Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казаскі міністар культуры — у цэнтры сэкс-скандалу


Арыстанбек Мухамэдыўлы
Арыстанбек Мухамэдыўлы

Казахстанскі міністар культуры і спорту Арыстанбек Мухамэдыўлы апынуўся ў цэнтры гучнага скандалу. Былая студэнтка Казахскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў Енлік Сыдыкава абвінаваціла міністра ў сэксуальных дамаганьнях і апублікавала сваю заяву ў сацыяльных сетках.

Сыдыкава расказала, што ў 2011 годзе, калі міністар быў рэктарам Казаскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў імя Жургенава, яна спазьнілася на ўступны іспыт і паспрабавала вырашыць гэтую праблему пры дапамозе рэктара.

Мухамэдыўлы, паводле словаў Енлік, паклікаў яе ў госьці «піць віно, танцаваць, мець зносіны, весяліцца». Дзяўчына адказала адмовай. Да гонару рэктара, ён ня стаў чыніць ёй перашкод. Пазьней Енлік змагла паступіць у ВНУ і закончыць акадэмію, праўда, як кажа дзяўчына, рэктар нібыта яшчэ вымагаў у яе 3000 даляраў за дапамогу пры паступленьні.

Міністар абвяргае ўсе абвінавачваньні, называючы іх паклёпам і правакацыяй. Аднак, абвінавачваньні Сыдыкавай пацьвердзіў яшчэ адзін чалавек, народны артыст Казахстану Тунгышбай Жаманкулаў. Ён заявіў, што да яго ня раз зьвярталіся студэнткі акадэміі з аналягічнымі скаргамі на Мухамэдыўлы, пакуль ён займаў пасаду рэктара.

Мухамэдыўлы ўжо абвінавачвалі ў сумнеўных паводзінах. Рэжысёр Жаныбекаў раней заяўляў, што міністар патрабаваў грошы за падтрымку ягонага фільму.

На дадзены момант вядома, што Нацыянальнае бюро процідзеяньня карупцыі пачало разьбіраньне абвінавачваньняў на адрас міністра. Сам ён паабяцаў пакараць былую студэнтку за паклёп.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG