Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Керы заклікаў Расею выконваць дамову, падпісаную Рэйганам і Гарбачовым


Джон Керы

Джон Керы

Дзяржсакратар ЗША выпусьціў заявы з нагоды 30-годзьдзя саміту ў Рэйк’явіку паміж прэзыдэнтам Рэйганам і генэральным сакратаром Гарбачовым.

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы заклікаў Расею вярнуцца да поўнага захаваньня Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасьці (РСМД), заявіўшы, што Расея і ЗША павінны быць верныя духу ядзернага раззбраеньня, які прадэманстравалі лідэры дзьвюх краін у Рэйк’явіку.

«Як сказаў прэзыдэнт Абама, правілы павінны быць абавязковымі для выкананьня. Вось чаму мы заклікаем Расею вярнуцца да захаваньня дамовы аб РСМД, такім чынам замацаваўшы яе спадчыну, якая заключаецца ў ліквідацыі цэлай клясы зброі з нашых арсэналаў на карысьць Эўропы, Азіі і астатняга сьвету», — гаворыцца ў заяве Керы, прымеркаванай да 30-годзьдзя гістарычнага саміту паміж прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і яго савецкім калегам Міхаілам Гарбачовым, на якім быў дасягнуты прарыў на перамовах па ядзерным раззбраеньні.

Хоць на саміце 11-12 кастрычніка 1986 году ніякія афіцыйныя дамовы аб узбраеньнях не заключаліся, гэтай сустрэчы ў вярхах ставяць у заслугу стварэньне асноваў сучаснай сыстэмы кантролю над узбраеньнямі і раззбраеньне шляхам паскарэньня перамоваў пра дамовы аб РСМД і скарачэньня стратэгічных наступальных узбраеньняў (СНУ).

Дамова аб РСМД, падпісаная ў Вашынгтоне ў 1987 годзе, прадугледжвала ліквідацыю ўсіх ядзерных і звычайных ракет з радыюсам дзеяньня ў 500-1000 кілямэтраў і 1000-5000 кілямэтраў, а таксама іх пускавых установак. Аднак у лютым 2007 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў, што дамова аб РСМД больш не адпавядае расейскім інтарэсам.

Два гады таму ЗША афіцыйна абвінавацілі Расею ў парушэньнях дамовы, якія выявіліся ў стварэньні крылатай ракеты, якая запускаецца з ракетнай устаноўкі «Іскандэр», а таксама міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты малога радыюсу дзеяньня.

У сваёй заяве, апублікаванай увечары ў аўторак, Керы нагадаў, што, дзякуючы сьмеламу бачаньню прэзыдэнта Рэйгана і генэральнага сакратара Гарбачова, пагроза абмену ядзернымі ўдарамі значна зьнізілася.

«Гэтае бачаньне Рэйк’явіка жыве і дагэтуль, — адзначыў дзяржсакратар. — У сваім выступе ў Празе ў 2009 годзе прэзыдэнт Барак Абама зноў пацьвердзіў гатовасьць ЗША дамагацца міру і бясьпекі ў сьвеце бязь ядзернай зброі».

Керы сказаў, што ЗША рэалізуюць гэта бачаньне, выконваючы новую дамову СНУ, дамагаючыся ўступленьня ў сілу Дамовы аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў і працуючы над заключэньнем новых пагадненьняў, у прыватнасьці Дамовы аб забароне вытворчасьці матэрыялаў, якія расшчапляюцца.

«Спыненьне пашырэньня ядзернай зброі і фармаваньне сьвету, дзе яна больш ня будзе пагражаць нашаму існаваньню, будзе вымагаць цяжкой працы, партнэрства і цярплівасьці усіх народаў, — заявіў кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі. — Для гэтага таксама спатрэбіцца, каб усе краіны прытрымліваліся ўзятых на сябе абавязаньняў і выконвалі іх... Трыццаць гадоў таму ў Рэйк’явіку прэзыдэнт Рэйган і генэральны сакратар Гарбачоў маглі б аддацца на літасьць лёсу, але замест гэтага абралі сьмелы шлях — шлях, па якім сёньня мы павінны ісьці далей».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG