Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская і сырыйская авіяцыя нанесьлі новыя паветраныя ўдары па Алепа


Расейскія і сырыйскія самалёты нанесьлі новыя паветраныя ўдары па сырыйскім горадзе Алепа 13 кастрычніка. Гэта адбылося ўсяго за некалькі дзён да перамоваў сусьветных дзяржаў, накіраваных на спыненьне агню ў разбуранай вайной Сырыі.

Больш за 20 паветраных удараў былі нанесеныя па ўсходняй частцы гораду, у выніку чаго загінулі сем цывільных асоб, як паведамляе базаваная ў Лёндане сырыйская арганізацыя маніторынгу правоў чалавека. У яе паведамленьнях таксама гаворыцца, што яшчэ чатыры чалавекі загінулі ў выніку артылерыйскіх абстрэлаў.

За апошнія тыдні пасьля правалу заключанага пры пасярэдніцтве ЗША і Расеі спыненьня агню па кантраляванай паўстанцамі ўсходняй частцы Алепа былі нанесеныя самыя моцныя бамбардзіроўкі за час пяцігадовае вайны. Сырыйскія ўрадавыя войскі, якія падтрымліваюцца расейскай авіяцыяй, спрабавалі захапіць кантроль над Алепа.

Паветраныя ўдары адбыліся за некалькі дзён да таго, як сусьветныя дзяржавы сустрэнуцца ў Швэйцарыі і Вялікабрытаніі, каб абмеркаваць спосабы заканчэньня гвалту.

Сырыйскія назіральнікі паведамілі 12 кастрычніка, што, прынамсі 358 грамадзянскіх асоб былі забітыя ва ўсходняй частцы Алепа з 19 верасьня. Арганізацыя Абʼяднаных Нацый заявіла, што больш за 100 дзяцей забітыя ў ходзе кампаніі, якая таксама ўключала наземны наступ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG