Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кантрабандысты ў цягніку на Кракаў


Цягнік «Горадня — Кракаў» на гарадзенскім вакзале
Цягнік «Горадня — Кракаў» на гарадзенскім вакзале

Кантрабандысты не здаюцца, работа ў іх такая. Ніякага цягніка сёлета не было з Горадні ў суседнюю Польшчу, а цяпер, з восені, можна сесьці і без перасадкі ажно ў паўднёвую Польшчу трапіць, у слаўны Кракаў.

Кантрабандыстам туды ня трэба, яны на кароткіх дыстанцыях працуюць. Вось Горадня, а вось Кузьніца Беластоцкая. Паўгадзіны язды і ты за мяжой. Час абмежаваны, каб схаваць кантрабанду. Але калі ты на гэтым сабаку зьеў, то ўсё магчыма.

Польскі цягнік з Горадні адпраўляецца ў 15.32. Штодня. Да 15-й, папярэджваюць у даведках і ў касе, трэба зайсьці на мытню, потым пропуск спыняюць. Няхай так. Спачатку спраўдзяць квіток, затым пройдзеце міма мытніка (дакляраваць на вываз нічога няма?), каб прад’явіць памежніку ў будцы свой пашпарт.

Пакой для чаканьня пасажыраў. Сядзяць пры сваіх чамаданах. Абстаноўку ажыўляюць некалькі хвацкіх мужчын, якія з «фрышопаў» цягаюць цыгарэтныя блёкі. Іх мэлянхалічна праводзяць поглядамі. У Польшчу можна ўзяць сорак звычайных цыгарэт. Калі ў пачку дваццаць штук, то два пачкі. Міжволі зьдзіўляесься актыўнасьці пакупнікоў цыгарэт. Калі раней хадзіла польская электрычка (яе адмянілі пры канцы 2015-га), месцаў хаваць кантрабанду было дастаткова. Але цяпер ходзіць пасажырскі цягнік з двух вагонаў. У купэ з сядзячымі месцамі цыгарэтныя блёкі можна запіхнуць толькі пад крэслы. Дык на што яны разьлічваюць, нашы «родныя» цыгарэтчыкі?

А ты за іх ня бойся, у іх усё схоплена, сказаў мне сусед, які ехаў новым цягніком ня першы раз. Ён меў рацыю.

Як толькі «Горадня — Кракаў» спыніўся на пэроне ў Кузьніцы, адчуўся рух: пачалі завіхацца мытнікі. Неўзабаве яны сьпяшаліся па плятформе з цыгарэтнымі блёкамі ў руках. Як можна было здаўмецца, знойдзеныя былі дзесь у тамбуры ці ў прыбіральні вагона.

Па пэроне паважна пахаджаў, затым падняўся ў вагон і замежны мытнік. На шаўроне каралеўская карона. Спачатку нам з суседам падумалася, што можа — дацкі. Але шаўрон быў жоўта-сіні, швэдзкія колеры. Напэўна, прысланы быў на падмацаваньне.

Тым часам у калідоры памежнікі ці мужчыны з чыгуначнай аховы цікавіліся ў правадніцы: ці яна перашкаджае кантрабандыстам у іхняй справе? Ну што вы, у мяне ж няма такіх паўнамоцтваў, адказвала пані. Толькі аднойчы я пачуў, як яна кінула з дакорам цыгарэтчыкам у тамбуры: «Панове! Панове!» Але гэта іх, як выглядала, не спыніла. Службоўцы, якія цяпер зь ёю размаўлялі, скептычна падсумавалі: праз тры месяцы гэты вагон давядзецца здаваць у рамонт. (Як вядома, каб схаваць цыгарэты, у сьценах і даху адкручваюцца розныя шчыткі. У ранейшых электрычках яны адкручваліся кантрабандыстамі тысячы разоў).

Памятаю, у абвестцы аб новым цягніку было зазначана: каб кантрабандысты не апанавалі новы цягнік, у ім будуць відэакамэры, а правадніцы будуць сачыць за парадкам. Відэакамэр я не заўважыў.

Напэўна, ня ўсе цыгарэты былі выяўленыя. Каб перашкодзіць кантрабандыстам іх выцягнуць, у тамбуры ад Кузьніцы да Беластоку дзяжурылі людзі з аховы чыгункі.

У калідоры цягніка ў дарозе з Кузьніцы ў Беласток, за шклянымі дзьвярыма ў тамбуры — два чалавекі з аховы польскай чыгункі
У калідоры цягніка ў дарозе з Кузьніцы ў Беласток, за шклянымі дзьвярыма ў тамбуры — два чалавекі з аховы польскай чыгункі

На беластоцкім вакзале высаджваюць пасажыраў і два вагоны цягнуць назад, каб вярнуць, але ўжо на першую каляю. Падаў дождж, выходзіць не хацелася. Але моладзь побач абмяркоўвала, што стаянка працягнецца (у Беластоку агулам чакаем каля гадзіны) яшчэ паўгадзіны. Што ж, пайду вазьму сабе гарбаты пагрэцца. Вяртаюся: нашых двух вагонаў няма… Праўда, гучнагаварыльнік абвяшчае, што іх прычэпяць да цягніка, які прыбудзе з Сувалак. Ён сапраўды пад’яжджае, але гарадзенскіх вагонаў нямашака. Можа якая памылка? Дождж не спыняецца.

Нарэшце падганяюць, чапляюць нашы вагоны. Можна сядаць. Дарэчы, калі вас будуць сустракаць у Варшаве, неабходна ведаць, што цягніка «Горадня — Кракаў» у раскладзе не існуе. На пэроне абвяшчаецца аб прыбыцьці цягніка «Ганьча» з Сувалак, які належыць «танным чыгуначным лініям». На гарадзенскіх вагонах, зрэшты, назва «Ганьча» таксама прысутнічае (глядзі на здымку). Як вядома, гэта назва вельмі глыбокага возера (108 мэтраў) каля Сувалак. Зь яго выцякае Чорная Ганьча, прыток Нёмна, якая цячэ і ў Гарадзенскім раёне.

Шыльда: цягнік «Ганьча» з назвамі гарадоў, празь якія ён ідзе
Шыльда: цягнік «Ганьча» з назвамі гарадоў, празь якія ён ідзе

Даехаць «Горадняй — Кракавам» да польскай сталіцы вельмі выгодна. Квіток ад Беластоку да Варшавы, напрыклад, каштуе трыццаць злотых. На іншых цягніках яшчэ тры гады таму цана падскочыла да пяцідзесяці. Ад Горадні будзе 34 рублі 30 капеек, у дужках указана — 15,7 эўра. Недзе столькі будзе каштаваць прамы аўтобус. Калі рабіць перасадку ў Беластоку ды набыць квіток загадзя праз інтэрнэт, то можна сэканоміць. Але калі ня часта езьдзіш, то новы цягнік — рэч вельмі зручная, у Варшаве апынаесься менш чым за шэсьць гадзінаў. Улічваючы яшчэ, што на мяжы стаянка традыцыйна працягваецца больш за гадзіну.

Паведамленьне аб цягніку на Сувалкі і Горадню на пэроне ў Варшаве
Паведамленьне аб цягніку на Сувалкі і Горадню на пэроне ў Варшаве

Праўда, калі едзеш назад, квіток крыху даражэйшы. І яшчэ такая заўвага: трэба на ўсякі выпадак улічыць, што на вакзале ў Кузьніцы няма білетнай касы, яе закрылі сёлета першага студзеня. Квіткі раюць набываць праз інтэрнэт. Ранейшай прывычкі гарадзенцаў купляць да Кузьніцы, а там — да Горадні трэба пазбаўляцца, каб ня трапіць у складаную сытуацыю. У вагоне набыць квіток з Кузьніцы да Горадні таксама ня ўдасца.

Як і калі вярталіся дахаты кантрабандысты — ня ведаю, якіх быў «навар» і ці быў — таксама. Але бадай можна быць упэўненымі, што яны паспрабуюць удачы наступным разам. «Работа» ў іх такая.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG