Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Бог мае вучыць у школах


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Сёньня ў нашым грамадзтве з новай сілай абмяркоўваюць тэму хрысьціянскіх заняткаў у школах. Шмат хто выказвае перасьцярогі — маўляў, страшна падумаць, што змогуць зрабіць разам дзяржава і праваслаўная царква са школьнікаў. Тут троху пагаджуся, мне самой ніякавата. Але ідэя хрысьціянскіх заняткаў не павінна пакутаваць ад існаваньня гэтага тандэму.

У краінах Эўразьвязу адпаведнымі заняткамі нікога ня зьдзівіш. Дзяржава заключае пагадненьне з пэўнай Царквою, якая ў сваю чаргу накіроўвае сваіх сьвятароў для выкладаньня. Усё па згодзе абодвух бакоў — бяз гвалту. Гэта як бы ў нашай адной канкрэтнай школе ці гімназіі дырэктар пажадаў бы заключыць пагадненьне з Царквою, Касьцёлам альбо эвангельскім зборам. Альбо з усімі разам для кожнай зацікаўленай групы.

Заняткі маглі б адкрываць дзеткам хрысьціянства як жыцьцёвую неабходнасьць любіць, служыць, чуць іншых, быць пільным да чужой бяды.

Я была б радая гэткім заняткам — няхай нават у выглядзе факультатываў. Толькі не для афіцыйнага выкладаньня гісторыі царквы альбо канкрэтных канфэсіяў. Не пасуе такі фармат і для заняткаў, прыдатных для царкоўных/касьцельных нядзельных школак. Але такія заняткі маглі б адкрываць дзеткам хрысьціянства як жыцьцёвую неабходнасьць любіць, служыць, чуць іншых, быць пільным да чужой бяды.

Я бачу гэта ў дабрачынных вечарынах, кірмашах, канцэртах. У наведваньні (а можа нават патранажы) дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. У гутарках са сьвятарамі, якія адкрываюць ім важнасьць несьці сьвятло ў грамадзтва, быць уважлівымі да настаўнікаў і аднаклясьнікаў, шанаваць сваіх бацькоў, служыць іншым, ахвяруючы нечым сваім.

Я бачу гэта ва ўдзеле ў скаўцкім руху, заснаваным на хрысьціянскіх каштоўнасьцях. Як гучыць скаўцкая прысяга? Доўг перад Богам, Радзімай і самім сабой. Вось тры кіты для выхаваньня паўнавартаснай асобы!

У нашай школе найвышэйшай праявай служэньня высокаму было прынята лічыць удзел у афіцыйных сьвятах, парадах з піянэрскай формай і чырвонымі гальштукамі. Напярэдадні 9-га траўня наведаць вэтэранаў. Прызнаюся, што нават я, школьніца з добрай сям’і і добрых паводзінаў, такіх паходаў не любіла.

Было няёмка глядзець у вочы расчуленай бабульцы, якая здагадваецца пра тую самую «галачку» і тое, што ўбачыць нас роўна праз год.

Не любіла не таму, што мне гэта было складана, альбо я не ўсьведамляла важнасьці учынку. Не любіла, бо мне было сорамна прыходзіць раз на год зь нейкімі незразумелымі падарункамі для таго, каб сацыяльны пэдагог паставіў галачку сабе ў гадавых плянах. Я разумела штучнасьць усяго гэтага, таму і было няёмка. Было няёмка глядзець у вочы расчуленай бабульцы, якая здагадваецца пра тую самую «галачку» і тое, што ўбачыць нас роўна праз год. А што зьмяніць і як выйсьці з гэтага замкнёнага кола, я ў сваім 5-м клясе ня вельмі разумела.

Таму болей за ўсё я баюся, каб заняткі, прысьвечаныя Закону Божаму не пераўтварыліся ў галачку для сацыяльнага пэдагога. Мне б хацелася, каб гэтыя заняткі сталіся штуршком да стварэньня школьнага дабрачыннага фонду, запачаткаваньня новых унутрышкольных арганізацыяў, гуртаваньня валянтэрскіх брыгадаў на розныя патрэбы.

Дзецям патрэбна, каб ім нарэшце нехта сказаў, што яны здольныя зьмяняць свой кляс, школу, дом, горад, краіну...

Каб гэта была гадзінка шчырых гутарак пра сяброў, бацькоў, краіну і яе навакольле. Дзецям патрэбна, каб ім нарэшце нехта сказаў, што яны здольныя зьмяняць свой кляс, школу, дом, горад, краіну... Ды што там — сусьвет! Дайце дзецям свабоду і сьветач, каб сьвяціў пад ногі — і няхай яны рушаць. А сьвятары — натхняюць, умацоўваюць, тлумачаць, дапамагаюць.

У той ці іншай форме хрысьціянскае выхаваньне ў школе патрэбнае. Бо высокія ідэалы, патрыятызм, каштоўнасьці немагчыма прышчапіць безь веры. Няма лепшага прыкладу служэньня, любові, ахвярнасьці за той, які прадэманстраваў нам Бог.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG