Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Нас імкнуцца далучыць да „русского мира“, дзе няма ні свабоды, ні дабрабыту, ні нармальнай эканомікі...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Тэма, якая на працягу дзесяцігодзьдзяў нязьменна гучыць у пошце Свабоды, — лёс роднай мовы, якая пад ціскам татальнай русыфікацыі паступова занепадае і вынішчаецца. Прычым датычыць гэта і грамадзкага ўжытку, і прыватнага жыцьця.

Чаму так адбываецца? Ці можна лічыць гэты працэс стыхійным, выкліканым глябалізацыяй, альбо яго мэтанакіравана і пасьлядоўна ажыцьцяўляюць і кантралююць сілы, варожыя незалежнай Беларусі?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Алесь Станкевіч з Горадні піша:

«Мы сталі сьведкамі і міжвольнымі ўдзельнікамі маштабнай апэрацыі па гвалтоўнай русыфікацыі беларусаў зь відавочнай мэтай — завяршыць стратэгічную задачу Крамля: канчаткова анэксаваць Беларусь у склад Расейскай імпэрыі. Кіруе гэтай справай галоўны расейскі імпэрац — Пуцін і ягоная сілавая дзяржаўная структура — ФСБ.

А галоўным кірункам для іх стала зьнішчэньне беларускай нацыянальнай і культурнай сьвядомасьці, а таксама магутнае замбаваньне грамадзтва ў русыфікацыйным пляне. У Маскве адчуваюць: калі страцяць Беларусь, то апынуцца ў фактычнай блякадзе з боку Захаду. Бо Прыбалтыку і Ўкраіну яны ўжо страцілі.

Ім патрэбен беларускі калідор на Захад. А спадар Лукашэнка супрацьстаяць гэтай экспансіі ня хоча, ды ўжо і ня можа. Бо залез у вялізныя даўгі і мае нейкую несусьветную прагу да асабістай улады.

У такой сытуацыі добра было б, каб Захад узмацніў абʼектыўнае інфармаваньне беларускага насельніцтва пра гэтыя працэсы. У прыватнасьці, дэмакратычнай апазыцыі варта зьвярнуцца да польскага кіраўніцтва, каб далі загад з дапамогай перадатчыкаў уздоўж сваёй усходняй мяжы трансьляваць тэлеканал «Белсат» на заходнія раёны Беларусі. Справа гэтая вартая. Пакуль што «Белсат» можна глядзець толькі праз спадарожнік. А для многіх беларусаў купіць за 120 даляраў спадарожнікавую антэну, ды потым яшчэ настроіць яе — надта дарагая прыемнасьць.

Між тым пакуль што беларусы на сваіх тэлеэкранах бачаць пераважна маскоўскія тэлеканалы (РТР, НТВ ды іншыя), празь якія вядзецца маштабнае замбаваньне ў духу так званага «русского мира».

У сувязі з вашым, спадар Алесь, лістом я згадаў гісторыю двухгадовай даўніны, калі прэзыдэнты Лукашэнка і Парашэнка нібыта дамовіліся пра ўзаемную трансьляцыю сваіх першых нацыянальных каналаў на тэрыторыі абедзьвюх краін. Украінцы ўжо і тэхнічна былі гатовыя распачаць трансьляцыю з 1 студзеня мінулага году. Але вусныя дамоўленасьці так і не былі рэалізаваныя. І прычынай стаў, як можна здагадацца, зусім не ўкраінскі бок.

Сёньняшняя беларуская ўлада ў сваёй інфармацыйнай палітыцы зусім не самастойная — гэта відавочна. Дзясяткі расейскіх тэлеканалаў (у тым ліку прапагандысцкай накіраванасьці) ня толькі бесьперашкодна трансьлююцца на ўсёй тэрыторыі Беларусі — яны яшчэ і атрымліваюць найбольшае спрыяньне. Усе іншыя суседнія краіны пры гэтым ня могуць разьлічваць ні на што падобнае — хоць у Беларусі жыве значная колькасьць і ўкраінцаў, і палякаў, і літоўцаў.

Тое, як расейская прапагандысцкая машына апрацоўвае грамадзкую думку ў Беларусі, трывожыць і непакоіць і іншага нашага слухача — Лявона Брагінскага зь Менску. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

«Цяпер ужо аж страшна падыходзіць да тэлевізара: цэлымі днямі там выкрываюць змовы, плятуць інтрыгі, шчыруюць экстрасэнсы ды яснавідцы. А на дэсэрт — абавязкова пра падкопы Амэрыкі, якая толькі і марыць, каб ці то захапіць нас, ці падняволіць... Нібыта гэта Амэрыка ўчыніла тры падзелы Рэчы Паспалітай і гвалтам далучыла да сябе ліцьвінскія землі. Нібыта гэта яна пільна сочыць, каб беларусы, крый Божа, не адрадзілі сваю мову, а гаварылі толькі па-ангельску. Нібыта Злучаныя Штаты пасадзілі нам на шыю бальшавіцкую ўладу, якая зьнішчыла амаль усе нашы гістарычныя нацыянальныя набыткі...

І да якога гэта „русского мира“ так хочуць далучыць нас у Маскве? Да таго, дзе няма ні свабоды, ні дабрабыту, ні побытавай уладкаванасьці, ні тэхналёгій, ні нармальнай эканомікі? Затое ёсьць так званыя „зялёныя чалавечкі“ — тыя самыя, якія прыйшлі на зьмену апрычнікам, чарнасоценцам, уласаўцам, „сьмершаўцам“, энкавэдыстам... І адзіны спосаб, які яны выкарыстоўваюць, каб далучыць да свайго „русского мира“ — гэта гвалт, грубая сіла, шантаж, зброя...».

Панаваньне расейскіх тэлеканалаў у беларускай інфармацыйнай прасторы, сапраўды, татальнае. Тут, аднак, варта мець на ўвазе, што маштабы аўдыторыі традыцыйнага тэлебачаньня сёньня — зусім ня тыя, што былі дзесяць ці дваццаць год таму. Гадзінамі праседжваюць ля тэлеэкранаў і толькі адтуль атрымліваюць інфармацыю пераважна людзі сталага ўзросту, пэнсіянэры. Моладзь жа арыентуецца галоўным чынам на інтэрнэт. А там расейскія прапагандысты вялікага ўплыву ня маюць.

Паштовая скрынка

Дарэчы, гэта ж датычыць і традыцыйных друкаваных выданьняў. Беларуская ўлада па інэрцыі працягвае фінансаваць зь дзяржбюджэту сотні газэт, якімі кіруюць выканкамы ўсіх узроўняў, хоць насамрэч час гэтых друкаваных рупараў незваротна мінае, наклады катастрафічна падаюць, і падтрымліваць іх удаецца толькі за кошт так званага «адміністратыўнага рэсурсу» — гэта значыць, прымусовай падпіскі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

XS
SM
MD
LG