Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва Сафійскага сабору ў Віцебску ўдалося прыпыніць, дзякуючы грамадзкім пратэстам


Пра гэта стала вядома на сходзе, арганізаваным Віцебскім гарвыканкамам у адказ на калектыўны ліст жыхароў Віцебску, незадаволеных тым, што дзеля будаўніцтва новага праваслаўнага храма будзе зьнішчана вялікая частка гарадзкога парка.

На сход, прызначаны за суткі да го правядзеньня, сабралася больш за сотню віцяблян. Шмат хто з настроеных супраць будаўніцтва ня змог патрапіць на імпрэзу, бо незадаволеных гэтай ідэяй значна болей: каля 5-ці тысяч мясцовых жыхароў падпісалі пратэстную пэтыцыю са зваротам да мітрапаліта Паўла. Найвышэйшага беларускага царкоўнага гіерарха прасілі выратаваць парк ад зьнішчэньня. А калі новы сабор такі ўжо неабходны — то збудаваць яго ў іншым раёне горада, бо шмат дзе вернікі ня маюць дзе маліцца.

Да віцяблян, якія выступаюць супраць зьнішчэньня парка паміж вуліцамі Чэхава і Ўрыцкага, гарадзкія ўлады даслалі сваіх прадстаўнікоў — намесьніка галоўнага архітэктара горада Леаніда Багданава, начальніка жыльлёва-камунальнага адзьдзела гарвыканкама Сяргея Саглаева і спецыяліста адзьдзела па ідалагічнай працы, моладзі і культуры Андрэя Бялецкага.

На сход сабралася больш за сотню пратэстоўцаў

На сход сабралася больш за сотню пратэстоўцаў

Апошні амаль не прымаў удзелу ў дыскусіі, тады як іншыя два чыноўнікі агучылі пазыцыю мясцовых уладаў: будаўніцтва Сафійскага сабору ў Віцебску прыпыненае, «пакуль ня будзе знойдена кампраміснае рашэньне».

Зрэшты, што маецца на ўвазе пад гэтай фармулёўкай, так і засталося незразумелым. Прадстаўнікі мяцовых уладаў так і не змаглі адказаць на два галоўныя пытаньні віцяблянаў — чым абумоўлена неабходасьць будаўніцтва Сафійскага сабора менавіта ў гарадзкім парку , а таксама што замінае перанясеньню будоўлі ў іншае месца, прыкладам, у раёны новабудоўляў.

Дэталёвага адказу на пытаньні, пастаўленыя ў калектыўным лісьце да Аляксандра Лукашэнкі і да адміністрацыі вобласьці, віцябляне так і не дачакаліся. На думку прысутных, арганізатары сходу прыйшлі да іх непадрыхтаванымі. Адзінае, што ўдалося высьвятліць — гэта тое, што расейскі «Газпром» ня будзе галоўным спонсарам будаўніцтва, як гэта дэкляравалася раней, і што віцебскі Сафійскі сабор — копію полацкага Сафійскага сабору ўзору 11 стагодзьдзя — хочуць узьвесьці на сродкі тутэйшых спонсараў і ахвярадаўцаў. Гэта значыць, пачнуцца «добраахвотныя суботнікі» і выбіваньне грошай з прадпрымальнікаў, кажуць віцябляне.

Віцябляне выказваюць свае меркаваньні

Віцябляне выказваюць свае меркаваньні

Ідэя ўзьвесьці ў Віцебску копію полацкага Сафійскага сабору была агучаная ў 2013 годзе. Яна належыць архіяпіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю, які заявіў, што гэтае будаўніцтва «асабліва актуальнае ў сувязі са сьвяткаваньнем 1025-годзьдзя Хрышчэньня Русі». Каб збудаваць копію полацкага Сафійскага сабору на ўзор 11 стагодзьдзя, плянуецца зьнішчыць больш за 200 дрэваў — амаль палову парку, што паміж вуліцамі Чэхава і Ўрыцкага. Людзі прапануюць будаваць псэўдагістарычны абʼект, калі ён ужо так неабходны Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы, дзе-небудзь у новых мікрараёнах.

Але большая частка тых, хто пратэстуе супраць будоўлі, перакананыя, што Сафійскі сабор у Віцебску не патрэбны ўвогуле. І таму, што гэта супярэчыць гісторыі — такога абʼекта ў Віцебску ніколі не было, і ўзводзіць чацьвёрты Сафійскі сабор неяк нелягічна. І таму, што бліжэйшыя тры праваслаўныя храмы лёгка зьмяшчаюць усіх вернікаў, а часта стаяць папросту пустыя. І таму, што ў рэгіёне ёсьць шмат сапраўдных гістарычных помнікаў — храмаў, якія вымагаюць рэстаўрацыі, але гэта ігнаруецца. І таму, што ў Віцебску бракуе школ, дзіцячых садкоў, паліклінік — а вялікія сродкі пойдуць на будоўлю яшчэ адной царквы.

Да пратэстаў супраць будоўлі Сафійскага сабору далучылася яшчэ адна група грамадзянаў — тых, што бароняць парк ад будоўлі Паўночнага мосту. Збудаваць мост заплянавалі ўжо даўно, і калі гэтая будоўля распачнецца, то будуць зьнішчаны і яшчэ частка парку, і гістарычны будынак — помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя. А помнік пісьменьніку-земляку Ўладзімеру Караткевічу давядзецца пераносіць у іншае месца, прычым віцябляне турбуюцца, што яго могуць проста зьнесьці — без наступнага ўзнаўленьня.

Падрыхтоўка да будаўніцтва распачатая, але прыпыненая

Падрыхтоўка да будаўніцтва распачатая, але прыпыненая

Аднак, нягледзячы на дэклярацыі прадстаўнікоў гарвыканкаму пра тое, што будаўніцтва прыпыненае, плот вакол пэрспэктыўнай будаўнічай пляцоўкі ўжо ўзьведзены. За ім — ужо падрыхтаваныя нейкія прылады, а таксама азначаная дротам тэрыторыя ці то для будаўніцтва, ці то для археалягічных дасьледваньняў.

Адкуль віцябляне мусяць даведацца пра далейшы лёс парка, таксама застаецца не вядомым. Прадстаўнікі мясцовых уладаў сказалі, што ніякіх матэыялаў у мясцовых дзяржаўных СМІ чакаць ня варта, а трэба спадзявацца на атрыманьне пісьмовага адказу, які будзе накіраваны зьбіральнікам подпісаў пад калектыўным пратэстным лістом.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG