Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган абвясьціў пра пачатак наступу на сьвяты для «Ісламскай дзяржавы» горад Дабік


Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган абвясьціў пра пачатак новай фазы апэрацыі «Шчыт Эўфрату» — наступу на сьвяты для ісламістаў сырыйскі горад Дабік.

Сырыйскія апазыцыйныя групоўкі, якія падтрымлівае Турэччына, публікуюць фота з ваколіц гораду, дзе, калі верыць прадказаньням, мае адбыцца «фінальная бітва паміж войскам мусульман і ардой нявернікаў» — адзін з найважнейшых мітаў у агітацыйнай працы «Ісламскай дзяржавы».

Анонс, які абяцае далейшую эскаляцыю канфлікту, зьявіўся ў той час, як у Лязане міністры замежных справаў шэрагу дзяржаваў, у тым ліку Расеі і ЗША, спрабуюць абмеркаваць дыпляматычныя шляхі ўрэгуляваньня на фоне абвастрэньня баёў ля іншага гораду на поўначы Сырыі — Алепа. Там наступальную апэрацыю пры падтрымцы расейскай авіяцыі праводзіць армія прэзыдэнта Сырыі Башара Асада.

Пра наступ на Дабік паведамляе тэлеканал CNNTurk. Выказваньні Эрдагана таксама цытуюцца ў афіцыйным Twitter-акаўнце апэрацыі «Шчыт Эўфрату». Ён яшчэ раз пацьвердзіў намер стварыць уздоўж мяжы Сырыі з Турэччынай зону бясьпекі плошчай 5000 кв. км. Эрдаган нагадаў, што ад тэрарыстаў ужо вызваленыя гарады Джэраблус і Раі: «Цяпер рухаемся наперад у напрамку Дабіку».

Дабік, заняты «Ісламскай дзяржавай» летам 2014 году, — горад, згадваны ў ісламскім прароцтве 1300-гадовай даўніны. У ім мае адбыцца «апошняя бітва паміж мусульманскай арміяй і ардой нявернікаў». Мусульманскі Армагедон стаў фундамэнтальнай часткай ідэалёгіі «Ісламскай дзяржавы», якая актыўна выкарыстоўваецца пры вярбоўцы новых ваеўнікоў, перакананых, што яны жывуць на мяжы «пералому гісторыі».

XS
SM
MD
LG