Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Брытаніі зьвінаваціў Расею ў зьверствах у Сырыі


Борыс Джонсан
Борыс Джонсан

Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан абвінаваціў Расею ў эскаляцыі сытуацыі вакол сырыйскага гораду Алепа. Пра гэта ён заявіў у Лёндане ў аўторак падчас слуханьняў у брытанскім парлямэнце.

Паводле Джонсана, Расея спрабуе апраўдаць сваё наступленьне ў Алепа прысутнасьцю тэрарыстаў з арганізацый «Аль-Нусра» ці «Фатэх аль-Шам», якія зьяўляюцца сырыйскім філіялам «Аль-Каіды». Джонсан заявіў, што не ставіць пад пытаньне прысутнасьць тэрарыстаў, але гэта ня можа апраўдаць напад на іншых 275 тысяч бязьвінных людзей, якія жывуць у гэтым горадзе. Яшчэ менш, на думку Джонсана, прысутнасьць «Аль-Нусра» можа апраўдаць аблогу гораду Алепа, бо гэтая аблога па самой сваёй прыродзе ёсьць тактыкай зьнішчэньня без разбору.

Джонсан падтрымаў меркаваньне спэцыяльнага пасланца ААН па Сырыі Стафана дэ Містуры, які сказаў, што «Расея не павінна выкарыстоўваць як алібі прысутнасьць „Аль-Нусры“ ў Алепа». Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі заклікаў узмацніць ціск на прэзыдэнта Сырыі Башара Асада праз санкцыі і ўзмацніць ціск на Расею з дапамогай санкцый.

Кажучы пра авіяўдар па калёне з гуманітарнай дапамогай, які адбыўся 19 верасьня блізу горада Алепа, Джонсан ўсклаў адказнасьць на Расею. Ён адзначыў, што транспартныя сродкі ААН былі выразна пазначаныя і канвой меў афіцыйны дазвол ад прэзыдэнта Сырыі Асада, каб даставіць неабходныя грузы. Джонсан нагадаў, што спадарожнікавыя фатаграфіі, даступныя ў інтэрнэце, не пакідаюць сумненьняў у тым, што калёна была абстраляная з паветра.

Джонсан заявіў, што «інцыдэнт адбыўся пасьля таго, як сьцямнела». Паводле інфармацыі самой жа Расеі, ваенныя самалёты сырыйскага рэжыму ня могуць самі наносіць удары ў цемры. І, паводле дадзеных Расіі, яе ўласныя лятальныя апараты знаходзіліся ў непасрэднай блізкасьці. «Усе наяўныя дадзеныя, такім чынам, паказваюць на расейскую адказнасьць за гэтыя зьверствы», — адзначыў Джонсан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG