Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы дзень працы Палаты прадстаўнікоў як зьезд КПСС


Незалежная дэпутатка Алена Анісім (справа) з памочніцай у Палаце прадстаўнікоў

Незалежная дэпутатка Алена Анісім (справа) з памочніцай у Палаце прадстаўнікоў

Пра што сьведчыць першы дзень працы Палаты Прадстаўнікоў новага скліканьня?

Удзельнічаюць: Дзьмітры Гурневіч, Аляксандра Дынько, Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Да першага дня працы Палаты прадстаўнікоў новага скліканьня была зьвернутая вялікая ўвага грамадзтва і прэсы, але чаканьні чагосьці незвычайнага і сэнсацыйнага ня спраўдзіліся. Здаецца, можна сказаць, што ў працы Палаты і гэтага скліканьня нічога ня зьменіцца ў адрозьненьні ад папярэдніх скліканьняў, нават нягледзячы на прысутнасьць у ёй двух апазыцыйных дэпутатак.

Дзьве апазыцыйныя дэпутаткі ня толькі ня робяць надвор’я, але нават і не спрабуюць яго рабіць

У першы дзень працы, 11 кастрычніка, дэпутаты абралі сьпікерам на безальтэрнатыўнай аснове самага сталага дэпутата Палаты, 67-гадовага Ўладзімера Андрэйчанку. За Андрэйчанку прагаласавалі 109 дэпутатаў, супраць была толькі адна дэпутатка — прадстаўніца АГП Ганна Канапацкая. Па галасаваньні яна прызналася, што не чакала такой аднадушнасьці і заявіла, што ўсё гэта было вельмі сумна. Увогуле першыя дні працы Палаты нагадалі зьезды КПСС да перабудовы. І таму ўвага журналістаў была скіраваная на каляпалітычныя моманты — што было ў буфэце, хто ў што быў апрануты і гэтай далей.

Вядома, Аляксандар Лукашэнка парушыў «стэрыльнасьць» парлямэнту, дапусьціўшы туды двух апазыцыянэрак, але ў сутнасьці і нават у форме нічога не зьмянілася. Усе дэпутаты ведаюць свае ролі, і не высоўваюцца па-за адведзеныя рамкі.

Дзьве апазыцыйныя дэпутаткі ня толькі ня робяць надвор’я, але нават і не спрабуюць яго рабіць. Алена Анісім у сваіх публічных камэнтарах выступае даволі ляяльна да існуючай улады. Відавочна, яна будзе канцэнтравацца на тых пытаньнях, якія яны мяркуе прасоўваць — мова, культура і сацыяльная абарона. Процістаяць большасьці яна не зьбіраецца. Што да Ганны Канапацкай, якая ёсьць «статуснай» апазыцыянэркай, яна будзе галасаваць супраць, але таксама разумее, што яна адна ня можа зьмяніць сытуацыю. Напрыклад, наш калега Валер Карбалевіч прапанаваў, каб Канапацкая вылучыла сябе на старшыню, і гэта дало б ёй магчымасьць выступіць з праграмнай прамовай. Але яна на гэта не пайшла.

базавае наша стаўленьне такое, што ня будзе нічога цікавага

Дынько: Я з аднаго боку пагаджуся зь Віталём і шчыра прызнаюся, што ўсё ж парлямэнцкае жыцьцё ў краіне рэдка было ў фокусе маёй увагі, хіба надзвычай яркія яго ініцыятывы. Я згодная з аналізам першага дня, аналізам абраньня сьпікера, які ўжо колькі гадоў сядзіць на тым самым месцы — гэта сумна. Калі б у самога парлямэнту з новаабранымі дэпутатамі было жаданьне мяняцца, то яны б паспрабавалі выбраць кагосьці іншага. На дзьвюх дэпутатак, абсалютна новых, я як выбарца ўскладаю спадзевы, што яны будуць выяўляць і мае асабістыя інтарэсы. Чакаю ад спадарыні Анісім, што яна будзе прытрымлівацца сваёй першапачатковай праграмы і будзе высоўваць заканадаўчыя ініцыятывы ў абарону беларускай мовы і культуры. Таксама спадзяюся, што Ганна Канапацкая будзе больш актыўна прасоўваць эканамічную праграму, можа быць гендэрныя пытаньні. Так, базавае наша стаўленьне такое, што ня будзе нічога цікавага. Але зь іншага боку, менавіта наш грамадзкі інтарэс да гэтых дзьвюх дэпутатак і можа зьмяніць гэты новы парлямэнт. Калі мы будзем за ім сачыць, маніторыць дзеяньні і паводзіны гэтых дэпутатак, да якіх цяпер такая ўвага, то пад узьдзеяньнем гэтага інтарэсу будзе нешта мяняцца, і я дагэтуль у гэта веру.

Цыганкоў: Дадам, што ў нашай перадачы «Экспэртыза Свабоды», дзе аналізавалі апошнія палітычныя павароты, Сяргей Чалы адзначыў яшчэ такі момант, на які мы ў нашых «Трайных ударах» не зьвярталі ўвагу. Гэта тое, што ў парлямэнце павялічылася, умоўна скажам, колькасьць прадстаўнікоў левых партый. Тры ад беларускай партыі «Працы і справядлівасьці», і восем ад праўладнай «Камуністычнай партыі Беларусі». Паводле вэрсіі аналітыка, гэта робіцца, каб больш левая, чым улада, дэпутацкая маса магла процістаяць занадта лібэральным ці рэфарматарскім настроям ураду, і МВФ, і ўвогуле прадстаўнікоў улады, перш за ўсё ў Савеце Міністраў, якія больш патрабуюць радыкальных эканамічных рэформаў. Так што гэта яшчэ адна патэнцыйная інтрыга, хоць маё стаўленьне да гэтай вэрсіі дастаткова скептычнае. Няважна, якую партыю прадстаўляюць гэтыя дэпутаты, яны ўсё-такі паслухмяныя вінцікі сыстэмы, але калі сыстэма пажадае іх вылучыць у якасьці праціўнікаў сыстэмы, то яны, канешне, з гэтай місіяй выступяць.

Гурневіч: Пра сутнасьць будучай працы Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня сьведчаць два факты: яе кіраўніком ізноў стаў Уладзімер Андрэйчанка на безальтэрнатыўнай аснове. А гэта значыць, што нічога і ня зьменіцца. Зрэшты, ня чуў, каб нехта казаў адваротнае і спадзяваўся на бурлівую заканадаўчую працу дэпутатаў альбо актыўную дзейнасьць дзьвюх апазыцыянэрак. Пра іх, дарэчы, прачытаў ранкам такі жарт на Фэйсбуку: у першы дзень паседжаньня ПП апазыцыя падзялілася ў ёй на два лягеры. І толькі адзін голас супраць Андрэйчанкі на галасаваньні — гэтаму доказ.

эпутаты папярэдняга скліканьня з уласнай ініцыятывы ініцывалі толькі чатыры заканадаўчыя акты, а прынялі зь іх тры

Сапраўды, Ганна Канапацкая і Алена Анісім у першы дзень паказалі, што яны ў парлямэнце асобна адна ад другой. Цікавы момант: бел-чырвона-белы значок мела на сваім пінжаку як раз лібэралка Капацкая з АГП, якая асабліва не агучвае пытаньні мовы, сымболікі, культуры, бо яна з партыі эканамістаў-рэфарматараў. А чакалі такое хутчэй ад Анісім, вэтэранкі нефармальнага руху Беларусі. А яна, наадварот, зьдзівіла падчас інтэрвію АНТ заявай, што падтрымлівае дзеяньні Лукашэнкі, накіраваныя на захаваньне незалежнасьці Беларусі. Шкада, яна не ўдакладніла, якія канкрэтна дзеяньні яна мае на ўвазе. Магчыма, гэта інсайдэрская інфармацыя.

Што да працы Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты папярэдняга скліканьня з уласнай ініцыятывы ініцывалі толькі чатыры заканадаўчыя акты, а прынялі зь іх тры. Пры такой эфэктыўнасьці працы, па-сутнасьці, ніякія парлямэнты Беларусі ўвогуле не патрэбныя, гэта выкіданьне грошай у балота. А ўсё выглядае так, што гэтым разам нічога ня зьменіцца. І на жаль, першы дзень яскрава прадэманстраваў, чым скончацца прапановы ад Канапацкай, якая анансавала прадстаўленьне ў Палаце прадстаўнікоў вялікай колькасьці законапраектаў, якія распрацоўвала яе партыя. Адзіная зьмена, якую засьведчыў першы дзень, што журналісты незалежных СМІ заўсёды змогуць разьлічваць на камэнтар апазыцыйнай меншасьці.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG