Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША і Вялікабрытанія разглядаюць новыя санкцыі супраць Расеі і Сырыі


Борыс Джонсан і Джон Керы

Борыс Джонсан і Джон Керы

Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія ў нядзелю заявілі, што яны разглядаюць новыя санкцыі, каб зрабіць ціск на сырыйскі і расейскі ўрады з мэтай спыненьня наступу на горад Алепа і яго ваколіцы, якія застаюцца пад кантролем паўстанцаў.

Паведамленьне пра гэта зьявілася пасьля сустрэчы так званых краін-аднадумцаў — эўрапейскіх дзяржаваў і дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі, якія маюць салідарную пазыцыю па Сырыі. Тон перамоваў на гэтай сустрэчы ў нядзелю, 16 кастрычніка, быў значна больш жорсткі, чым на перамовах паміж дзяржсакратаром ЗША Джонам Керы і міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым у суботу.

Перамовы краін-аднадумцаў адбыліся ў Лёндане, у іх бралі ўдзел дыпляматы Францыі, Нямеччыны, Італіі, Савудаўскай Арабіі, Катару, Турэччыны, Ярданіі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Эўрапейскага Зьвязу.

У нядзелю Керы заявіў, што ЗША разглядаюць ідэю санкцый і прэзыдэнт Абама не выключае ніякіх варыянтаў. Паводле афіцыйных асобаў ЗША, яны разглядалі некалькі магчымых захадаў: павелічэньне паставак сьмертаносных узбраеньняў паўстанцам, абмежаваныя ваенныя ўдары па пазыцыях рэжыму Асада і санкцыі. Але Керы заўважыў, што ён ня бачыць з боку эўрапейскіх дзяржаваў вялікай ахвоты ўмешвацца ў вялікую вайну ў Сырыі. Керы абвінаваціў Расею ва ўдзеле ў «штодзённых злачынствах супраць чалавечнасьці».

Пазыцыю Керы пацьвердзіў і міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, які пасьля дыскусіі таксама заявіў, што ўсе варыянты застаюцца на стале, каб спыніць кровапраліцьце. Але, паводле Джонсана, удзельнікі нарады выказалі боязь адносна ваеннага падыходу да разьвязаньня сырыйскага крызісу. Паводле Джонсана, вельмі важным крокам можа стаць пашырэньне эканамічных санкцыяў супраць Расеі і Сырыі.

Джонсан заклікаў ЗША і Эўропу даць Расеі «адчуць наступствы» яе ваеннай кампаніі ў Сырыі.

У паведамленьні пра вынікі лёнданскай нарады агенцтва Associated Press піша, што эфэкт ад санкцыяў можа быць няясны, бо ранейшыя санкцыі ня здолелі пераламаць сытуацыю з анэксіяй Крыму ў 2014 годзе і да таго ж некалькі эўрапейскіх партнэраў Амэрыкі выказалі занепакоенасьць у сувязі з пэрспэктывай увядзеньня новых і, магчыма, дарагіх санкцый.

XS
SM
MD
LG