Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве помнік адбудоўваюць з сылікатных блёкаў, пракуратура ігнаруе прадпісаньне Мінкульту


Былы будынак сынагогі, за які змагаецца Таварыства аховы помнікаў гісторыі культуры

Былы будынак сынагогі, за які змагаецца Таварыства аховы помнікаў гісторыі культуры

Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры вінаваціць магілёўскую пракуратуру і гарвыканкам у бязьдзеяньні па абароне архітэктурнай славутасьці гораду: будынка былой габрэйскай сынагогі, у якой плянуюць збудаваць рэстарацыю.

Старое збудаваньне было перададзена індывідуальнаму прадпрымальніку, які браўся аднавіць камяніцу. У дзеяньнях бізнэсоўца Міністэрства культуры ўгледзела парушэньне Закону «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» і запатрабавала спыніць работы на аб’екце. Магілёўскаму гарвыканкаму было даручана пракантраляваць, як выконваецца загад.

Магілёўская пракуратура праігнаравала прадпісаньне

Пасьля непрацяглага спыненьня работ на сынагозе яны зноў былі адноўленыя. Старшыня таварыства Антон Астаповіч зьвярнуўся ў Генэральную пракуратуру з нагоды факту невыкананьня бізнэсоўцам патрабаваньня Міністэрства культуры. Ягоны зварот пераслалі ў гарадзкую пракуратуру.

Захадаў рэагаваньня ад яе зроблена не было, настойвае абаронца архітэктурнай славутасьці.

Старая частка будынка, а за ёю прыбудова

Старая частка будынка, а за ёю прыбудова

«Паводле зьвестак Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, работы на гісторыка-культурнай каштоўнасьці ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя „Былая габрэйская школа“ працягваюцца, парушаючы прадпісаньне Міністэрства культуры», — напісаў Антон Астаповічу паўторнай скарзе ў Генэральную пракуратуру.

«З боку пракуратуры Магілёва не робіцца захадаў прыпыненьня незаконных работ на аб’екце, якія вядуцца ня толькі без дазволу Міністэрства культуры, але і без узгодненай ва ўстаноўленым парадку праектна-каштарыснай дакумэнтацыі і без дазволу інспэкцыі Дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Магілёўскай вобласьці», — даводзіць ён.

Антон Астаповіч

Антон Астаповіч

Гарвыканкаму таксама Мінкульт ня ўказ

Астаповіч лічыць, што Магілёўскі гарвыканкам таксама не выконвае прадпісаньня Мінкульту, тым самым дазваляючы прадпрымальніку працягваць работы на аб’екце. Ён спасылаецца на словы намесьніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандра Пацёмкіна, якімі, лічыць актывіст, чыноўнік патлумачыў пазыцыю выканаўчай улады ў дачыненьні аховы гісторыка-культурных каштоўнасьцяў:

«Мы за тое, каб у горадзе захоўваліся гістарычныя будынкі, — казаў газэце „Беларусь сегодня“ Пацёмкін. — Купляць іх з аўкцыёну землякі і замежныя інвэстары не гараць жаданьнем, бо разумеюць: рэканструкцыя — працэс задарагі і няпросты. Мноства ўзгадненьняў, строгі кантроль... Але ў гэтым выпадку віны ўласьніка мы ня бачым і вельмі спадзяёмся, што Мінкульт усё ж дасьць „дабро“ на працяг работ».

Аўральна парадкуюць тэрыторыю, каб пасьпець да візыту Аляксандра Лукашэнкі

Аўральна парадкуюць тэрыторыю, каб пасьпець да візыту Аляксандра Лукашэнкі

На думку Антона Астаповіча, чыноўнік гэтым выказваньнем перавысіў свае паўнамоцтвы.

«У пазыцыі намесьніка старшыні гарвыканкаму, — кажа ён. — праглядаюцца прыкметы ўмяшаньня дзяржаўнай службовай асобы з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў у дзейнасьць іншых дзяржаўных органаў і арганізацыяў».

«У сфэры аховы гісторыка-культурнай спадчыны вызначэньне адпаведнасьці ці неадпаведнасьці заканадаўству работ на аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны і іх навуковай абгрунтаванасьці робіцца Міністэрствам культуры і навуковым кіраўніком», — настойвае Антон Астаповіч.

Лукашэнка мае пабачыць парадак

Даведацца пазыцыю індывідуальнага прадпрымальніка Дзьмітрыя Дудаля, які ўзяўся аднаўляць старую камяніцу, не ўдалося.

Тым часам работы на будынку сынагогі вядуцца аўральнымі тэмпамі. Прыбудова, якая выклікала пратэсты абаронцаў беларускай даўніны, ужо атынкаваная. Узводзяцца кроквы пад дах.

Побач з сынагогай завяршаецца рамонт моста, які прыедзе аглядаць Аляксандар Лукашэнка. У прыватных гутарках службоўцы даюць зразумець, што візыт кіраўніка дзяржавы, які падчас апошняга свайго наведваньня Магілёва застаўся ім не задаволены, і становіцца прычынай парушэньняў у аднаўленьні помніка.

Былы будынак сынагогі знаходзіцца за некалькі соцень мэтраў ад плошчы, зь якой кіраўнік дзяржавы аглядаў горад і застаўся ім не задаволены

Былы будынак сынагогі знаходзіцца за некалькі соцень мэтраў ад плошчы, зь якой кіраўнік дзяржавы аглядаў горад і застаўся ім не задаволены

Згаданую прыбудову, паводле Антона Астаповіча, меліся ўзьвесьці з керамічнай цэглы. Бізнэсовец жа, каб зэканоміць, узьвёў яе з сылікатных блёкаў. Акрамя таго, абаронца беларускай даўніны называе шэраг іншых парушэньняў, якія пазбаўляюць стары будынак аўтэнтычнага выгляду. Паводле Астаповіча, сытуацыю магла выправіць супраца бізнэсоўца з навуковым кіраўніком, аднак прадпрымальнік ад яе ўхіляецца. Кіраўнік Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры настойвае: калі аб’ект і будзе ўзьведзены, праз парушэньні яго ніводная камісія ня прыме.

У былой габрэйскай малітоўні зьбіраюцца разьмясьціць рэстарацыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG