Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы адны з найгоршых у фінансавай асьвеце — дасьледаваньне


Беларусь аказалася адной з самых горшых у сфэры фінансавай асьветы, сьцьвярджае ў дасьледаваньні (PDF) міжнародная Арганізацыя эканамічнай супрацы і разьвіцьця. Тэставаньне на тэму фінансаў праводзілася сярод 52 тысяч чалавек у 30 краінах.

Найлепшымі ў фінансавых ведах, дзеяньнях зь фінансамі і стаўленьні да грошай называюцца Францыя, Фінляндыя, Нарвэгія, Канада і Ганконг, найгоршымі — Расея, Бразілія, Харватыя, Беларусь і Польшча. У фінансавай асьвеце Беларусь найгоршая ў Эўропе (лепшая толькі за Малайзію і Брытанскія Віргінскія астравы).

Беларускія жанчыны крыху больш за мужчын дасьведчаныя ў фінансах. У фінансавых ведах 5 з 10 балаў атрымалі 39% беларускіх жанчын і 36% нашых мужчын. 6 зь 10 балаў у тэсьце фінансавых паводзінаў атрымалі 47% беларусак і 40% беларусаў. Мінімальна прымальныя 3 балы зь 10 ў тэсьце на сур’ёзнае стаўленьне да грошай атрымалі 41% беларускіх жанчын і 35% — мужчын.

57% беларусаў прынамсі адзін месяц на год не зараблялі дастаткова, каб забясьпечыць базавыя патрэбы, 41% пазычалі грошы, каб зьвесьці бюджэт. Толькі 28% беларусаў здолелі правесьці падлік простых адсоткаў дэпазытаў ці крэдытаў, толькі 2% — складаных адсоткаў. 49% ашчаджаюць грошы.

Але пры гэтым 77% беларусаў адказалі, што вядуць улік сваіх фінансаў — столькі ж падлічваюць уласны бюджэт у Паўднёвай Карэі. Такія падлікі вядуць 50% расейцаў, 53% амэрыканцаў, 65% літоўцаў, 66% палякаў і 90% латвійцаў.

Дзе мяжа эканамічнай цярплівасьці беларускага грамадзтва?

За апошні год сярэдні заробак у Беларусі ўпаў на 4%. У жніўні 2016 году ён склаў 750 рублёў, альбо 392 даляры. На 2017 год улады плянуюць рост заробкаў на 1,5%, але пры гэтым чакаюць росту прадукцыйнасьці працы на 1,8% (МВФ дае горшыя прагнозы па беларускай эканоміцы). Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сам ён гатовы да самых жорсткіх рэформаў эканомікі і што народ бачыць у рэформах выйсьце з эканамічнага крызісу, але засумняваўся, што людзі гатовыя да рэформаў.

XS
SM
MD
LG