Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Налібачанін у Пэнтагоне альбо не адкладайце сямейную гісторыю на пазьней


Генры Астапей

Генры Астапей

- Цябе паслухаць, дык увесь сьвет з Налібак, — кажуць часам мае сябры, чуючы аповеды пра землякоў-аднавяскоўцаў, раскіданых па сьвеце. Я і сам дзіўлюся адкуль іх столькі: цікавых і неардынарных. Іншым разам пачынаю верыць, што мае землякі, як тыя масоны з тэорый змоваў, таемна кіруюць сьветам.

Аднойчы я прыкмеціў «налібацкае» прозьвішча ў сваёй варшаўскай выкладчыцы журналісцкага стылю. — А вы не зь Беларусі часам? — пытаюся. — Не, я ніколі там і не была — адказвае прафэсарка. Сыходжу з паразай і раптам чую: — Але бацькі майго мужа з тых краёў, з такой вёскі, якую немцы спалілі падчас вайны. Божа, як жа яна называецца? Мммм... Налібакі... неяк так — адказвае выкладчыца. Муж прафэсаркі аказаўся вядомым варшаўскім адвакатам.

Пасьля гэтай гісторыі я ўскрыкнуў «эўрыка». Дзякуючы пошукавай сыстэме ў Інтэрнэце я знайшоў некалькі дзесяткаў семʼяў налібачан у сьвеце. Ян Мішук аказаўся першым хакеістам зь Беларусі ў НХЛ. Джордж Фарботка — амэрыканскім мастаком, які займаецца абстрактнай і сюрэалістычна-фантастычнай скульптурай. Чэслаў Ярашынскі — польскім паэтам і кінаакторам, Эн Сімпкінсан — рэдактаркай аднаго папулярнага амэрыканскага часопісу. Бацька «Міс-Каліфорніі-90» — налібачанін, дзяды аўстралійскага спартыўнага журналіста Кэрала Годыля — налібачане. Бацька аднаго з польскіх прэмʼераў — быў некалі суседам маёй прабабулі. Сьпіс можна доўга працягваць. Усіх гэтых людзей абʼядноўвала цікавасьць да сямейнай гісторыі, гісторыі Налібак і ваколіц. Так мы ўсе і пазнаёміліся.

Такім жа чынам я знайшоў сына налібацкіх эмігрантаў з Канады — Генры Астапея. 10 гадоў таму я заўважыў яго прозьвішча на генэалягічным форуме і ў мяне адразу ж запалілася «чырвоная лямпачка». Я не памыліўся.

Стэфанія Верамей-Астапей (другая зьлева ў другім шэрагу), 1930-я, Налібакі.

Стэфанія Верамей-Астапей (другая зьлева ў другім шэрагу), 1930-я, Налібакі.

Бацькі Генры — Стэфанія Верамей і Станістаў Астапей нарадзіліся, вырасьлі і ажаніліся ў Налібаках. Падчас вайны партызаны забілі бабулю і дзядзьку Генры, немцы спалілі дом маладых бацькоў, а іх самых вывезьлі ў рабства ў Нямеччыну. Некалькі гадоў Стэфанія і Станіслаў працавалі «на баўэра», а напрыканцы 1940-х выехалі ў Канаду.

Генры стаў чацьвёртым дзіцем у сямʼі. Вучыцца ён пачаў у канадзкай школе, але скончыў ужо амэрыканскую, бо бацькі пераехалі ў шмат Масачусэц на паўночным усходзе Амэрыкі.

Сваё жыцьцё Генры Астапей прысьвяціў войску — Ваенна-паветраным сілам ЗША, некалькі гадоў служыў у Карэі. Яго талент і працавітасьць заўважылі ў Вашынгтоне і запрасілі працаваць у Пэнтагон. У Міністэрстве абароны ЗША маёр Астапей працаваў 10 гадоў.

У 1994 годзе Стэфанія Астапей, пасьля 50-гадовага прымусовага расстаньня з Налібакамі, наведала Беларусь і паказала свайму сыну родавае мястэчка. Пасьля таго, як Генры ўбачыў прадзедаўскі пляц на Наваградзкай вуліцы і магілы продкаў на налібацкім цьвінтары, ён пачаў цікавіцца сямейнай гісторыяй. Некалькі гадоў таму я быў пабываў у яго доме ў Вашынгтоне і быў уражаны колькасьцю кніг па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Больш за 10 гадоў Генры з сястрой Вічай па крупіцах зьбіраюць сямейныя рэліквіі ад сваякой у ЗША і Эўропе: фотаздымкі, лісты, дакумэнты і ўспаміны. Апошнія паўтара месяца ён правёў у Польшчы, сустракаўся з сваякамі, распытваў пра ўсё тое, што не пасьпеў распытаць у бацькоў. Абʼезьдзіў вёскі на захадзе краіны, дзе жывуць перасяленцы з Налібак, каб дазнацца, што яны памятаюць пра налібацкіх Астапеяў.

У наступным годзе Генры зь сястрой плянуюць цэлае турнэ па эўрапейскіх архівах, дзе могуць знаходзіцца зьвесткі пра ягоны род і роднае мястэчка дзядоў.

Генры Астапей з кнігай унучкі ўраджэнца Кобрына - амэрыканскай журналісткі Эн Эплбаўм у сядзібе Радыё Свабода, Прага

Генры Астапей з кнігай унучкі ўраджэнца Кобрына - амэрыканскай журналісткі Эн Эплбаўм у сядзібе Радыё Свабода, Прага

За больш як 10 гадоў, якія я ведаю Генры і яго сястру, яны сталі для мяне зборным вобразам людзей, для якіх дасьледаваньне мінулага пра гісторыю сваёй сямʼі стала часткай жыцьця. Для таго, каб пабачыць пажоўклую паперку з датамі нараджэньня прадзедаў, яны гатовыя ляцець тысячы кілямэтраў і выдаткоўваць тысячы даляраў.

Пра іх заўжды ўзгадваю, калі лянуюся ў вольную хвіліну апісаць пачутую яшчэ ў дзяцінстве ад дзеда гісторыю альбо калі дзесяты раз, праяжджаючы каля віленскага архіва, абяцаю сабе наступным разам абавязкова туды зайсьці і пашукаць налібацкія мэтрыкі. Іх цікавасьць да гісторыі свайго роду — гэта крык да ўсіх тых з нас, хто пакідае сямейную гісторыю на пазьней, бо перакананы, што жыцьцё доўгае і ўсё пасьпеецца. А калі адыходзяць дзяды і бацькі, мы пачынаем рваць валасы на галаве, што не пасьпелі ў іх пра шмат што спытацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG