Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаванага ў Нямеччыне меркаванага тэрарыста знайшлі мёртвым у турэмнай камэры


Джабэр аль-Бакр
Джабэр аль-Бакр

22-гадовы сырыец Джабэр аль-Бакр, які, паводле паліцыі, плянаваў зладзіць у Нямеччыне тэракт, але быў арыштаваны 10 кастрычніка, знойдзены мёртвым у турэмнай камэры ў Ляйпцыгу.

Улады Саксоніі абвясьцілі, што з моманту арышту ён адмаўляўся ад ежы, і з гэтай прычыны знаходзіўся пад кругласутачным назіраньнем. Але прадухіліць спробу самагубства зьняволенага турэмшчыкі не змаглі. Агенцтва DPA паведаміла, што ён павесіўся.

Улады асьцерагаюцца, што самагубства Аль-Бакра можа ўскладніць расьсьледаваньне, і паліцыі будзе складана ўстанавіць усе сувязі сырыйца з саўдзельнікамі ў Нямеччыне і за мяжой, а таксама даведацца, дзе і калі ён рыхтаваў тэракты.

Паліцыя зрабіла спробу арыштаваць Аль-Бакра 8 кастрычніка, калі ў нямецкім горадзе Хемніц знайшлі паўтара кіляграма магутнай самаробнай выбухоўкі TATP (яе выкарыстоўвалі для тэрактаў у Парыжы летась і ў Брусэлі некалькі месяцаў таму) і былі затрыманыя тры супольнікі сырыйца. Аднак затрымаць самога Аль-Бакра адразу не ўдалося.

Ён быў арыштаваны ў суседнім Ляйпцыгу праз тры дні. Паводле інфармацыі паліцыі, тэрарыста здалі уладам яго суайчыньнікі, да якіх ён зьвярнуўся па дапамогу. Яны зьвязалі яго і занесьлі ў паліцыю ягоныя фатаграфіі. Уладам заставалася толькі прыехаць у кватэру, дзе ўтрымліваўся меркаваны тэрарыст і арыштаваць яго.

Аль-Бакр, ураджэнец Дамаску, зьехаў у Нямеччыну ў 2015 годзе пад выглядам уцекача і атрымаў від на жыхарства тэрмінам на тры гады. Паліцыя мяркуе, што на самой справе ён быў удзельнікам групоўкі «Ісламская дзяржава» і плянаваў ў кастрычніку зладзіць тэракт у Нямеччыне, як мяркуецца, у аэрапорце Бэрліну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG