Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагоня – як замежны экспанат за шклом


Кафля з Пагоняй на выставе ў Горадні

Кафля з Пагоняй на выставе ў Горадні

У Горадню прывезьлі Пагоню. Не дзяржаўны герб, гэта вершнік на пячной кафлі з палацу ўладароў Вялікага княства, што ў Вільні.

Пагоня – як замежны экспанат за шклом. Бо наш родны рыцар воляю ўлады зроблены нянашым. Зь дзяржаўнага гербу — падставай для затрыманьня і штрафу. І як вялікае дасягненьне сёньня, праз дваццаць гадоў, наступіла грэблівае незаўважаньне.

Ці бывалі вы апошнім часам у літоўскай сталіцы? Ці бачылі, як літоўцы з падмуркаў адбудавалі вялізны гмах, былую рэзыдэнцыю вялікіх князёў літоўскіх? Над якім лунае сьцяг з рыцарам?

Палац вялікі князёў у Вільні

Палац вялікі князёў у Вільні

Сёньня ў Горадні можна ўбачыць музэйныя рэчы зь віленскага палацу. Гісторыя археалягічных пошукаў і адбудовы «дому ўраду» ВКЛ — у выставе ў адным з пакояў музэя гісторыі рэлігіі. Ён таксама, між іншым, у былым палацы. Палац належаў Храптовічам. Адносна невялікі, але для Горадні важны.

Гісторыя археалягічных раскопак, знаходак пад Замкавай гарой у Вільні вельмі паказальная. Вывучана ўсё, што трапілася ў рукі ў культурным слоі пасьля дбайнага прасейваньня грунту. Зразумела, мноства кафлі, керамікі, але таксама зброя, часткі латаў. Лякалізаваныя і дасьледаваныя нават дзевяць прыбіральняў (палац быў значным па памерах), а на выставе можна ўбачыць гліняныя начныя гаршчкі жыхароў.

Выява Вільні на старой гравюры, на якой можна ўбачыць цьвержу на Замкавай гары і палац вялікіх князёў пад гарою

Выява Вільні на старой гравюры, на якой можна ўбачыць цьвержу на Замкавай гары і палац вялікіх князёў пад гарою

Міжволі параўноўваеш з гарадзенскай сытуацыяй. Больш за год таму абдзерлі тынк са Старога замка, уязной часткі. Маўляў, каб вывучыць муры, як яны перабудоўваліся, і пачаць яго рэканструкцыю. На жаль, пакуль рукі не дайшлі. Відавочна: тыдні дажджоў, як здарылася ў кастрычніку, не паляпшаюць стан муроў, якія спэцыялісты яшчэ летась прызналі даволі лядашчымі.

Чаму так? Грошай зноў няма на такія рэчы? Можа быць. Але на літоўскай выставе разумееш з усёй яснасьцю адну рэч: літоўцы падыходзяць да уладароў ВКЛ, да былых насельнікаў палацу вялікіх князёў як да сваіх родных продкаў. У нас на словах штосьці падобнае таксама можа прагучаць, калі мова будзе аб Старым замку, але насамрэч у душы так ня лічаць. Начальства прынамсі. А ад яго ўсё залежыць напрасткі. У нас абавязкова пачнуць вынюхваць: а якой ён веры быў, князь? Праваслаўнай ці не? А калі быў праваслаўным, то кім перад тым? Па-славянску Доўбняю называўся ці якім Даўмонтам? І калі нават праваслаўным быў, а потым раптам каталіком зрабіўся — то які ж гэта свой, «рускі»? І калі пачынаюцца такія хістаньні ў думках, а яны непазьбежныя, то выходзіць, што ў замках жылі ня нашы людзі, а невядома хто.

У замкавым музэі вісела на паглядным месцы карціна вядомага сталічнага мастака. Грунвальдзкая бітва. І рыцар на першым пляне. Наш, родны. Як толькі «грянул» рэфэрэндум у 1995-м, карціну хуценька прыбралі з вачэй.

Чаго вы чапалі Пагоню? Ня вы стваралі, ня вы вярталі беларусам у якасьці дзяржаўнага герба. Так бяздумна, бязглузда. Прагалы ў адукацыі? Пагоню зрабіў гербам вялікі князь Віцень, які пасьпяхова ствараў, калі зірнуць на мапу, у значнай ступені сёньняшнюю беларускую дзяржаву.

«Грунвальдзкую бітву» беларускага мастака ў Горадні схавалі… На ўсё жыцьцё мне запомнілася, як у 1990-м мы клюбам «Паходня» прыехалі на месца Грунвальдзкай бітвы ў Польшчы ў гадавіну. З гербам Пагоня, зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Якое мы перажывалі ўзрушэньне!

Наступнай была паездка ў 1996-м. Паміж дзьвюма паездкамі нашы сымбалі пабылі дзяржаўнымі і зноў страцілі свой статус. Але калі ў 1990-м за іх не каралі, то пасьля рэфэрэндуму стала інакш. Мы зноў прыехалі як аматары Пагоні, якую правезьлі нібы кантрабандай. А літоўцы прыехалі са сваімі дзяржаўнымі сымбалямі. У душы было пачуцьцё абражанасьці. Мы страцілі сьвятыя рэчы праз нейкую шэрую масу, праз калгасьнікаў, у якіх у галаве сярпы з молатамі. Не захацелі быць рыцарамі? Нават ня ўдумаліся. Прывыклі быць нікім, вінцікамі, нікім і засталіся.

Такія думкі выклікае, такія пачуцьці абуджае выстава, прывезеная з палацу вялікіх князёў літоўскіх. Хаця можна проста пахіхікаць, што літоўцы дакапаліся да кожнай прыбіральні і дбайна склеілі з аскепкаў начны гаршчок.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG