Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку хоча дапамагчы бізнэсовец-масон, які ня можа аплаціць уласнае жыльлё


Навошта ў Беларусь прыяжджаў стрыечны брат брытанскай каралевы?

Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Аляксандра Дынько, Віталь Цыганкоў.


Гурневіч: Галоўнай мэтай візыту Майкла Кенцкага было падпісаньне зь Міністэрствам транспарту Беларусі мэмарандуму аб узаемапаразуменьні па пытаньнях разьвіцьця дарожнай бясьпекі ў краіне. Вынікам сумеснай працы, як паведаміў Мінтранс, стане далейшая інтэграцыя Беларусі ў эўрапейскую дарожна-транспартную сыстэму, паведамляе прэс-служба Мінтранса.

Справа ў тым, што прынц Кенцкі ўжо шмат гадоў узначальвае ўласную кансалтынгавую кампанію, якая працуе ў розных краінах сьвету і якая аказвае шырокі спэктар паслуг у сфэрах будаўніцтва, тэлекамунікацый, страхаваньня, фінансаў, турызму, мэдыцыны, авіяцыі і аўтамабілебудаваньня. У Беларусі офіс стрыечнага брата брытанскай каралевы будзе кансультаваць урад Беларусі наконт пытаньняў дарожнай бясьпекі.

Усё гэта, бясспрэчна, добра. Бясьпека на дарогах патрэбная і таму тут павага і падзяка ўсім бакам, якія прымаюць у гэтым удзел. Мяне зьбянтэжыў толькі факт, што з чалавекам, які прыехаў займацца дарожным пакрыцьцём і барацьбой з перавышэньнем хуткасьці на дарогах, сустракаўся міністар замежных справаў і кіраўнік краіны.

Майкл Кенцкі фармальна не выконвае каралеўскіх абавязкаў. А нават калі б і выконваў, то ў брытанскай дзяржаве манарх нічога не вырашае

Справа ў тым, што Майкл Кенцкі фармальна не выконвае каралеўскіх абавязкаў. А нават калі б і выконваў, то ў брытанскай дзяржаве манарх нічога не вырашае. І Макей, і Лукашэнка, сустракаючыся з Майклам Кенцкім, казалі шмат прыгожых словаў. Пра клопат аб брытанска-беларускіх адносінах, пра новую старонку ў адносінах. Гэта, канешне, марныя спадзяваньні. Майкл Кенцкі — не палітык і не чыноўнік. Але тэлекарцінка прыгожая — Аляксандар Лукашэнка сустракаецца не з абы кім, а з прадстаўніком каралеўскай сямʼі. І міністар Макей абмеркаваў зь ім двухбаковыя адносіны, як быццам Майкл Кенцкі пасьля вяртаньня ў Лёндан распачне лёбінгавую кампанію на карысьць Беларусі. Гэта не ўдалося спэцыялісту, вядомаму піяршчыку лорду Бэлу, а што ж ужо казаць пра прынца Кенцкага. Але спадзяваньні афіцыйнага Менску тыя самыя — зьмякчыць у сьвеце свой імідж праз такія сустрэчы. Дзеля гэтага, я перакананы, Лукашэнка і Макей ня супраць сустрэцца нават з 3-гадовым прынцам Джорджам Кэмбрыджскім.

Спадзяваньні на разьвіцьцё бізнэс-кантактаў з брытанцамі пры дапамозе прынца Кенцкага — марныя. Брытанская прэса ня раз апісвала яго фінансавыя праблемы. Некалькі гадоў таму стала вядома, што прынца ўтрымліваў расейскіх алігарх Барыс Беразоўскі. Дапамога ад Беразоўскага ішла на аплату апартамэнтаў прынца, то бок Майкл Кенцкі не ў стане аплаціць сваё жыльлё. Дык пра які тут бізнэс-прарыў можа ісьці гаворка?

Але гучыць прыгожа — Лукашэнка сустрэўся з прынцам, масонам, а нават з магчымым будучым расейскім манархам. Бо тэарэтычна Майкл Кенцкі, як сваяк Мікалая ІІ, захоўвае права на пасад манарха — пры ўмове пераходу ў праваслаўе. Блат зь верагодным манархам быў карысны, але баюся, што ў Кенцкага шмат канкурэнтаў у самой Расеі, якія б хацелі быць расейскімі манархамі.

Цыганкоў: Вы вельмі падрабязна апісалі, далі столькі фактаў, якія не самыя вядомыя для шырокай публікі, і тут ёсьць і адказ на ваша пытаньне, чаму Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з ім. Усе гэтыя факты застануцца па-за ўвагай дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, а для публікі застанецца тое, што вы адзначалі — карцінка для прапаганды, гучнае імя, а больш за ўсё не само імя, а гучны статус прынца. Чалавек, які глядзіць тэлебачаньне, не асабліва зьвяртае ўвагу, у чым сутнасьць гэтага прынца і якія ён даўгі мае перад Беразоўскім.

Беларуская дыпляматыя заўсёды імкнулася пашырыць сваю ўвагу і свае крокі ня толькі на статусных палітыкаў, зь якімі пэўны час Аляксандар Лукашэнка ня мог сустракацца... Былі санкцыі, гэта было забаронена і непажадана. У такія моманты Лукашэнка сустракаўся з заходнімі палітыкамі значна меншага маштабу, напрыклад, з рэгіянальнымі кіраўнікамі. Можна прыгадаць сустрэчу з кіраўнікамі кантонаў у Швайцарыі, ці гарадоў Аўстрыі. Тады незалежная прэса іранізавала, што хутка Лукашэнка пачне сустракацца з кіраўнікамі нейкіх вёсак, райцэнтраў па-нашаму. Такая традыцыя, як у песьні Высоцкага, «я лячу туды, дзе прымаюць», так і тут беларуская дыпляматыя працавала па прынцыпу «сустракаемся з тым, хто гатовы сустрэцца». І пры адпаведнай арганізацыі ад гэтага можна атрымаць пэўныя ідэалягічныя дывідэнды, а на большае ніхто і не разьлічваў.

Такая традыцыя, як у песьні Высоцкага, «я лячу туды, дзе прымаюць», так і тут беларуская дыпляматыя працавала па прынцыпу «сустракаемся з тым, хто гатовы сустрэцца»

Дынько: Я б паспрачалася, ці разьлічваюць яны па нешта большае. Піяр-служба Лукашэнкі запрашае ўсіх досыць дзіўнаватых асобаў для сустрэчы з беларускім прэзыдэнтам, пачынаючы з Жэрара Дэпардзьё і канчаючы Стывэнам Сігалам, якога можна морквай з рук пакарміць, і тут такі вялікі посьпех — прыехаў цэлы прынц. Праўда, прынц, аказваецца, такі патрыманы, праз Беразоўскага, пра Расею даехаў да беларускага кіраўніка. Калі я спрабавала больш даведацца пра гэтую асобу, узгадала дзейнасьць у Беларусі на паляпшэньне іміджу беларускага кіраўніка лорда Бэла. І тады ўжо казалі, што зьявіўся ён у Беларусі дзякуючы намаганьням Барыса Беразоўскага, зь якім былі тады добрыя стасункі. І вось пэўныя повязі паміж прынцам Кенцкім і Барысам Беразоўскім — яшчэ адзін плюс у гэтую вэрсію, што гэта старыя даўнія сувязі, якія ідуць яшчэ з 2008-га году. Тады актывізаваліся сувязі беларускай улады з брытанскімі палітыкамі. Калі настолькі пустая неаўтарытэтная фігура і ў брытанскай палітыцы, і ў Эўропе, і ў бізнэсе, я ня думаю, што беларускія піяршчыкі пра гэта ня ведаюць. Але якая тады можа быць іхняя мэта? Ці яны настолькі лёгка трапляюцца на вуду такіх пералётных птушак кшталту прынца Кенцкага, ці ёсьць яшчэ нейкая іншая мэта? Ці не спрабуюць яны выкарыстаць гэтых людзей, паказаць унутры сваёй краіны намаганьні ісьці ў заходнім накірунку?

Цыганкоў: Тое і іншае не выключае. Але ўсё ж ёсьць нейкія асабістыя якасьці Аляксандра Лукашэнкі. Як кожнаму чалавеку, яму прыемна сустракацца з вядомымі людзьмі, і ў яго паводле пасады ёсьць такая магчымасьць, і тут двайная мэта — калі не ўдасца дасягнуць глыбакадумных палітычных мэтаў, то хоць пабачыцца са Стывенам Сыгалам і Дэпардзьё.

Дынько: Зь іншага боку мяне занепакоіла інфармацыя пра тое, што ў прынца будзе тут офіс ягонай кампаніі. Ужо ня раз фіксавалі факты, калі кампаніі з неадназначнай рэпутацыяй у Эўропе карыстаюцца лабіяваньнем, усталёўваюць тут кантракты, якія нам невыгодныя. Так было з усталяваньнем у Беларусі сыстэмы BelToll, на якую ўсе скардзяцца. Ці прынц не скарыстаўся такой недасьведчанасьцю беларускіх уладаў, і ці ня будзе тут абараняць свае эканамічныя інтарэсы за наш кошт? Пра гэта таксама варта было б падумаць.

Гурневіч: Я яшчэ думаю, што гэтая супраца можа скончыцца як Беларускі інвэстыцыйны форум у Лёндане некалькі гадоў таму, калі яшчэ прэм’ер міністрам Беларусі быў Сяргей Сідорскі. З помпай прадстаўлялася грамадзтву Беларусі, што вось у Лёндане, у самым цэнтры будзе вялікі інвэстыцыйны форум Беларусі, прыехалі некалькі сотняў удзельнікаў зь Беларусі, велізарныя грошы на гэта пайшлі. Памятаю паведамленьне агенцтва БЕЛТА, што вялікія пэрспэктывы ў гэтым супрацоўніцтве, цытавалі лорда Бэла, дэпутата брытанскага парлямэнту, маўляў, мы выходзім на новы ўзровень адносінаў. Але прайшоў год, я памятаю, да гэтай тэмы журналісты вярталіся — ніводнае пагадненьне паміж краінамі не было падпісанае. І мне здаецца, так будзе і з прынцам Кенцкім.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG