Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Слушна заўважана – даўшы Нобэля Алексіевіч, а пасьля Дылану, швэдзкія акадэмікі вярнулі сабе рэпутацыю.

Каб пра Дылана нехта сказаў – не таму далі! – такога не сустракаў. Пра Алексіевіч калі й сустракаў, дык толькі ад «грамадзян саюзнай дзяржавы». Ня чуў таксама звычайнага: эх, Нобэль ужо ня той! Сапраўды, ня той. Ня той, што «ўжо ня той».

Мне ў гэтых прэміях бачыцца прыклад чагосьці шырэйшага, таго, што заходняя цывілізацыя здольная да самаўзнаўленьня – калі ўважліва слухаеш грамадзкую думку і робіш высновы зь няўдач уласнага заскарузлага кансэрватызму. Час ідзе, а ты на месцы, і час праходзіць міма. Мы з вамі з году ў год наракалі на страту цікавасьці да гэтай прэміі, а яны, аказваецца, нас слухалі і чулі. І выйшлі за рамкі традыцыйнага пісьменьніцкага монаінструмэнталізму – спачатку далі рэпартэру, а пасьля – барду.

Прыярытэт заходняе цывілізацыі ў тым, што яна сябе бачыць такой, якая ёсьць. Чаго ня скажаш, да параўнаньня, пра Расею, якая сябе бачыць такой, як хоча. Мы вялікая дзяржава, нас усе баяцца…

Як сябра журы прэміі Гедройця, я ганаруся, што напярэдадні Нобэля мы зрабілі па сутнасьці тое самае, даўшы літаратурную ўзнагароду барду Максу Шчуру – постаці аднаго поля з Бобам Дыланам. Проста лішні раз пераконваюся, што ў жылах беларускай культуры цячэ кроў заходняе цывілізацыі. Мы не вялікая дзяржава, ня хочам, каб нас баяліся, час не абмінае нас, скутых заскарузлым кансэрватызмам.

Мультыінструмэнталізм Нобэля, Алексіевіч, Дылана, Гедройця, Шчура – гэта ўсё зьявы адраджэньня культуры, яго найпершая прыкмета. Аднажанравыя творцы – наадварот, прыкмета стагнацыі. А тут, куды ні зірні – і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Мэйнстрым ад Леанарда да Вінчы. І гэты мэйнстрым – наш.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG