташкенце

«Новы рэжым, які пакуль што ў нас кіруе дэ-юрэ, а дэ-факта хтосьці будзе пэрсанізаваны пасьля 4 сьнежня (хоць прагнозы ўжо можна рабіць цяпер), робіць правільныя рэчы з гледзішча ўзбэцкага абывацеля. Гэта важны псыхалягічны момант. Прынамсі, людзі бачаць (як і вы таксама заўважылі) рэальныя зьмены на побытавым узроўні. Яны не сыстэмныя. Але для люмпэнскай часткі грамадзтва, якой гарантуецца сярэдні даход і да якой улада пачынае паварочвацца тварам, сёньня гэта мае вялізнае значэньне. Апроч таго, Мірзіёеў у сваім выступе сказаў, што будзе ўведзены закон аб міліцыі, які мы чакаем 20 зь лішнім гадоў. Праўда, увядуць яго толькі праз 6 месяцаў.

Ладна, будзем спадзявацца. Але размову з грамадзтвам першая асоба пачала адкрыта, гэта ўжо дасягненьне для нас, бо папярэдні прэзыдэнт пра такі закон нават не гаварыў. Мне як юрысту закон аб міліцыі будзе даваць падставы для абскарджаньня ў судзе дзеяньняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Да гэтага часу мы не маглі на іх нікуды падаць. Усё накіроўвалася на ўнутраны разгляд, але ў карпарацыі крумкач крумкачу вока ня выдзеўбе, скарга паступіла ды зьнікла, усё шыта-крыта».

Перадвыбарная агітацыя на вуліцах Ташкента

Перадвыбарная агітацыя на вуліцах Ташкента

Францускія журналісты, злоўленыя на баваўняных плянтацыях

Праблемай для мясцовых па-ранейшаму застаецца прымусовая праца на баваўняных плянтацыях. Пад Самаркандам дзякуючы мясцоваму праважатаму ўдалося сфатаграфаваць, як зьбіраюць бавоўну. Але не заўсёды на такую цікаўнасьць з боку замежнікаў глядзяць спакойна — літаральна на наступны дзень, паводле зьвестак Шухрата Ганіева, блізу аднаго з палёў былі затрыманыя журналісты з Францыі:

«Псуе карціну баваўняная кампанія. Затрымалі праваабаронцу Алену Ўрлаеву з фатографам Цімурам Карпавым і францускімі журналістамі. Уласна кажучы, ніякай забароны няма і быць ня можа. Ну як забараніць чалавеку сысьці з дарогі і зьняць плянтацыю? Тут розьніца падыходаў мясцовай і цэнтральнай уладаў. Я ўваходжу ў праектную групу маніторынгу Міжнароднай арганізацыі працы і Ўсясьветнага банку. Мы пачынаем працаваць ад сярэдзіны жніўня і да канца ўборкі.

Задача — праехацца з прадстаўнікамі гэтых структураў па рэгіёнах і адшукаць сьляды прымусовай працы. І калі летась, нягледзячы на адмысловы дазвол, мясцовыя ўлады ліхаманкава ганялі нас з палёў, то сёлета па краі дарог у бухарскім рэгіёне бачыў банэры, дзе вялікімі лічбамі пазначаныя тэлефоны даверу ў апараце Кабінэту міністраў, па якіх можна затэлефанаваць у выпадку прымусу на ўборку. Я разумею, што ня кожны асьмеліцца гэта зрабіць, падумаўшы пра наступствы, бо ананімны званок не прымаецца. Але бачыў, як людзі на ўсялякі выпадак занатоўвалі нумары. Гэта дае надзею і грае на карысьць новых людзей ва ўладзе. Раней такога не было. Пакуль улада ўмела карыстаецца момантам».

Баваўняныя плянтацыі пад Самаркандам

Баваўняныя плянтацыі пад Самаркандам

Як перакананы суразмоўца, пры мностве надзённых пытаньняў першай задачай новых уладаў усё ж павінна стаць наладжваньне адносінаў з бліжэйшымі суседзямі Ўзбэкістану. Найперш з Таджыкістанам і Кіргізстанам:

«Гэта праблема, якая даўно сьпела. Яна была катастрафічна дурная, бо вяла нас і нашых суседзяў папросту ў ідыёцкую сытуацыю. Ну як можна падзяліць узбэкаў і таджыкаў, блізкія, роднасныя народы? Іслам ханафіцкага кірунку, які нас абʼядноўваў. Гэта прыблізна тое ж, як убіць клін паміж беларусамі, украінцамі, расейцамі, славянамі, якія заўсёды жылі побач. Раптам закрытая мяжа з Таджыкістанам. Мая маці нарадзілася ў Душанбэ, прыехала сюды яшчэ да вайны. Палова Бухары мае сваякоў у Таджыкістане, у паловы Таджыкістану блізкія ў Самаркандзе і Бухары. Там пару гадзін язды на машыне, а людзі мусяць атрымліваць візы ў амбасадзе. Вядома, сытуацыю мяняць неабходна, і ня толькі дзеля таго, каб дагадзіць настроям народу».

Даглядчыкі над зьбіральнікамі бавоўны

Даглядчыкі над зьбіральнікамі бавоўны

Ці можа ў новы парадак дня для Ўзбэкістану ўклініцца Беларусь? Ці прывёз Аляксандар Лукашэнка, апроч спачуваньняў сямʼі нябожчыка Карымава, нейкія эканамічныя прапановы? Шухрат Ганіеў згадвае пра плённыя некалі стасункі зь Беларусьсю, якія цяпер у стадыі глыбокай замарозкі:

«Зь Беларусьсю ў нас былі кантакты вельмі нават нядрэнныя, пачынаючы яшчэ ад савецкіх часоў. Перадусім з гледзішча паставак сельгастэхнікі, паставак сельгаспрадукцыі, найперш бульбы. Знакамітая беларуская бульба была ў літаральным сэнсе нарасхват. Але гэта дачарнобыльскія часы. Пасьля аварыі на ЧАЭС пачалі пашырацца чуткі — магчыма, абгрунтаваныя, а магчыма, і не: маўляў, ня толькі гомельская бульба, а і зь іншых раёнаў рэспублікі ўяўляе небясьпеку для здароўя, утрымлівае радыяцыю і г.д. Як бы там ні было, народ стаў купляць яе меней. Але тым часам вырасла вялікая колькасьць людзей, якія ня ведаюць, ня памятаюць той пэрыяд, на іх тыя страхі аніяк ня ўзьдзейнічаюць. Таму поле для супрацы вялізнае...

Які шлях выбера Ўзбэкістан у сваім свабодным разьвіцьці? Заставацца ізаляванай краінай, якая будзе паветраным шляхам кантактаваць з разьвітымі дзяржавамі кшталту Кітаю, зь якім ня мае агульнай мяжы? Ці ўсё ж стаць нейкім ядром разьвіцьця ў рэгіёне Цэнтральнай Азіі, абʼяднаўшы вакол сябе іншыя рэспублікі? Мне здаецца, што гэта нашмат выгаднейшы варыянт, і ён забясьпечыў бы працай вялізную колькасьць людзей».

Краявіды вечаровага Ташкенту

Краявіды вечаровага Ташкенту

Выбары кіраўніка Ўзбэкістану пройдуць 4 сьнежня, выбарчая кампанія пачалася 9 верасьня. Пазачарговыя выбары былі прызначаныя пасьля сьмерці першага прэзыдэнта Іслама Карымава, які кіраваў краінай больш за 26 гадоў. Вылучаны ў кандыдаты выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Шаўкат Мірзіёеў лічыцца найбольш верагодным спадкаемцам Карымава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG