Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія СМІ апублікавалі расповеды дзьвюх жанчын аб дамаганьнях Трампа


Дональд Трамп

Дональд Трамп

Дзьве жанчыны абвінавацілі кандыдата ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональда Трампа ў сэксуальных дамаганьнях.

У інтэрвію газэце The New York Times адна зь іх заявіла пра інцыдэнт, які адбыўся больш за 30 гадоў таму. Жанчына сьцьвярджае, што мільярдэр чапляўся да яе ў самалёце, дзе падчас палёту яны сядзелі побач.

Іншая суразмоўніца выданьня абвінаваціла Трампа ў дамаганьнях, якія, як сьцьвярджаецца, мелі месца ў 2005 годзе ў кампаніі па нерухомасьці ў хмарачосе «Трамп Таўэр», дзе яна працавала сакратаром.

Ніводная з жанчын не вылучала супраць Трампа абвінавачаньняў пасьля таго, што зь імі здарылася.

Прадстаўнікі Трампа назвалі абвінавачаньні «палітычнай атакай» і запатрабавалі адклікаць публікацыю.

7 кастрычніка выданьне The Washington Post апублікавала відэа, на якім мільярдэр у прыватнай гутарцы нецэнзурна выказваецца пра жанчын і кажа, што цалаваў і мацаў іх без дазволу, бо «зоркам» гэта даруецца.

Некалькі рэспубліканскіх палітыкаў пасьля гэтага заклікалі Трампа зьняць сваю кандыдатуру. Мільярдэр папрасіў прабачэньня за свае выказваньні, але адмаўляцца ад удзелу ў выбарах ня стаў. Ён таксама заявіў, што гэта былі толькі словы, і што нічога такога ён ніколі не рабіў.

XS
SM
MD
LG